Белае Балота, Чорнае, крынiца...

Источник материала:  

Гэта "ключавыя" словы, каб у Рэчыцкiм раёне не заблытацца i трапiць у месца, куды ў апошнi час прыязджае ўсё больш i больш людзей. Навошта?

— Каб вады напiцца i з сабой набраць, — проста адказваюць людзi i набiраюць: хто бутэльку, хто канiстру, а хто i тры.

У вёсцы Чорнае птушкi спяваюць так, быццам не жнiвень месяц, а красавiк. Прыгажосць — захоплiвае дух.

— Глядзiце: вунь каровы плывуць на той бераг. Яны штодзень туды пасвiцца плаваюць.

Сапраўды — статак плыве. За iм праз некаторы час пацiху — пастух на лодцы.

На высокiм беразе былога рэчышча Дняпра раней стаяла вялiзная i прыгожая царква ў гонар свята Пакрова Божай Мацi. Зусiм старыя мясцовыя жыхары памятаюць: з трыма купаламi. Яе напаткаў традыцыйны для першай паловы XX стагоддзя лёс. У 1936 годзе камсамольцы знялi званы, потым з храма зрабiлi збожжасховiшча. Гавораць, нядоўга будынак праслужыў уладам у новай ролi. Маланка трапiла ў апаганеную царкву i тая згарэла. Камусьцi прыйшло ў галаву на былым фундаменце пабудаваць свiран. Людзi расказваюць, што ў яго зноў ударыла маланка i зноў усё згарэла. Цяпер на вяршынi гары толькi памятны крыж, а вось пад гарой — крынiца. А дакладней — некалькi.

Белае Балота, Чорнае, крынiца...
 
— Яны тут былi заўсёды. Мы ў школе на перапынках сюды вады напiцца бегалi, — кажа 82-гадовы Андрэй Гузаў. Ён мяркуе, што на малую радзiму прыехаў апошнi раз — развiтацца. — Як захацеў пiць, адразу сюды бяжыш. Мне 9 гадоў было, калi знiмалi званы з царквы — iх завезлi ў Рэчыцу. А iконы ў храме былi вельмi прыгожыя — я з бабуляй хадзiў у гэтую царкву. З металiчных апраў абразоў на цвiковым заводзе — так тады называўся метызны — зрабiлi вёдры. Возьмеш такую пасудзiну i бачыш: на адным — руку, на iншым — твар Божы. Вось такiм чынам i было ўсё знiшчана.

Цi то час прыйшоў не раскiдваць, а збiраць камянi, цi то сорам за невядомых продкаў... Здарылася так, што менавiта кiраўнiцтва Рэчыцкага метызнага завода палiчыла сваiм абавязкам клопат за ўпарадкаванне крынiц i стала першым прыводзiць гэтае месца ў належны выгляд. І святар знайшоўся, якi сёння дае духоўны пажытак гэтым мясцiнам. Айцец Вадзiм Капшук прыехаў на гэтую зямлю з Украiны i сёння ён — настаяцель Свята-Георгiеўскага храма вёскi Белае Балота (яна за некалькi кiламетраў ад вёскi Чорнае). Святар не толькi служыць у храме — разам з братам i iншымi памагатымi сваiмi рукамi прыводзiць да ладу тыя будынкi, што сёння ўзведзены па-над дзвюма крынiцамi. Жанчыны, якiя працуюць побач, кажуць, вельмi пiльна сочыць, каб праца была зроблена акуратна. Сёння тут утульна: усё абсталявана так, што зручна можна набраць вады, зручна акунуцца. Зразумела, калi ёсць жаданне i вера ў Божую дапамогу пры розных хваробах.

— Пасля таго, як першая крынiца была асвечана Мiтрапалiтам Мiнскiм i Слуцкiм Фiларэтам у гонар свята Пакрова Божай Мацi, як былая царква, сюды пачалi прыязджаць не толькi месцiчы, але i людзi з самых розных куткоў Беларусi, — распавядае айцец Вадзiм Капшук. — Шмат вернiкаў прыязджае сюды з малiтвай, з просьбай да Бога, i яны кажуць, што атрымлiваюць дапамогу i вылячэнне. Ля нашай крынiцы апошнiм часам стала больш выпадкаў, калi людзi прыязджаюць з такiм духоўным захворваннем, якое мае назву "беснаванне", i iм становiцца лепш. Я сам сюды вечарам прыязджаю, пап'ю вады, душа супакойваецца. Цяпер тут усё адраджаецца, значыць, ёсць такая патрэба ў чалавека, i Гасподзь зноў паказвае Сваю волю. Памятаю, прыязджаю, стаiць жанчына i кажа: "Я восем гадоў цярпела ад боляў у пазваночнiку i мне сказалi, што неабходна аперацыя. Вось пакупалася ў асвечанай крынiцы i адчуваю, што нiчога не балiць". I такiх выпадкаў шмат. Цяпер мы лiчым, паўстала неабходнасць завесцi кнiгу, каб людзi расказвалi, што з iмi адбываецца i ў духоўных, i ў фiзiчных адносiнах. Раней мы баялiся пра гэта казаць, каб нас не абвiнавацiлi, што мы робiм нейкую нездаровую духоўную рэкламу, але ж цяпер гэтых аповедаў стала вельмi шмат i патрэбна ўжо засведчыць — для iншых людзей, якiя хочуць ведаць аб такiх дзiвосных вылячэннях.

У Георгiеўскiм храме ёсць копiя цудатворнай iконы Божай Мацi "Неупiваемая Чаша". Абраз, з якога зроблена копiя, знаходзiцца ў Серпухаве пад Масквой. Вядома, што малiтва да Бога менавiта перад гэтай iконай дапамагае пераадолець такiя хваробы, як п'янства i наркаманiя.

— Тыя каштоўныя ўпрыгажэннi, якiя зараз на абразе, — сведкi цудаў, што адбылiся па малiтвах да Бога. Калi штосьцi змяняецца да лепшага — ёсць такая праваслаўная традыцыя — дарыць нешта ад душы, ад сэрца, — працягвае расказ iерэй Вадзiм Капшук. — Гасподзь жыве не ў кнiгах, а ў жыццi кожнага чалавека.

Мiж тым, жыхары вёскi Белае Балота рэдка ходзяць у сваю царкву. Вёска тут спецыфiчная — вельмi шмат жыве людзей, якiя маюць за сваiмi плячыма турэмны вопыт. Але ж менавiта сюды на службы прыязджае шмат людзей са Жлобiна, Светлагорска, Рагачова, Мiнска... З Гомеля стала цяпер зусiм проста дабiрацца да месца, якое вернiкi лiчаць святым. Для праваслаўных паломнiкаў з абласнога цэнтра ў выхадныя днi пастаянна ходзiць сюды аўтобус.

Памагатыя святара ў вёсцы Чорнае расказваюць, што на Вадохрышча два днi, у тым лiку ноччу, крынiцы ўвогуле не зачынялiся — такi вялiкi быў натоўп людзей. Гэтым летам Надзея Корань са Жлобiна прыехала сюды другi раз — з дзецьмi.

— Тут вельмi добра. Мы ў царкву ходзiм пастаянна, хочацца, каб i дзецям i сабе было здароўе. Хочацца сюды зноў i зноў прыехаць... Тут не толькi целам вылечваешся, але i душой.

Што датычыцца цела, магу асабiста засведчыць: крынiчная вада — добрае выпрабаванне — калi хопiць духу. Пасля сцюдзёнага купання ў купелi чай i цёплая размова здаюцца асаблiва духмянымi i душэўнымi.

— Пасля Чарнобыля ў нас ваду правяралi асаблiва ўважлiва i ўжо тады адзначылi, што тут самая чыстая крынiца, — расказвае Феня Фамiна. — Тады iзноў усе сталi прыходзiць па гэтую ваду. Нашы ж усе да гэтага часу так i кажуць: "Пойдзем ваду набяром пад царкву", хоць царквы на тым месцы даўно няма.

Кожная з жанчын, якiя тут служаць, мела свой шлях да храма, але ж усе лiчаць, што менавiта цяпер знайшлi сваё сапраўднае прызначэнне ў гэтым жыццi. Складана бывае — i людзi розныя прыязджаюць, i намеры ў iх розныя бываюць: хто проста ахаладзiцца ў спякоту, а хто ў складаным жыццёвым пошуку знаходзiцца... Тут i будуюць, i тэрыторыю добраўпарадкоўваюць, i прыбiраюць, i моляцца, i проста вядуць нетаропкую гутарку аб жыццi-быццi... I пра цуды расказваюць. Вось, кажуць, жанчына з суседняй вёскi нiчога не бачыла на адно вока, потым сюды прыехала, прасiла Бога, каб праз ваду з крынiцы дапамог ёй i — пачала бачыць.

— Нам заўсёды складана паверыць у нешта надзвычайнае, таму, што паверыўшы ў цуд, абавязкова трэба змянiць сваё жыццё, — на развiтанне кажа айцец Вадзiм.

Iрына АСТАШКЕВIЧ. Фота аўтара.

 

 

←Генно-модифицированная береза, возможно, выведет радионуклиды из почвы

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика