Купляйце беларускае з мiнiмальнай нацэнкай

Источник материала:  

Тавары народнага ўжытку, адзенне, тавары для дома, харчовыя прадукты можна набыць з мiнiмальнай гандлёвай нацэнкай на выставе "Купляйце беларускае!", якая праходзiць у выставачным павiльёне БелЭкспа на праспекце Пераможцаў.

Нацэнка на школьную форму на стэндзе "Трыкатажгандлю" — 15 працэнтаў. Касцюм на дзяўчынку-першакласнiцу (спаднiца i белая блузка) ад фiрмы "Свiтанак" — каля 30 000 рублёў. Крыху больш прыйдзецца выдаткаваць на хлопчыка: школьны касцюмчык карычневага колеру тут можна будзе набыць за 41 тыс. рублёў. Кошты на спаднiцы вагаюцца ад 28 тыс. рублёў, джынсавыя сарафанчыкi можна знайсцi за 37 тыс. рублёў, а дзiцячыя джэмперы — ад 13 000 рублёў. Падлеткавыя джэмперы 42-га памеру — ад 27 000, спартовыя штаны — за 25 000 рублёў, спартовыя касцюмы на школьнiкаў — ад 37 000. Пры жаданнi можна знайсцi нядрэнную вадалазку. Увогуле, асартымент сярэднi.

Насценны гадзiннiк ручной работы будзе каштаваць усяго 35—40 тыс.

— Гэта сапраўды ручная работа мастакоў. Такiя ж гадзiннiкi выстаўляюцца на выставах. Сёння мы прадаём iх па сабекошце, — кажа прадавец Ала.

Артапедычныя падушкi можна набыць за 57 тыс. рублёў.

— Падушка складаецца з чатырох секцый i выконвае ролю артапедычнай, — расказвае Аляксандр Бараноўскi, менеджар па продажы кампанii "Файбертэк". — Калi напаўняльнiк знаходзiцца ў гэтай маленькай секцыi, ён менш збiваецца. Падушка больш пругкая. І шыя знаходзiцца на адным узроўнi з усiм пазваночнiкам. Гэта вельмi важна для людзей з захворваннямi шыi. Мы плануем выпусцiць восенню новыя коўдры-трансформеры. Гэта коўдра тоўстая i лёгкая. Да таго ж наша прадукцыя не выклiкае алергii. Яна складаецца з полiэфiру, якi выкарыстоўваецца для вытворчасцi пластыкавых бутэлек.

Купляйце беларускае з мiнiмальнай нацэнкай
 
Светлагорскiя натуральныя пледы з воўны каштуюць на выставе ад 200 тыс. рублёў. У дадатак да коўдры тут можна набыць цёплыя тапкi з натуральнай воўны, падушкi, налакотнiкi i накаленнiкi, а таксама шмат чаго iншага.

— Воўну мы атрымоўваем з Iталii, — расказвае прадавец стэнда. — Гэта не невядома якая воўна, а натуральная. Яна i сагравае i ахалоджвае, калi горача. Кошт такога пледа ў залежнасцi ад памеру i якасцi (можа быць з дабаўленнем вярблюджай шэрсцi, з доўгiм ворсам), будзе каштаваць ад 200 тыс. i вышэй. Калi параўноўваць нашы кошты з коштамi iншых пастаўшчыкоў, то ў iх такiя ж, толькi ва ўмоўных адзiнках.

Дзяржынскiя рушнiкi прыемна здзiвiлi еўрапейскай якасцю. Вафельны каштуе ад 5000, вялiкi суперсофт — 40 000 рублёў.

— У нас, вядома ж, даражэй, чым у Рэчыцы, але сваю прадукцыю мы вырабляем на iмпартным абсталяваннi, фарбуем iмпартнымi фарбамi, — расказваюць прадстаўнiкi фабрыкi, — Ёсць у нас рушнiк суперсофт, якi вельмi добра ўпiтвае вiльгаць.

Вялiкi асартымент цукерак прапаноўвае Гродзенскае прадпрыемства "Кандзi i К". Тут i суфле чатырох вiдаў, i арыгiнальныя цукеркi на аснове сухафруктаў. Цэны ад 16 000.

Вiцебскае малако на выставе каштуе ад 1010 рублёў за лiтр.

— Мы прадаём па коштах вытворцы. Малочныя, мясныя кансервы, гэта не наша вытворчасць, таму на iх надбаўка пяць працэнтаў. Я б прапанавала чытачам "Звязды" купiць усё. Асаблiва дыетычныя малочныя прадукты, сыр, тварог, — кажа Роза Вiкiпенка, начальнiк гандлёвага аддзела ТАА "Малако" Вiцебска.

— Мы не першы раз на такой выставе. Пакуль прыглядаемся. Вось сыну купiлi недарагi спартовы касцюм за 59 тыс. рублёў, паўсюль па 70 тыс. i вышэй, — кажа бландзiнка з хлопчыкам год дзевяцi.

Каля вiтрыны з каўбасамi пастаяла, паўздыхала сур'ёзная жанчына з кароткай стрыжкай.

— Штосьцi танней ёсць. Але, у асноўным, кошты такiя, як i ў дыскаўнтары. Для мяне гэта не вельмi пад'ёмна, — кажа яна.

Бадзёрая бабуля прымервае "свiтанкаўскiя" спартовыя штаны:

— Вы ведаеце, для мяне ў 75 гадоў асартымент вельмi добры i кошты мне, старой, прымальныя.

— Ведаеце, абутку па прымальным кошце нiдзе мы не можам знайсцi, — скардзiцца мама з дачкой-падлеткам. — Нас бы задаволiлi балеткi за 130 —140 тыс. цi макасiны за 80.

У выставе бяруць удзел 52 беларускiя вытворцы. Завiтаць у павiльён БелЭкспа можна будзе да 29 жнiўня.

Настасся Занько.

 

 

←Генно-модифицированная береза, возможно, выведет радионуклиды из почвы

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика