ВАДЗІЦЕЛЬСКІ ХЛЕБ

Источник материала:  

— Пад'ём а палове чацвёртай. "Дзяжурка" прывозiць у парк, праходзiце медагляд, бераце дарожную дакументацыю, правяраеце аўтобус, выязджаеце на лiнiю... У канцы змены — iзноў праверка аўтобуса, яго запраўка, затым едзеце на мыйку...

Прыблiзна так абмаляваў працоўны дзень звычайнага вадзiцеля намеснiк генеральнага дырэктара ТКУП "Мiнсктранс" Уладзiмiр Канопчанка. — Вы не думайце, што праца вадзiцеля — гэта проста. Гэта — пастаянныя фiзiчныя i псiхалагiчныя нагрузкi. Яна патрабуе ад вадзiцеля цягавiтасцi i здароўя...

Пра асаблiвасцi i спецыфiку працы вадзiцеляў гарадскiх аўтобусаў я выпытваў не выпадкова. Кожны дзень слухаю, як бабулькi ў аўтобусах "палошчуць" кiроўцаў, асуджаючы за тое, што аўтобус спазнiўся, што едзе ён марудна…

Сам не раз быў сведкам тыповых сiтуацый: то гонiмся, як на той "Формуле-1", то паўзём, быццам на чэмпiянаце сярод чарапах. Але найчасцей згадваеш вадзiцеля добрым словам, калi аўтобус тармозiць, а ты разам з усiмi моцна б'ешся галавой аб поручань...

Я выправiўся ў сталiчны аўтобусны парк № 5…

Ад Жданоў
i да Вяснянкi

Пяты фiлiял ТКУП "Мiнсктранс" — самы вялiкi ў горадзе. Некаторыя нават лiчаць, што ён i ва ўсiм СНД дасць фору любому па колькасцi тэхнiкi i тэхнiчнага персаналу. Тут 416 адзiнак рухомага саставу, якiя забяспечваюць 40 гарадскiх, 93 прыгарадныя i 18 мiжнародных маршрутаў. Адных кандуктараў тут працуе 200 чалавек, а вадзiцеляў — 800.

— Мы абслугоўваем такiя мiкрараёны, як Малiнаўка, Сухарава, Захад, Кунцаўшчына, Вяснянка, Ждановiчы i Дружба, — распавядае першы намеснiк дырэктара аўтобуснага парка № 5 Эдуард Чаброўскi.  Гэта вельмi шмат у параўнаннi з iншымi фiлiяламi парка.

Пытаюся ў Эдуарда Часлававiча пра найбольш частыя скаргi пасажыраў i не здзiўляюся: людзi незадаволеныя графiкам руху. Асаблiва ў зiмовы перыяд.

— Для пасажыраў рознiцы няма, па якой прычыне спазнiўся аўтобус. — працягвае спадар Чаброўскi. — Толькi часта пасажыры i не разумеюць, што якраз праз iх аўтобус, i спазняецца. Вось уявiце, што б мы мелi, калi б кiроўца не прадаваў талончыкi i не чакаў пасажыраў, якiя пастаянна дабягаюць да аўтобуса?..

Ой, пайду
я лугам-лугам

У рэйс мы выязджалi ўтраiх: кiроўца, кандуктар i я. Мне выдалi скураны зэдлiк (пабочных асобаў у кабiне быць не павiнна, але для журналiста-"стажора" зрабiлi выключэнне), ля шкла прымацавалi шыльду "Стажор" i пажадалi ўдачы.

— Як бы нi быў прывязаны да аднаго маршруту, а часам даводзiцца працаваць i на iншым, — прызнаецца мой напарнiк Аляксандр Куцько. — Учора на 84-м маршруце, пазаўчора — на 81-м, а сёння вось — на 130-м...

Аляксандр нацiскае некалькi лiчбаў на адмысловым прыборы i — звонку на аўтобусе бачныя электронныя нумар i надпiс нашага маршруту: 130, "д/с Адоеўскага — г/д Ждановiчы". Каб даехаць ад аднаго канцавога прыпынку да другога i вярнуцца назад, трэба паўтары гадзiны...

ВАДЗІЦЕЛЬСКІ ХЛЕБ
 
— У нашай працы галоўнае — настрой, — працягвае Аляксандр. — Усё залежыць ад таго, з якiмi пачуццямi ты выязджаеш у рэйс. Калi ў цябе ўсё выдатна, пасажыры таксама гэта адчуюць. І змена пройдзе лёгка. У гэтай працы няма дробязяў, пастаянна трэба быць пiльным. Спознiшся на 30 секунд і ў графiк не трапiш.

Вадзiцелем Аляксандр стаў па ўласным жаданнi. Пасля школы адвучыўся ў парку i пайшоў працаваць на аўтобус. Вiдаць, прызванне такое: з 43 чалавек, што вучылiся разам з iм, толькi сямёра скончылi навучанне. Астатнiя сышлi, цяжка.

— Тады абы-каго не бралi. Тады конкурс быў, — з настальгiяй успамiнае Аляксандр. — Так i працаваў. Пасля — развал Саюза, усё змянiлася. Вырашыў паспытаць шчасця дальнабойшчыкам. Там, калi даведалiся, што я былы "аўтобуснiк", з рукамi i нагамi ўзялi. Людзей жа вазiў...

Але праз пэўны час Аляксандр вырашыў вярнуцца. Сёння ён зноў за баранкай, а яго вадзiцельскi стаж перавалiў за 20 гадоў.

Пасажыр
мае рацыю?

— Галоўнае пры пад'ездзе да прыпынку — правiльна спынiцца. Каб у бакавым люстэрку былi бачныя ўсе дзверы аўтобуса. Асаблiва ўважлiвым трэба быць з апошнiмi дзвярыма: яны найбольш небяспечныя. Калi хвост аўтобуса заносiць i ты не бачыш яго ў люстэрку, то рызыкуеш каго-небудзь прышчамiць, — праводзiць лiкбез Аляксандр, паказваючы на роўную лiнiю аўтобуса ў бакавым люстэрку.

Хто такiя "дабягаючыя пасажыры" я таксама пазней зразумеў. Асаблiва шмат iх на прыпынках побач з метро i падземнымi пераходамi.

Тыповая сiтуацыя: прыпынак — зайшлi пасажыры, дзверы можна зачыняць. Але тут, як з-пад зямлi, з пераходу выскачыць якая-небудзь кабета з трыма торбамi: "Стой! Стой!"

Тут два варыянты: калi такiя кабеты не дабягуць, пакрыўджаныя, яны iдуць i пiшуць на кiроўцу скаргу: "Во гад! Паехаў, а не пачакаў!". Калi ж жанчыне пашанцуе i яна з горам напалову залезе ў аўтобус, то сюрпрыз будзе чакаць кiроўцу на наступным прыпынку. Бо там будуць бурчэць ужо iншыя пасажыры: аўтобус прыехаў на тры хвiлiны пазней.

Для кантролю графiка руху на многiх прыпынках усталяваныя адмысловыя прыборы з шыльдай "Тэхнiчны прыпынак". Калi аўтобус пад'язджае да гэтага месца, кiроўца нацiскае кнопку i атрымлiвае сiгнал — аўтобус адзначыўся. Можна ехаць далей. Паралельна кiроўца даведваецца, цi не выбiўся яго аўтобус з графiка, а калi так, то на колькi хвiлiн.

— Зразумела, можна, як звар'яцеламу, цiснуць на газ. Ляцець стралой, жадаючы нагнаць такiм чынам страчаны час. Ехаць будзеш хутка, аўтобус будзе падскокваць на выбоiнах — пасажыраў будзе трэсцi... Я ў такiм выпадку стараюся не панiкаваць. Спакойна даязджаю да канцавога, а ўжо там, калi спазняюся на дзве хвiлiны, то проста на дзве хвiлiны раней буду выязджаць.

Яшчэ адна важная дэталь: як вадзіцель тармозiць. Калi людзi падаюцца ўперад, значыць кiроўца затармазiў рэзка. Каб гэтага пазбегнуць, трэба ехаць плаўна. А стажораў правяраю звычайна так: стаўлю ў кабiну шкляначку, напоўненую вадой. Вада пралiлася — экзамен не здаў. Нi кроплi — малайчына.

Пра аўтобусную кiшэню i культуру

— Яшчэ адна вельмi важная праблема — гэта месцазнаходжанне навесаў i лавак для чакання транспарту, — абураецца Аляксандр. — На большасцi прыпынкаў яны размешчаны далёка ад дарогi. Аўтобус жа павiнен спыняцца ў канкрэтным месцы, для гэтага iснуюць адмысловыя аўтобусныя кiшэнi. Калi да навеса 10 метраў, то, выбачайце, колькi часу спатрэбiцца пажылой жанчыне, каб да аўтобуса дайсцi? Прыпынкi правакуюць канфлiкт, яны недапрацаваныя. Пасля толькi скаргi на кiроўцу: не так пад'ехаў. А як тут пад'едзеш, калi альбо месца больш няма (таксi стаiць наперадзе), альбо навес за кiламетр?!

Па праўдзе, Аляксандр сапраўды меў рацыю: з усiх прыпыначных пунктаў, ля якiх мы спынялiся, толькi некаторыя былi зручнымi — на астатнiх навесы i лаўкi знаходзiлiся далекавата да аўтобуснай кiшэнi.

Наперадзе чарговы прыпынак, а нам... няма дзе спынiцца. Маршруткi.

— Гэта яшчэ адзiн бiч сённяшнiх дарог. Безкультур'е вадзiцеляў. Ёсць, праўда, i спрактыкаваныя кiроўцы. Амаль заўсёды па тым, як рухаецца аўтобус цi машына, можна вызначыць, хто сядзiць за рулём: чалавек дасведчаны цi навiчок. Маладыя звычайна як: учора атрымаў правы, а сёння ўжо на маршрутцы працуе... Нi цярпення, нi культуры, нi вытрымкi. Падразаюць, бесцырымонна заязджаюць на прыпынкi перад носам аўтобуса. Людзi перабягаюць дарогу, парушаюць правiлы. Я ўвогуле — за тое, каб для грамадскага транспарту асобную паласу выдзелiлi.

...Мы едзем па вулiцах Мiнска, занепакоеныя станам аўтобусных кiшэняў i прыпынкаў, а гораду зусiм не да гэтага, сталiца працягвае жыць сваiм бурлiвым жыццём. Вось за 50 крокаў ад нас гуляюць вяселле. Маладзiца кiдае букет — i яго ловiць маленькая дзяўчынка. Яна падскоквае ад радасцi i аддае букет сабаку. Усiм весела i ўсе смяюцца. А на прыпынку спiць бяздомны. У падрапанай, не па сезоне вопратцы, з ускудлачанымi валасамi i сiвой барадой, стары абдымае бутэльку i праз сон нешта мармыча сабе пад нос. I нiкому да яго няма справы. Яго ўсе абмiнаюць i стараюцца не заўважаць...

Вялiкi горад.

Чаму аўтобусы
не водзяць жанчыны?

На кожным крузе — канцавы прыпынак. Пасажыры выходзяць, i ў нас вольны час у дзве-тры хвiлiны. Перакур.

— Нядаўна былi з сям'ёй у ягадах, — дзелiцца навiнамi наш кандуктар Святлана Хвiсцюк. — Не сказаць, што багата, але трохi ёсць!

— Прывiтанне калегам! — перапыняе размову вусаты мужчына з пiўным жыватом. — Ну што, Фёдаравiч, як сёння — пашчасцiла з надвор'ем?

Вусаты мужчына, як высветлiлася, быў нашым калегам — таксама вадзiцель i таксама аўтобуса (паралельна з намi "на перакуры" стаяла яшчэ некалькi "130-х").

— Ды што вы тут у выхадны дзень убачыце, — даведаўшыся, што за "стажор" сёння на лiнii, пачынае мужчына з пiўным жыватом. — Вось каб вы ў будны дзень, у час пiк, ды на 81-м!.. Вось там сапраўдная катарга, а не праца. Мозг можа закiпець.

Мужчыны расказалi, чаму на аўтобусах зусiм няма жанчын-кiроўцаў.

— Гэта вельмi цяжка i фiзiчна, i псiхалагiчна. Летам, напрыклад, тэмпература ў кабiне кiроўцы дасягае 35—40 градусаў. Таксама пастаянная канцэнтрацыя ўвагi. Не, у жанчын павiнна быць iншая мiсiя...

— А цi здараюцца вясёлыя выпадкi? Ну, скажам, дзiцё можа ў аўтобусе нарадзiлася? — дапытваюся ў Аляксандра, калi мы зноў селi ў аўтобус.

— Нараджалi, праўда, толькi не ў мяне, а ў калегi, — усмiхаецца Аляксандр i працягвае: — А ўвогуле выпадкаў гэтых — кожны дзень, толькi i паспявай запiсваць. Ехалi, памятаю, пасажыраў поўны аўтобус. А тут бабулька з казою. Сама яшчэ нiшто сабе, залезла, а каза заўпарцiлася i не iдзе. То трэба было бачыць, як бабуля запiхвала бедную жывёлiну. Пад стогны i рогат пасажыраў, а запiхнула. Узгадваецца i яшчэ адзiн выпадак. Было гэта яшчэ пры Саюзе. Зайшлi дзве сяброўкi. Адна пайшла месцы займаць, а другая трымала ў руках пакет з яйкамi, дык папрасiлася прасунуць руку з пакетам у салон вадзiцеля — каб пасажыры не падушылi. I тут першая дзяўчына крычыць: "Лена, давай сюды: месца трымаю!" "Не магу, — адказвае другая. — Я тут у кiроўцы яйкi трымаю...".

будзьце дабрэйшымi...

Наша змена прайшла лёгка. Вiдаць, настрой мелi. Ужо па дарозе ў парк, калi ў аўтобусе нас зноў ехала трое (кiроўца, кандуктар i я), Аляксандр прыпынiўся на "зебры". Маладая дзяўчына на хвiлiну спынiлася i з нерашучасцю паглядзела на нас, прапусцiм цi не. Аляксандр шырока ўсмiхнуўся i кiўнуў галавой. Тая, пачырванеўшы, таксама ўсмiхнулася i хуценька прадэфiлявала па зебры.

— А яшчэ ў нашай працы галоўнае — дабрыня, — пасля паўзы дадаў Аляксандр. — I не будзе тады нiякiх канфлiктаў...

Iлья Лапато. Фота аўтара.

 

 

←Генно-модифицированная береза, возможно, выведет радионуклиды из почвы

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика