АЎТАЎРАГАН на вуліцах Мiнска

Источник материала:  

Прыбор пад такой назвай ужо каля месяца дапамагае сталiчным даiшнiкам выяўляць парушальнiкаў за рулём. Цяпер уцячы ад адказнасцi стала яшчэ больш складана.

...Беленькi мiкрааўтобус спакойна рухаўся па вулiцы Матусевiча горада Мiнска. Здавалася б, нiкога не чапаў, правiлы дарожнага руху не парушаў, навошта спыняць, дарэмна турбаваць кiроўцу? Але "Аўтаўраган" настойлiва сiгналiзуе людзям у пагонах, што ўладальнiк аўтамабiля (на манiторы ноутбука высвечваецца прозвiшча, iмя i год нараджэння мужчыны) летась быў пазбаўлены права на кiраванне.

25-гадовы Алег А. сваю вiну не адмаўляў.

— Сапраўды, правы забралi яшчэ ў лiстападзе за тое, што дазволiў сесцi за руль ўласнага аўтамабiля нецвярозаму сябру.

— А чаму зараз самi селi за руль? Правоў жа няма...

— Спадзяваўся, што пранясе. Дарога — гэта мой хлеб. Працую на прыватнай фiрме грузаперавозчыкам.

— Як жа мог наймальнiк узяць на працу кiроўцу без адпаведнага пасведчання?

— На працы нiхто не ведае, што ў мяне няма пасведчання кiроўцы. Каб не выклiкаць падазрэннi, нават аформiў машыну на сваё iмя.

АЎТАЎРАГАН на вуліцах МiнскаЯк бачым, падмануць працадаўцу ў Алега атрымалася, але абвесцi вакол пальца сучасны прыбор аказалася не пад сiлу.

"Аўтаўраган", карэспандэнт "Звязды" пераканалася ў гэтым на свае вочы, аўтаматычна выхоплiвае з транспартнага патоку машыны, якiя выклiкаюць падазрэнне. І падмануць новую сiстэму, паводле слоў работнiкаў ДАI, практычна немагчыма.

— Сучасная праграма счытвае нумарныя знакi машын, якiя праязджаюць ("Аўтаўраган" здольны кантраляваць рух транспарту ў абодвух кiрунках), i звярае з адзiнай рэспублiканскай базай звестак адмiнiстрацыйных парушэнняў, — тлумачыць прынцып дзеяння прыбора старшы iнспектар ДПС СП "Страла" МУС Беларусi Кiрыл КАСЦЮК. — У поле зроку апарата трапляюць кiроўцы, якiя хаваюцца ад правасуддзя цi не маюць пасведчання кiроўцы.

Паводле слоў старшага лейтэнанта мiлiцыi, iнспектара ДПС СП "Страла" МУС Беларусi Андрэя СТУЛЬСКАГА, лепш за ўсё эфектыўнасць сiстэмы iлюструе статыстыка.

— За суткi мы выяўляем пры дапамозе падказак "Аўтаўрагана" да 10 парушальнiкаў. У асноўным гэта кiроўцы, якiя не маюць права кiравання транспартнымi сродкамi цi пазбаўленыя пасведчання кiроўцы на нейкi тэрмiн. Выявiлi на вулiцах Мiнска i адзiн аўтамабiль, на якi судом накладзены арышт.

Большасць затрыманых пра "Аўтаўраган" чыталi, але думалi, што "не так страшны чорт, як яго малююць".

— Я на днях складаў адмiнiстрацыйны пратакол на аднаго мужчыну, — кажа Кiрыл Касцюк, — дык ён расказваў, што напярэдаднi сябра, якi прачытаў пра "Аўтаўраган" у iнтэрнэце, перасцерагаў яго ад паездак. "Чаму я яго не паслухаў, — дакараў сябе парушальнiк. — Думаў, пранясе. А тут..."

— "Аўтаўраган" — выдатная знаходка для работнiкаў ДАI, — кажа Андрэй Стульскi. — Ён, я перакананы, дысцыплiнуе заўзятых парушальнiкаў. Бо, у адрозненне ад прыбораў, якiя працуюць у стацыянарным рэжыме (напрыклад, сiстэма "Паток"), "Аўтаўраган" нельга спецыяльна аб'ехаць. Па-першае, кiроўца не ведае, у якой патрульнай машыне знаходзiцца прыбор, па-другое, зараз мы можам стаяць на адной вулiцы, а праз пяць хвiлiн у iншым месцы.

Надзея ДРЫЛА, фота аўтара.

 

 

←В Москве завтра пасмурно, дождь

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика