Пракуратура працягвае «злоўжываць паўнамоцтвамі» ў зносiнах з журналiстамi

Источник материала:  
21.08.2009 19:41 — Новости Общества


Журналістка з Магілёва, сябра БАЖ Вольга Шарапкіна 21 жніўня атрымала папярэджанне ад Чавускай раённай пракуратуры «аб недапушчэнні паўторнага парушэння закона аб СМІ», — паведамляе прэс-служба ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў».

У пракуратуру сп-ню Шарапкіну выклікалі павесткай. Пракурор Чавускага раёна Сяргея Мінаў спачатку пацікавіўся ў журналісткі, што яна ведае пра з’яўленне на сайце тэлеканала «Белсат» інфармацыі пра Чавускую школу-інтэрнат. Калі дзяўчына адказала, што інфармацыі не бачыла і не мае да яе дачынення, пракурор уручыў ёй загадзя падрыхтаванае папярэджанне.

Паводле дакумента, падставай для яго стаў зварот у пракуратуру дырэктара Чавускай базавай школы-інтэрната М. Лебедзева. Сп. Лебедзеў прасіў высветліць законнасць размяшчэння на інтэрнет-сайце «Белсата» інфармацыі ад 22.04.2009 г., якая тычыцца інтарэсаў выхаванцаў даручанай яму ўстановы адукацыі.

«Устаноўлена, — паведамляецца далей у папярэджанні, — што В. Шарапкіна сумесна з В. Аршынскім… знаходзіліся ў школе, бралі інтэрв’ю, пасля чаго размясцілі інфармацыю на сайце «Белсат» без ведама законнага прадстаўніка выхаванцаў — дырэктара школы. Такая дзейнасць без акрэдытацыі забароненая, і размяшчэнне гэтай інфармацыі з’яўляецца парушэннем патрабавання арт. 11 закона аб СМІ РБ («Дзяржаўная рэгістрацыя СМІ»).

«Пракуратура — дзяржаўны орган, які павінен сачыць за выкананнем закона, — дэманструе яго неразуменне і няведанне, — кажа намеснік старшыні ГА „БАЖ“, юрыст Андрэй Бастунец. — У гэтай сітуацыі адразу некалькі момантаў выклікаюць абурэнне.

Па-першае, пракуратура падрыхтавала папярэджанне, нават не ўзяўшы тлумачэнняў з таго чалавека, якому яно вынесена. Такое здараецца ўжо не ўпершыню, і складваецца ўражанне, што пракуроры забываюцца на прэзумпцыю невінаватасці…

Па-другое, папярэджанне зроблена за парушэнне артыкула аб дзяржаўнай рэгістрацыі СМІ. Але гэты артыкул тычыцца заснавальнікаў СМІ, а не тых людзей, якія на іх працуюць.

Па-трэцяе, на сёння яшчэ не распрацаваная пастанова ўраду, якая б рэгулявала б дзейнасць інтэрнет-выданняў, яны пакуль знаходзяцца па-за дзеяннем закона аб СМІ».

Юрыст раіць журналістцы абскардзіць вынесенае ёй папярэджанне.

Нагадаем, што пра злоўжыванні з боку органаў пракуратуры нядаўна ішла гаворка на прэс-канферэнцыі БАЖ з нагоды паўгадовага тэрміну дзеяння новага закона «Аб СМІ».

Як станоўчы момант было адзначана тое, што Міністэрства інфармацыі пакуль не злоўжывае сваімі надзвычай вялікімі паўнамоцтвамі па ўмяшальніцтве ў дзейнасць СМІ. «Затое сваімі паўнамоцтвамі злоўжываюць пракуратура і некаторыя ідэолагі — асабліва ў дачыненні да журналістаў, што супрацоўнічаюць з замежнымі медыямі», — да такой высновы прыйшлі спецыялісты службы маніторынгу ГА «БАЖ».

←В Назрани из-за угрозы взрыва закрыли центральный рынок

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика