Вітай, Марыя, поўная ласкi!..
У Браславе адбылася каранацыя абраза Мацi Божай Валадаркi Азёраў
Каля 10 тыс. вернiкаў сабралася ў суботу на пляц перад кафедральным касцёлам у Браславе на ўрачыстую падзею — каранацыю абраза Мацi Божай Браслаўскай. На працягу амаль трох гадзiн пiлiгрымы розных канфесiй з Беларусi, Расii, Украiны, Польшчы, ЗША, Германii, Латвii, Лiтвы, Iталii, Канады былi сведкамi гэтай гiстарычнай падзеi.
Урачыстае богаслужэнне праходзiла каля касцёла на спецыяльна пабудаваным алтары,
якi меў форму карабля, даўжынёй 32 метры. Карабель, на якiм ўзвышаўся
22-метровы крыж, быў пабудаваны ўсяго за 40 дзён i па задумцы яго будаўнiкоў
з'яўляецца запрашэннем да падарожжа шляхамi Мацi Божай Азёрнай.
Ускладанне каронаў здзейснiў архiепiскап Кёльнскi Ёахiм Майснер, якi ўзначальваў богаслужэнне.
— Я адчуваю сябе тут як дома, хоць у Беларусi i ўпершыню, — кажа архiепiскап Майснер. — Гэта не першы раз, калi мне даручаецца такая ганаровая мiсiя каранацыi. Першы раз я каранаваў фiгуру ў Польшчы. Увогуле, каранацыя — гэта вельмi важны знак. Бог карануе Марыю як чалавека, якi з'яўляецца для нас блiзкай асобай i якая можа нам дапамагчы. I калi мы карануем Марыю, кожны з нас таксама атрымоўвае частку праменяў яе кароны.
Ва ўрачыстасцi прынялi ўдзел больш за 200 святароў. Спецыяльна з нагоды каранацыi ў Браслаў прыбыў таксама 31 епiскап. Прысутнiчалi таксама Апостальскi нунцый у Беларусi арцыбiскуп Марцiн Вiдавiч, а таксама два кардыналы: Апостальскi адмiнiстратар Пiнскай епархii Казiмiр Свёнтэк i iерарх Рымска-каталiцкай Царквы ў Латвii кардынал Янiс. У складзе гасцей былi прадстаўнiкi мясцовай улады, а таксама ўпаўнаважаны па справах рэлiгii ў Беларусi Леанiд Гуляка.
— Маю гонар ад iмя Урада нашай краiны сардэчна вiтаць усiх на свяце не толькi каталiцкай Царквы, але i ўсёй краiны, — звярнуўся да прысутных спадар Гуляка. — Свята Мацi Божай з'яўляецца напамiнам аб неацэннай ролi Мацi ў жыццi ўсяго чалавецтва i кожнага з нас паасобку. Вобраз Мацi — гэта i каханне, i прыгажосць, i мiласэрнасць, i самае галоўнае — сям'я.
Каранацыя абраза праходзiла пад урачыстыя спевы зборнага хору Вiцебскай епархii, якi налiчваў 120 чалавек. Богаслужэнне адбывалася ў суправаджэннi аркестра з 20 музыкантаў.
"О, Марыя, наша Валадарка, дай ласку святасцi для нашых Мацi. А для нашых бацькоў — ласку трывання ў веры, — словы з Акта прысвячэння Марыi, зачытаныя настаяцелям касцёла айцом Лешакам Вiтвiцкiм пасля абраду каранацыi, шмат каго па-сапраўднаму расчулiлi, многiя плакалi ад шчасця. — Дай нам святых пастыраў, атуляй апекай тых, хто iмкнецца iсцi за Божым заклiкам..."
— Братэрскае паяднанне ў любовi — вось тое заданне, якое, на маю думку, пакiнула нам Марыя, — дзелiцца ўражаннямi ад урачыстасцi манахiня-францiшканка з Глыбокага сястра Габрыэля. — Незалежна ад таго, кiм ёсць кожны з нас: католiкам, праваслаўным, грэка-католiкам цi кiмсьцi яшчэ. Мацi Божая аб'ядноўвае i прынамсi мне падалося, што гэтае спатканне адбылося пад знакам любовi. Кожны адчуваў сябе, як брат i сястра.
Традыцыя каранавання абразоў паходзiць з XVІI стагоддзя. Карона (ад лац. corona — вянец, вянок) з даўнiх часоў з'яўлялася сiмвалам улады, знакам павагi i моцы. Лiчылася, што такiм чынам ушаноўваецца гонар Мацi Божай. Першая ўрачыстая каранацыя абраза Мацi Божай адбылася 27 жнiўня 1631 г., падчас пантыфiкату Урбана VIII, у харальнай каплiцы ў базылiцы святога Пятра.
I сёння, згодна з вучэннем Каталiцкай Царквы, кожны абраз можа каранавацца толькi адзiн раз, але для гэтага павiнны быць падставы: абраз павiнен не толькi здаўна ўшаноўвацца, але i лiчыцца цудадзейным. Гэтыя ўмовы павiнен пацвердзiць мясцовы епiскап, якi падае прашэнне аб каранацыi.
Падчас iснавання Рэчы Паспалiтай у яе межах было каранавана 27 абразоў, з якiх 5 — у ВКЛ i 6 — у Польшчы. На тэрыторыi сучаснай Беларусi было каранавана два абразы: Мацi Божай Жыровiцкай (1730) i Мацi Божай Бялынiцкай (1761).
У суверэннай Беларусi абрад каранацыi марыйных абразоў быў распачаты толькi ў
1996 г. Тады папскiя кароны былi ўскладзены на абраз Мацi Божай Берасцейскай.
Праз год — на абраз Мацi Божай Лагiшынскай (1997 г.). У 1998 г. каранавалi абраз
Мацi Божай Буд-
слаўскай (1998 г.), у 2005 г. — абраз Мацi Божай Кангрэгацкай у Гродне, у 2007-м
— абраз Мацi Божай Гудагайскай. У пачатку лiпеня гэтага года быў каранаваны абраз
Мацi Божай Тракельскай.
Паводле гiстарычных звестак, абраз Мацi Божай Валадаркi Азёраў калiсьцi знаходзiўся ў грэка-каталiцкiм манастыры, якi ў 1832 годзе згарэў ад удару маланкi. Iкона ж цудам захавалася i з таго часу знаходзiцца ў браслаўскiм касцёле. Апошнiя два месяцы абраз знаходзiўся на рэстаўрацыi ў Мiнску. Кароны на абраз былi зроблены ў Кракаве паводле праекта мастака кс. Антонiя Паланяка. 18 лютага 2009 г. на плошчы Святога Пятра iх асвяцiў Папа Бенедыкт XVI.
Абраз Мацi Божай Браслаўскай стаў сёмым па лiку каранаваным абразам у Беларусi, а таксама першым каранаваным у Вiцебскай вобласцi. Увогуле, сёлетнi год вельмi знакавы для Вiцебшчыны: самая маладая ў Каталiцкай Царкве Вiцебская епархiя ў кастрычнiку адзначыць 10 гадоў з моманту заснавання. Адметна i тое, што яе першы епiскап — ксёндз Уладзiслаў Блiн — у гэтым годзе таксама адзначае 10-ю гадавiну пасвячэння епiскапскай сакры...
— Марыя нездарма ўпрыгожана каронай, якую атрымала ад свайго сына, — сказаў на заканчэнне архiепiскап Кёльнскi Ёахiм Майснер. — Тое, што яна была ўзята на неба з усёю сваёю чалавечаю iстотаю, для нас становiцца выклiкам, якi адначасова з'яўляецца надзеяй. Бог хоча асвяцiць нас — усё нашае чалавечае iснаванне, i прыняць на неба. Праз гэта Бог надае нашаму жыццю сапраўдны сэнс...
Падчас набажэнства, калi ў ясным небе зусiм не было аблокаў, каля сонца раптам з'явiлася вясёлка.
— Яна як бы плыла, — расказвае Рэгiна Корань з Мiнска. — Людзi спрабавалi яе сфатаграфаваць, але не атрымоўвалася: камеры не бралi. А яна ўсё плыла i плыла. А потым знiкла. Гэта сапраўдны цуд!..
— Маё сэрца, мая душа перапоўненыя светам i цяплом, — прызнаецца Алiмпiяда Альбiнаўна Крупень, якая прыехала ў Браслаў з Полацка. — Самае цяжкае ў жыццi вернiка чалавека — гэта ўмацаванне яго веры. Сённяшняя каранацыя i гэта вясёлка ў небе — сапраўды дапамагаюць зрабiць веру мацнейшай. Гэта ў некаторай ступенi аб'яднанне ўсiх хрысцiянаў у Беларусi. I я веру, што сённяшняя падзея стане мастом памiж хрысцiянскiмi цэрквамi ў Беларусi.
Iлья Лапато.
г. Браслаў.