У беларускага баксёра скралi пояс чэмпiёна свету?

Источник материала:  

У апошнiх "чэмпiёнскiх" раўндах тытульнага двубоя наш Сяргей Гулякевiч збiў Умбэрта Гуцьераса, але суддзi аддалi перамогу гаспадару рынга — мексiканцу. "Звязда" высвятляла, як такое магло здарыцца?

Доўгачаканы матч за чэмпiёнскi пояс WBС у малодшай лёгкай вазе, якi адбыўся ў мексiканскiм Лас-Кабасе, цяжка засмуцiў беларускiх аматараў бокса. Паводзiны рэферы i рашэнне бакавых суддзяў абурылi беларускую каманду.

Наша тэлебачанне не транслявала гэты знакавы двубой, таму ў некалькiх словах распавяду пра тое, як развiвалiся падзеi.

У беларускага баксёра скралi пояс чэмпiёна свету?У першых раўндах накаўцёр Гуцьерас пачаў жорстка прэсiнгаваць. Першыя раўнды былi за мексiканцам. Гулякевiчу дасталося, але беларус пратрымаўся.

І ўжо ў сярэдзiне матча вопытны i вышкалены Гулякевiч здолеў выраўняць сiтуацыю i паступова перахапiць iнiцыятыву. Гуцьерас ужо не мог падабрацца да беларуса. Сяргей пачаў "расстрэльваць" мексiканца з дыстанцыi, ужо Гуцьерас, здавалася, вось-вось страцiць прытомнасць. Калi справа падышла да галоўных "чэмпiёнскiх" раўндаў, перавага Гулякевiча стала вiдавочнай. I ў гэтай сiтуацыi суддзi, на думку каманды Гулякевiча, дапамаглi гаспадару рынга.

— З Сяргея знялi два ачкi. Першае — за тое, што ён быццам бы наўмысна рассек Гуцьераса галавой, другое — за тое, што выплюнуў капу, — перадае тэлефонную размову з менеджарам Гулякевiча бацька нашага баксёра Мiхаiл Мiхайлавiч. — Сын — вельмi карэктны спартсмен, ён не мог наўмысна пайсцi на такiя парушэннi. Калi б не знятыя ачкi, перамогу мусiлi б аддаць яму, бо чэмпiёнскiя раўнды былi за Сяргеем.
 

— Сярога малайчына, але мексiканцы нi за што не аддалi б яму перамогу, — дадае баксёр Юрась Раманаў, сябар Сяргея Гулякевiча. — Быў адзiны шанец — накаўтаваць мексiканца. Калi змагаешся за мяжой, то разлiчваць на справядлiвасць не даводзiцца.

Па словах бацькi баксёра Мiхаiла Мiхайлавiча, Сяргею таксама дасталося. Баксёры ўчынiлi сапраўдную сечу.

Несправядлiвае рашэнне суддзяў бацька патлумачыў карумпаванасцю ў свеце прафесiйнага бокса i безабароннасцю беларускiх спартсменаў перад акуламi сусветнага прамоўтарскага бiзнэсу.

— Мексiка — адна з наймацнейшых баксёрскiх краiн, перад гэтым двубоем там была праведзена фантастычная рэкламная кампанiя, — разважае Мiхаiл Мiхайлавiч. — Мексiканцам давялося зганьбiцца, давялося схлусiць на вачах у экспертаў сусветнага бокса, аддаўшы перамогу Гуцьерасу. І тое, што непераможаны чэмпiён Еўропы з Беларусi Гулякевiч патрапiў у Мексiку, патрапаў iм нервы — гэта ўжо вялiкае дасягненне.

На развiтанне Мiхаiл Мiхайлавiч выказаў думку, што гэта несправядлiвая параза насамрэч прынясе непараўнальную карысць беларускаму боксу i Сяргею Гулякевiчу.

— Сяргей дайшоў да тытульнага паядынку без прамоўтара, гэта неверагодная рэдкасць для сусветнага бокса, — падкрэслiвае бацька баксёра. — Сяргей Гулякевiч — гэта Ламаносаў беларускага бокса. I ён здолеў пра сябе заявiць на ўвесь свет. Паехаць сёння ў Мексiку — гэта тое ж самае, што пайсцi на сустрэчу з Чынгiсханам падчас мангола-татарскага iга. Але Сяргей не пабаяўся, баксёрскi свет апладзiраваў яму. Перакананы, што чарговы тытульны двубой з удзелам Сяргея адбудзецца ў хуткiм часе. Мы зробiм высновы з гэтага паядынку, трошкi адпачнём — i наперад.

Падобныя сiтуацыi ў кар'еры Гулякевiча ўжо здаралiся. Некалькi гадоў таму, калi беларус пачынаў прафесiйную кар'еру, яму зладзiлi паядынак з зоркай сусветнага бокса брытанцам Алексам Артурам. Невядомы беларус паказаў зубы i "пахiснуў" Артура. Брытанцу давялося ўжыць забаронены прыём — ён кiнуўся наперад iлбом i рассёк галаву Гулякевiча, матч спынiлi. Праз некалькi месяцаў Алекс Артур стаў чэмпiёнам свету сярод прафесiяналаў i прызнаўся, што Гулякевiч — самы цяжкi супернiк у яго жыццi.

Па iнфармацыi "Звязды", пасля паядынку з Гуцьерасам на Гулякевiча звярнулi ўвагу некалькi сусветнавядомых прамоўтараў. Калi нашага баксёра будзе нехта з iх апякаць, Сяргей наўрад цi патрапiць у такую ж недарэчную сiтуацыю, як гэта здарылася ў Мексiцы.

А беларускiм спартовым заўзятарам застаецца з разуменнем паставiцца да недарэчнага судзейскага рашэння ў Мексiцы i падтрымаць Сяргея Гулякевiча ў няпросты час.

Баксёр i яго трэнер Пятро Букштановiч вяртаюцца ў Мiнск 26 жнiўня.

Яўген Валошын.

 

 

←В Гродно пройдут международные учения пожарных

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика