Аператар НТВ: Нас вывезлі ў лес, адабралі сімкі і касеты

Источник материала:  
18.08.2009 18:04 — Новости Общества
Аператар здымачнай групы праграмы “ЧП. Расследование” тэлеканала НТВ Юрый Бабенка расказаў Еўрарадыё падрабязнасці таго, як іх з карэспандэнтам Аляксеем Малковым высылалі з Беларусі.

Мининформ: Журналистов НТВ из Беларуси никто не выдворял >>>


- Раскажыце, як насамрэч разгортваліся падзеі?

- Тое, што я прачытаў у інтэрнэце, практычна ўсё праўда. Але не ўсё.

- А што няпраўда, альбо не зусім дакладная інфармацыя?

- Няпраўда тое, што нас вывезлі ў аэрапорт. Нас вывезлі да мяжы, у горад Ворша. Там падвезлі да самога цягніка, перадалі з рук у рукі, канфіскавалі сім-карткі з мабільных тэлефонаў. І да самой Масквы мы былі без сувязі - не маглі ні з кім звязацца.

- А як адбывалася вашае знаёмства з беларускімі спецслужбамі? Наколькі гэта было нечакана?

- Мы іх заўважылі ўжо з самай раніцы - КДБ вяло нас ад раніцы. Мы вярнуліся ў гатэль гадзіне а 15-й, паабедалі і гадзінаў каля 18-ці выйшлі папаліць - у гатэлі не паляць. Заўважылі, што сітуацыя ўскладняецца, фургоны з’явіліся. Архітэктура гатэля такая, што там адна сцяна цалкам шкляная. Мы жылі на трэцім паверсе. Скрозь гэтую сцяну мы ўбачылі, што ў наш бок накіроўваюцца чалавек 8 у міліцэйскай форме і чалавек 10 - у цывільным. Так што асабліва нечаканым іх візіт не быў. Нас пасадзілі ў фургон, вывезлі за горад незразумела чаму, дапыталі і вывезлі ў Воршу. А там ужо пасадзілі на цягнік.

- Страшна было, калі ўбачылі, што вас вязуць не ў КДБ, а ў лес? Асабліва ўлічваючы тэму вашага рэпартажу - пра зніклых у Беларусі?

- А ты як думаеш?!

- Не пыталіся ў суправаджальных, чаму вас вязуць у невядомым накірунку?

- Нам адказалі: “Ва ўтульнае месца пагаварыць”.

- І пра што гаварылі?

- Афіцыйная версія: што мы без акрэдытацыі знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі.

- Не было размоў пра тое, што няма чаго лезці ў палітыку? Маўляў, навошта вы ўзнялі гэтую тэму?

- Чаму ж - пыталіся пра тое, што здымалі, з кім гаварылі. Цікавіліся, пра што канкрэтна ішла гутарка. Я сказаў, што нічога не чуў і нічога не ведаю.

Згодна з беларускім заканадаўствам, за гэтае парушэнне вас могуць на 5 гадоў пазбавіць магчымасці прыязджаць у Беларусь. Ці не пагражалі такім пакараннем?

- Не, пра гэта размова не ішла. Нам вярнулі практычна ўсё абсталяванне, за выключэннем касет са знятым матэрыялам. Ну, і сім-картак.

- Атрымліваецца, што фільма пра зніклых у Беларусі не будзе?

- Фільм, магчыма, будзе. Гэта пытанне да кіраўніцтва. Нам паабяцалі вярнуць касеты. 

- Чаму вы вырашылі працаваць у Беларусі без неабходнай акрэдытацыі ў МЗС?

- Гэта не ў маёй кампетэнцыі, я не магу адказаць.

- Не ведаеце, чаму толькі зараз тэлеканал НТВ вырашыў звярнуцца да тэмы зніклых у Беларусі - упершыню за 10 гадоў?

- Гэтага я таксама сказаць не магу. Я аператар: у мяне ёсць заданне, і я яго выконваю.

- Калі прапануюць ізноў ехаць у Мінск на здымкі - пагодзіцеся?

- А чаго адмаўляцца - прыгожая краіна, прыгожы горад.

- Ветлівыя спецслужбы…

- Ага, ветлівыя… Вельмі.

←Россиянин Николай Костышев объявил голодовку протеста в ИТК № 3 в Витебской области

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика