У жыроўцы — яшчэ адзiн радок

Источник материала:  

Страхаванне жылля ўводзiцца ў плацёжку жыхароў. Разлiкi — па жаданнi

У сталiцы ўсё больш актыўна ўкараняецца сiстэма страхавання жылых памяшканняў. Пакуль добраахвотнага. Разам з тым, як заўважыла ў гутарцы з карэспандэнтам "Звязды" кiраўнiк цэнтра па суправаджэннi рэформ у жыллёвай гаспадарцы i рабоце з насельнiцтвам аб'яднання "Мiнская гарадская жыллёвая гаспадарка" Святлана Сцяпанава, згодна з канцэпцыяй развiцця жыллёва-камунальнай гаспадаркi неабходна ў найблiжэйшай перспектыве пераходзiць да абавязковага страхавання.

Страхаванне жылля ў Мiнску пачалi ўводзiць з 2007 года. Калi спачатку сталiчныя камунальнiкi прапаноўвалi жыхарам на разгляд умовы адной страхавой кампанii, то цяпер — дзвюх. Як справядлiва заўважае Святлана Сцяпанава, у людзей павiнен быць выбар. Эксперымент па распаўсюджваннi страхавання праводзiўся ў двух раёнах — Ленiнскiм i Фрунзенскiм. Але гэта быў хутчэй "лiкбез" для насельнiцтва. Нядаўна камунальнiкi пачалi дзейнiчаць больш актыўна: жыхары дамоў, якiя абслугоўваюцца арганiзацыямi, што ўваходзяць у склад ЖРЭА №2 Фрунзенскага раёна, атрымалi плацёжкi з новым радком — "страхаванне жылых памяшканняў".

Сума штомесячных выплат — 3375 рублёў. Такiя выдаткi, пагадзiцеся, нязначныя для сямейнага бюджэту. Што ж узамен? На момант наступлення страхавога выпадку (калi вас затапiлi суседзi зверху) кампанiя гарантуе вяртанне страт на суму да 15 мiльёнаў рублёў. І вам няма патрэбы хадзiць па судах i шукаць праўды, а пасля "страсаць" з суседзяў грошы на рамонт. Так што прапанова вартая. Паводле слоў Святланы Сцяпанавай, таварыства абароны правоў спажыўцоў нiякiх парушэнняў у дзеяннях сталiчных камунальнiкаў не адшукала. Паколькi нiхто жыхароў не прымушае зрабiць такi плацеж — усё толькi добраахвотна. Для тых, хто заплацiў, а пасля перадумаў цi ўбачыў, што ўнёс грошы памылкова, прадугледжаны пераразлiк.

Пераходзiць да абавязковага страхавання жылых памяшканняў у найблiжэйшыя некалькi гадоў не плануецца. Аднак, заўважыла Святлана Сцяпанава, пэўная колькасць жыхароў ужо ацанiлi перавагi такога супрацоўнiцтва i заключылi дагаворы са страхавой кампанiяй. У iх "жыроўках" з'явiўся новы радок.

Мiкалай ЛIТВIНАЎ.

 

 

←Стартовал туристический конкурс "Познай Беларусь"

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика