Выкраданне нявесты

Источник материала:  

Той варыянт вяселля, якi быў найбольш распаўсюджаны ў асяродку беларускага народа ў другой палове мiнулага стагоддзя i якi цалкам захаваў звычаi, абрады i традыцыi сiвой даўнiны, складваўся на працягу шматлiкiх гiсторыка-культурных эпох, а канчаткова сфармiраваўся не пазней за ХVІII — XIX стст. Больш раннiя формы шлюбных зносiнаў, якiя яму папярэднiчалi, панеслi значныя сэнсавыя i зместавыя змены i з цягам часу сталi гульнявымi па форме i змесце элементамi шматдзённай вясельнай урачыстасцi (напрыклад, выкуп нявесты дружынай маладога).

 Як сведчаць старажытнарускiя i сярэднявечныя лiтаратурныя крынiцы, у мiнулым сярод славянскiх народаў iснавалi розныя формы заключэння шлюбных адносiнаў. Найбольш ранняй з iх, вiдавочна, з'яўляецца "выкраданне нявест".

 Часцей за ўсё гэта адбывалася так: у час святкавання Купалля (у ноч з 23 на 24 чэрвеня, у дзень летняга сонцастаяння) дзяўчаты перадшлюбнага ўзросту варажылi аб сваiм будучым лёсе (хуткiм шлюбе) каля вады (на беразе возера цi ракi). Яны плялi вянкi з лекавых раслiн, якiя валодалi "прываротнымi" якасцямi, i пускалi iх на ваду. Маладыя людзi, якiя жадалi стварыць сям'ю, ведалi традыцыйныя месцы дзявочай варажбы i цярплiва чакалi будучых спадарожнiц жыцця. Калi дзяўчаты распраналiся i iшлi купацца ў раку, жанiхi, якiя хавалiся недалёка, мелi магчымасць не толькi прыгледзецца да прыгажосцi будучай "палавiнкi", але i пазбавiць яе дзявоцкасцi, пасля чаго шлюб лiчыўся абавязковым.

 Ян Ласiцкi ў сваёй працы "Шлюбныя звычаi Беларусi ў XVI стагоддзi" сведчыць аб тым, што выкраданне нявест сярод беларусаў iснавала нават у познiм сярэднявеччы, але ў крыху iншым варыянце: "Шлюб бяруць так. Юнак, якому спадабалася якая-небудзь дзяўчына, пасылае трох-чатырох сваякоў да яе бацькоў, якiх яны пераконваюць аддаць дачку. Бацькi ж, каб яшчэ больш падахвоцiць жанiха, гавораць, што нiчога з гэтага не атрымаецца, выдумляюць сватам якую-небудзь сур'ёзную прычыну. Жанiх, пацярпеўшы такую няўдачу, робiць цяпер так. Ён вырашае завалодаць дзяўчынаю сiлай i падбiрае для гэтага зручны момант. I вось, калi дзяўчына выходзiць выпадкова з бацькоўскага дома, памагатыя жанiха, якiя хавалiся ў засадзе, ловяць яе, чаго яна нiяк не чакае i таму не засцерагаецца, i перадаюць, як паляўнiчыя здабычу, жанiху. Пасля таго, як ён пазбавiць яе дзявоцкасцi, ужо другiя пасланцы жанiха дастаўляюць яе да бацькоў. Пасланцы часткова прызнаюць вiну, але адначасова апраўдваюць учынак жанiха моцным каханнем. Калi бацькi даюць нарэшце згоду, прызначаецца дзень вяселля. Але жанiху з нявестай нельга жыць разам, пакуль не адбылася публiчная ўрачыстасць".

 Цiкава тое, што па сёння на вяселлях мы працягваем "выкрадаць" нявесту, патрабуючы выкуп ад гасцей з боку жанiха. Сучаснае так званае "выкраданне" ўжо канчаткова згубiла свой сэнс i прыняло забаўляльны характар. Але хочацца нагадаць, што вяселле — гэта пачатак сямейнага жыцця, таму лепш не рабiць таго, што не спрыяе аб'яднанню пары. Наадварот — выкраданне нявесты непасрэдна на самiм вяселлi можа справакаваць хуткi разлад памiж маладымi.

Аксана Катовiч, Янка Крук.

 

 

←Генно-модифицированная береза, возможно, выведет радионуклиды из почвы

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика