Як памру, то пахаваюць. Але дзе?

Источник материала:  

Выпiсваю газету вельмi даўно, пiшу — упершыню. Спытаеце, што прымусiла? Нагода болей чым сумная: з-за гэтага крызiсу ў нашай краiне збяднелi настолькi, што сталi браць грошы за зямлю, прычым — дзе, на могiлках!

Варта, вядома ж, спытаць i з каго? Мы, сённяшнiя старыя, "кандыдаты ў нябожчыкi", не бачылi шчаслiвага дзяцiнства i юнацтва, не зведалi i, вiдаць, не зведаем ужо сапраўднага дастатку, мы перажылi самую разбуральную ў свеце вайну, палажылi сваё здароўе на тое, каб падняць гаспадарку. А цяпер, выходзiць, павiнны пакласцi яшчэ i грошы, прычым не малыя, на тое, каб быць пахаванымi там, дзе хочам. Да гэткага нават пасля вайны нiхто не дадумаўся...

Прашу, надрукуйце мой лiст у газеце, — з такой просьбай звяртаўся ў рэдакцыю спадар К. з Уздзеншчыны (прозвiшча-iмя i дакладны адрас паведамлялiся). — Хай людзi выкажуцца, хай абмяркуюць гэтае новаўвядзенне.

Але перш — згадзiцеся — варта выслухаць другi бок, гэта значыць тых, хто, кажучы словамi спадара К., прыняў рашэнне браць не малыя грошы за зямлю на могiлках.

Паводле афiцыйнага адказу на гэты лiст, атрыманага з Уздзенскага райвыканкама, у адпаведнасцi з арт. 21 Закона Рэспублiкi Беларусь ад 12 лiстапада 2001 года "Аб пахаваннi i пахавальнай справе" памер бязвыплатна выдзеленага зямельнага ўчастка для пахавання вызначаецца такiм чынам, каб гарантаваць пахаванне на гэтым зямельным участку памерлага пазней мужа (жонкi) або блiзкага сваяка.

Тое ж прадугледжана i пунктам 35 Правiлаў утрымання месцаў пахавання, зацверджаных пастановай Мiнiстэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркi Рэспублiкi Беларусь i Мiнiстэрства аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь ад 8 чэрвеня 2002 г. № 17/43 "Аб зацвярджэннi правiлаў утрымання месцаў пахавання": памер бязвыплатна выдзеленага ўчастка для пахавання павiнен вызначацца такiм чынам, каб гарантаваць пахаванне на гэтым участку памерлага пазней мужа (жонкi) або блiзкага сваяка i павiнен складаць 2,3 м у даўжыню i 2,0 м у шырыню. Для адзiночнага пахавання памер бязвыплатна выдзеленага ўчастка павiнен складаць 2,3 м у даўжыню i 1,4 м у шырыню.

Пунктам 88 Правiлаў вызначана, што за рэзерваванне зямельных участкаў, што выдзяляюцца звыш бязвыплатнага памеру... рашэннем мясцовых Саветаў дэпутатаў або мясцовых выканаўчых i распарадчых органаў вызначаецца плата за кожны квадратны метр... Рашэннем Уздзенскага раённага Савета дэпутатаў ад 12 верасня 2008 г. № 69 "Аб зацвярджэннi платы за рэзерваванне зямельных участкаў для пахавання на тэрыторыi Уздзенскага раёна" быў зацверджаны памер аплаты за рэзерваванне зямельных участкаў, якiя выдзяляюцца звыш бязвыплатнага памеру ўчастка для пахавання, у суме 132 113 рублёў за кожны квадратны метр.

Напрыканцы афiцыйнага лiста паведамлялася, што яно, гэтае рашэнне, прайшло абавязковую юрыдычную экспертызу ў Галоўным упраўленнi юстыцыi Мiнскага аблвыканкама i ўключана ў Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублiкi Беларусь. Адкуль вынiкае, што ўсё тут паводле закона: сужэнцам, напрыклад, адно пры адным "пахавацца" можна — i без дадатковых даплат. А вось iншым iх сваякам — ужо не...

У многiх выпадках — вымушаны прызнаць — гэта выглядае цалкам лагiчным (асаблiва — калi бачыш, якiя, з дазволу, абшары абгароджваюцца, рэзервуюцца пры асобных магiлах). А вось у асобных...

Нярэдка, на вялiкi жаль, не дзецi хаваюць бацькоў, а наадварот — сына, альбо дачку — хаваюць бацькi. Атрымлiваецца, што iм (прынамсi некаму з iх) за права потым быць пахаваным побач давядзецца плацiць.

У Астравецкiм i Ашмянскiм раёнах, паводле рашэння мясцовых уладаў, за кожны з дадатковых квадратных метраў па 0,5 базавай велiчынi, у Лiдскiм i горадзе Бярозаўка — па 2 базавыя (велiчыня на сёння — 35 тысяч рублёў), на Клеччыне — 10 870 рублёў. На Уздзеншчыне — 132 113 рублёў. Магчыма, менавiта вось гэтая лiчба прымусiла ўзяцца за пяро нашага падпiсчыка?..

Адказ з райвыканкама яму, як паведамляецца, ужо накiраваны. Цi адгукнецца цi напiша нехта яшчэ, прынамсi з чытачоў газеты, пакажа рэдакцыйная пошта.

 

 

←Генно-модифицированная береза, возможно, выведет радионуклиды из почвы

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика