Як я рабiла чыста, ярка i прыгожа

Источник материала:  

Выпрабавана на сабе

 
У Год роднай зямлi карэспандэнт "Звязды" паспрабавала сябе ў ролi зелянбудаўца

"Як у Мiнску чыста, зелена i прыгожа!" — захапляюцца ўсе без выключэння замежнiкi. Мы лянiва пагаджаемся — так i ёсць. Як быццам самi па сабе знiкаюць сланечнiкавае шалупiнне, абрыўкi паперы i пiўныя коркi з дарожак, аднаўляюцца i пакрываюцца свежай фарбай лаўкi ў парках, а нейкiя нябачныя дамавiкi вырошчваюць за ноч сорак ружовых кустоў. А мо i сапраўды мiнчане прымаюць за дамавiкоў — дакладней, "гарадавiкоў" — людзей у зялёнай форме, якая амаль злiваецца з дагледжанымi газонамi? Тады тым больш не перашкодзiць экскурсiя па другi бок гэтай дагледжанасцi, квяцiстасцi i чысцiнi — у буднi ВКУП "Мiнскзелянбуд".

Як я рабiла чыста, ярка i прыгожаЗ пункту гледжання зелянбудаўцаў, сталiца — гэта 24 паркi i лесапаркi, 159 сквераў i 26 бульвараў, ды яшчэ безлiч зялёных зонаў уздоўж вулiц, праспектаў i на прыдамавых тэрыторыях. I за ўсiм трэба сачыць, вачэй не зводзячы. Асаблiва калi раён работы — адзiн з самых вялiкiх у горадзе, як у Фрунзенскага падраздзялення "Зелянбуда".

— У нас вельмi многа пустэчаў, якiя iдуць у бок МКАД. Паступова гэтыя тэрыторыi будуць забудоўвацца i добраўпарадкавацца, а пакуль што мы iх абслугоўваем, — расказвае старшы майстар УП "Зелянбуд Фрунзенскага раёна" Галiна Леанiдаўна Красоўская. — Акрамя таго, у свой час гарвыканкам прымаў рашэнне, каб раённыя зелянбуды абслугоўвалi i прыдамавыя тэрыторыi . Не ўсе на гэта пайшлi, а вось мы пагадзiлiся, i цяпер маем дадатковы вялiкi кавалак працы: касьба, зграбанне травы i лiсця, зiмой — рассыпанне пяску. Работа ж круглы год iдзе, — тлумачыць, убачыўшы мае здзiўленыя вочы. — Зiмой чысцiм сцяжынкi ў парках, скверах, пешаходныя дарожкi каля дамоў. Усё гэта, заўважце, нашы жанчыны робяць уручную — амаль па тысячы метраў на чалавека "набягае". Усю зiму аўтадарожнiкi сыплюць пясок з соллю, а як наступае вясна, наша задача — вычысцiць ад гэтай сумесi ўсе прылеглыя да дарогi тэрыторыi. Пасля гэтых рэагентаў часта выпадае трава уздоўж дарог — мы наноў усё засяваем... У маi, як толькi мiне пагроза моцных замаразкаў, пачынаецца ўжо i работа, якую, бадай, найбольш заўважаюць гараджане — пасадкi кветак, кустоў i г.д. Ёсць асноўныя кветнiкi, якiя робiм пастаянна, штогод, а ёсць новыя кампазiцыi, якiя прыдумляем кожны год розныя.

 
— I хто прыдумляе гэтыя новыя ўзоры?

— У нас многа людзей творчых. Наш намеснiк дырэктара, напрыклад, якi раней працаваў майстрам, прыдумаў да 9 Мая кампазiцыю "медаль", якi красуе каля кiнатэатра "Аўрора". "Хакеiстаў" каля Лядовага палаца прапанаваў наш дырэктар Леанiд Борыс, чарцёж праекта зрабiлi спецыялiсты з "Мiнскзелянбуда", афармляла я. Ёсць цiкавая кампазiцыя ў Сухарава — "буслы ў небе". Спалучэнне кветак прадумваецца загадзя, яшчэ ў стадыi папяровага праекта, але бывае, прыязджаеш у саўгас — патрэбнай расады няма, тады iдзе замена асартыменту, майстар падбiрае на свой густ. Пасадка кветнiку таксама iдзе абавязкова пад кiраўнiцтвам майстра. У асноўным майстры ў нас працуюць спрактыкаваныя, якiя па дзесяць i больш гадоў займаюцца азеляненнем, сабаку з'елi на гэтым...

Самы маштабны ў раёне — кветнiк ля "Макдональдса" на плошчы Прытыцкага, якi запатрабаваў каля 10 тысяч кветак i тры днi бесперапыннай працы, але затое i радаваць мiнчан будзе да канца верасня — пачатку кастрычнiка. Зрэшты, гэта калi ўдасца застацца цэлым.

Крадуць усё

Адны саджаюць, другiя рвуць, рэжуць цi выкопваюць. I выкрыць тых, то крадзе, амаль немагчыма — не тое што пакараць. Як змагацца? Пытанне рытарычнае. Напiсаць лiст у мiлiцыю i спадзявацца, што пашанцуе. Пару разоў было: дзяжурны мiлiцыянер у Мiнскiм райвыканкаме двойчы лiтаральна за руку схапiў ахвотнiка зрываць ружы. Але... крымiнальную справу на такога ахвотнiка завесцi можна, калi шкода зелянбуду нанесеная ў памеры больш як 1,5 мiльёна рублёў. Калi менш — у завядзеннi справы адмаўляюць. У лепшым выпадку аштрафуюць, у горшым — толькi напалохаюць. А калi самi работнiкi зловяць, то могуць зладзiць "папраўчыя работы". Дый тое не выйсце. "Аднойчы злавiла наша брыгада на выкопваннi расады жанчыну. Прымусiлi пасадзiць кветкi назад. А тая смяецца: "Што вы мне зробiце? Ноччу прыйду, сарву што захачу".

— Больш за ўсё крадуць, напэўна, петунiю, — прыгадвае Галiна Леанiдаўна. — Яе мы часта высаджваем у вазах уздоўж вулiц: яшчэ сёння ваза поўная, а назаўтра, глядзiш — напалову "лысая". Ды ўвогуле, шчыра кажучы, крадуць усё! Незалежна ад крызiсу.

Старажылы з брыгады, якая добраўпарадкоўвае парк iмя 60-годдзя Кастрычнiка, прыгадваюць: калi парк быў яшчэ зусiм малады, высадзiлi тут ядловец. А ён не рос, i ўсё тут. I не таму, што няправiльна даглядалi — панадзiўся хтосьцi з народных умельцаў зразаць яго на пахавальныя вянкi — цi то для сябе, цi, што больш верагодна, на продаж... Незайздросны лёс выпаў i маладзенькiм елачкам, у якiх блiжэй да Новага года эпiдэмiя пад назвай "чалавек знаходлiвы" пакасiла ўсе верхавiны. Цяпер у многiх ужо вялiкiх елак верхавiн гэтых па дзве — каб не псаваць вонкавы выгляд дрэва, азеляняльнiкi рабiлi "штучны верх" — падымалi дзве галiнкi дагары i прывязвалi да жэрдак. Але затое цяпер у елак новая напасць. Прыбiральняў у наваколлi няма, бiятуалеты ставяць толькi на масавыя гуляннi, а народ жа збiраецца ў парку кожны вечар. У кусцiках не схаваешся — iх паспелi ўжо абстрыгчы i пачысцiць; вось i бегаюць наведнiкi ў елкi. А самiм елкам збегчы няма куды, i яны ад такога абыходжання хварэюць, давядзецца некаторыя ссячы.

Сплюшчаныя ў металiчныя аладкi сметнiцы, падпаленыя бакi, перацягнутыя ў iншае месца лаўкi — з усiмi гэтымi праявамi дурной энергii зелянбудаўцы сутыкаюцца штодня. Але часцей нават не са шкоднiцтвам, а з нядбайным стаўленнем. Выгульваюць гаспадары сабак сваiх гадаванцаў не на пустках, а ў невялiкiх скверах ля дома — i вось вам iлюстрацыя жыццёвай мудрасцi "вясна пакажа, хто дзе гадзiў". Пажадаюць мясцовыя жыхары скарацiць шлях да прыпынку — i праз кветнiк пралягае незарослая народная сцяжынка. А потым iншыя жыхары скардзяцца — на сабак, на гаспадароў, на шум касiлак, на недахват зэдляў i на агульную забруджанасць любiмага месца прагулак.

Пачынаецца ж усё з малога. Вось гарэза 3—4 гадоў з сачком прабягае па клумбе. Азеляняльнiкi робяць заўвагу: "Зайчык, тут нельга бегаць, бачыш — кветкi пасаджаныя". А адказныя за малога дарослыя абыякава адказваюць: "Ён выпадкова". Альбо захопленыя размовай мамачкi ўвогуле адмахваюцца з аргументам "этожеребёнок!" Цiкава, цi многiм чужым дзецям вы дазволiце таптаць уласнаручна ўскапаныя грады i альпiйскiя горкi? А не сваё — значыць, не шкада?

Капаць
адсюль i да абеду

Зелянбуд — арганiзацыя з "жаночым тварам". Не, мужчын таксама хапае, але яны ў асноўным занятыя на касьбе, на будаўнiчых работах, на барацьбе з баршчэўнiкам, пасадках дрэваў, кустоў i г.д. А на працах па доглядзе гарадской зелянiны, ад высаджвання i праполкi кветак да зграбання лiстоты i чысткi дарожак — у асноўным жанчыны. На лета, праўда, прыходзiць часовая дапамога: гарадскi Цэнтр занятасцi прысылае школьнiкаў, якiя хочуць падзарабiць, касьбу ўдарна асвойваюць студэнты. Але сярод пастаянных работнiкаў цякучкi практычна няма. "Прыраслi каранямi, — жартуюць тыя, хто аддаў прадпрыемству па 20 i больш гадоў. — Дый работа прывычная, можна сказаць, тая ж дача".

— Няўжо i на дачу жаданне i сiлы застаюцца? — перапытваю майстроў.

— Ведаеце, i самi дзiвiмся — на ўсё сiлаў хапае, i ўсё ў рост iдзе. Напэўна, тут прыжываюцца толькi людзi, якiя сапраўды любяць зямлю i ў якiх лёгкая рука...

Як я рабiла чыста, ярка i прыгожа
 
Праверыць на справе, цi лёгкая ў мяне рука, не ўдалося — усе кветнiкi даўно высаджаныя, цяпер iх толькi праполваюць i палiваюць па неабходнасцi. Але далучыцца на дзень да адной з дзевяцi брыгадаў нiхто не забараняў.

"Нiчога асаблiвага не трэба, галоўнае — апранiцеся зручна: напрыклад, красоўкi, спартыўныя штаны i майка цi куртка, у залежнасцi ад надвор'я. Калi баiцеся за рукi — гаспадарчыя пальчаткi", — праiнструктаваў майстар Iгар Мiхайлавiч Галубятнiкаў. Назаўтра а восьмай ранiцы, адчуваючы сябе няўмелай дачнiцай, стаю ля канторы.

Аказваецца, "мая" брыгада ўжо гадзiну як працуе ў парку iмя 60-годдзя Кастрычнiка. "Нiчога вы не прапусцiлi, — супакойвае брыгадзiр Маргарыта Мiхайлаўна Яноўская. — Мы цяпер рыхтуем парк да Дня горада, i працы на ўсiх з верхам хапае". Ранiца пачынаецца з абходу — дзве жанчыны збiраюць у мяхi раскiданыя бутэлькi i буйное смецце, за iмi наступныя падмятаюць вакол лавак i на заасфальтаваных дарожках. У кожнага свой участак: адны праполваюць кветнiкi, другiя падстрыгаюць кусты, робячы з дзiкага зараснiку цывiлiзаваныя формы, трэцiя расчышчаюць ад усюдыiснай травы пляцоўку вакол маленькай эстрады. Насуперак распаўсюджанаму меркаванню, што на такiх работах "адзiн робiць, а дзесяць раду даюць", нiхто нiкому не замiнае i не адвiльвае пад выглядам перакуру.

— Бо сюды не iдуць нi алкаголiкi, нi лайдакi нейкiя, хто лёгкага хлеба шукае, — тлумачыць брыгадзiр. — Iдуць тыя, хто любiць i ўмее працаваць. Многа людзей, хто раней быў заняты на прадпрыемствах. Я сама некалi з завода "Прамень" сюды прыйшла, вось Маша з "Гарызонта" — памятаеце, пасля перабудовы, калi работы амаль не стала, адны заводы вымушаныя былi скарачацца, на другiх людзi сядзелi без зарплаты... А ў мяне муж якраз на "Зелянбудзе" працаваў, ну i я пайшла — думала, часова, ды прыжылася. Цяпер, напэўна, назад i не вярнулася б.

Мяне брыгадзiр адкамандзiравала да хлопцаў, якiя зграбалi ў акуратныя купкi скошаную траву — потым яе вывезе спецтэхнiка. Юнакi да няпрошанай дапамогi паставiлiся стрымана, але цалкам прыязна: з граблямi ж прыйшла, не з дыктафонам. Старшы ў групе паставiў задачу: iдзём ад дарогi наверх, да трансфарматарнай будкi. Уключаючыся ва ўдарную працу, спрабую высветлiць, як пачуваюцца маладыя людзi на непрэстыжнай i далёка не самай высокааплатнай рабоце. "У нас адзiн ходзiць толькi па панядзелках, вось яго, бачна, гэта турбуе — каб хто са знаёмых не заўважыў, — усмiхаецца на мае роспыты Вiця. Яго самога, якi скончыў каледж па спецыяльнасцi правазнаўства, прэстыжнасць летняй падпрацоўкi не хвалюе: сюды прыйшоў з цэнтра занятасцi, плануе за лета зарабiць на курсы па англiйскай мове, каб павысiць свае шанцы ўладкавацца па спецыяльнасцi. — Да таго ж графiк зручны: а чацвёртай гадзiне мы ўжо вольныя. Я адказаў на ваша пытанне?".

Захапiўшыся, мы не заўважаем, як надыходзiць час абеду. Хтосьцi з часовых работнiкаў адпрошваецца раней, астатнiя збiраюць iнвентар i рушаць на перапынак у бытоўку, якая ад парку амаль за квартал. Бытоўка хоць i маленькая, пераробленая з былога ЖЭСаўскага памяшкання, але ўсё неабходнае тут ёсць — гардэроб, сталы, крэслы, два электрачайнiкi, рукамыйнiк, прыбiральня i нават душ. Адзiнае, што старыя батарэi не працуюць, таму ўзiмку даводзiцца мокрыя рэчы кiдаць на сушылку, а самiм грэцца за кошт уласнай колькасцi... Але зелянбудаўцы не скардзяцца — а тыя, хто прывык скардзiцца, на такой рабоце, вiдаць, не прыжываюцца.

Хтосьцi з жанчын, паабедаўшы, утыкаецца ў красворд, хтосьцi частуе сябровак асвечанымi на Спас яблыкамi, хтосьцi ўслых чытае з газеты рэцэпты i абмяркоўвае свецкiя навiны, кшталту "Меладзэ ўсё ж разводзiцца". "Рабочы клас", — смяецца брыгадзiр, падтрымлiваючы агульны настрой. Зрэшты, усякае бывае — як у кожным пераважна жаночым калектыве, здараюцца канфлiкты характараў, спрэчкi... "Я заўсёды iм кажу — вам няма чаго дзялiць, супакойцеся. Адну ж справу робiм, — рэзюмуе Маргарыта Мiхайлаўна. — I мы ўсе, можна сказаць, патрыёты сваёй працы. Так прыемна, калi людзi таксама бачаць яе вынiкi i падыходзяць ухвалiць, падзякаваць. Каб толькi нам яшчэ зарплату не ўразалi...".

Спрабую "прымераць на сябе" тутэйшую зарплату. За лiпень, кажуць жанчыны, выйшла каля 700 тысяч — але гэта з улiкам стажу i працы ў святочныя днi. У мяне нi таго, нi другога няма. Падзялiўшы сярэднi дзённы заробак на колькасць адпрацаваных гадзiн, з сумам канстатую: зарабiла я ў лепшым выпадку на абед. Праўда, i стамiцца за гэты час не паспела. Затое пасля працы на свежым паветры спала як пшанiцу прадаўшы — хоць да гэтага амаль тыдзень мучылася з бяссоннiцай.

Чыста — дзе не смецяць, зелена — дзе не рвуць...

Калi параўноўваць з Масквой i Кiевам, сцвярджаюць сталiчныя азеляняльнiкi, Мiнск выйграе. У Кiеве ўся прыгажосць сканцэнтраваная ў цэнтры, на спецыяльнай пышнай выставе, якая доўжыцца ўсяго пару тыдняў. У расiйскай сталiцы адмысловых вулiчных кветнiкаў таксама няма. "У Маскву, напрыклад, да нейкай памятнай даты запрашалiся на ВДНГ гарады-героi, якiя дэманстравалi кожны сваю кампазiцыю. Мы зрабiлi з тамтэйшай расады кветнiк "голуб мiру", — прыгадвае Галiна Красоўская. — А ўвогуле ў мяне засталося ўражанне, што з усiх трох гарадоў Мiнск — самы зялёны. Хоць апошнiм часам гэта можна сказаць i пра ўсю Беларусь — райцэнтры таксама ўжо робяць не па-вясковаму, як раней, а выхоўваюць пэўны густ. Гэта вельмi прыемна бачыць".

Што адметна — прыемна ўсiм, каго я нi распытвала, ад маладых матуль да пенсiянераў, ад падлеткаў да заводскiх рабочых. Усiм падабаецца ў вольны час цi ў свята пасядзець на лаўцы ў паркавай цiшынi, палюбавацца кветкамi, падыхаць свежым (з папраўкай на гарадскiя ўмовы) паветрам. Кожны паасобку ўхваляе чысцiню i дагледжанасць. То чаму ж кожную ранiцу азеляняльнiкi ператвараюцца ў дворнiкаў, збiраючы бутэлькi i коркi, чаму пасля масавых святаў трэба вывозiць з парку па дзве машыны смецця, а цяжкiя каменныя зэдлi раз-пораз даводзiцца трактарам даставаць з сажалак? Хто ўсё гэта пакiдае — дзiкiя пячорныя людзi? Зусiм не, звычайныя мiнчане i госцi сталiцы.

Бо масавае стаўленне такое — "няхай прыбiраюць тыя, каму за гэта грошы плацяць". У лепшым выпадку на тваю заўвагу людзi агрызнуцца, а хто на падпiтку — той i па матухне пашле. А добра было б, думаю, рэгулярна наладжваць для такiх фiлосафаў працатэрапiю. Паскача некалькi гадзiн па адхонах, збiраючы раскiданыя паперкi — i ў наступны раз данясе абгортку ад марожанага да сметнiцы, ды яшчэ па руках дасць таму, хто не данёс. Пасадзiць i праполе клумбу — i нiкому не дасць "выпадкова" прабегчыся тут, зразаючы шлях. А галоўнае, мо ўсвядомiць, нарэшце, банальную iсцiну: што чыста не там, дзе прыбiраюць, а там, дзе не смецяць?

 

 

←В Гродно пройдут международные учения пожарных

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика