Хто куды, а я — па нiтраглiцэрыну!

Источник материала:  

то пяцьдзесят гадоў таму знакамiты хiрург Мiкалай Iванавiч Пiрагоў вымавiў фразу, якая адкрыла цэлы напрамак у медыцыне. Ён сказаў, што будучыня медыцыны — гэта медыцына папярэджвальная. I сапраўды, цяпер прафiлактыка — прыярытэт для сучаснай кардыялогii, — адзначае загадчык лабараторыi неадкладнай i iнтэрвенцыйнай кардыялогii РНПЦ "Кардыялогiя" Леаiд Паланецкi.

Калi б у свеце ў апошнiя дзесяцiгоддзi не развiвалася вельмi актыўна на навуковай i даказальнай падставе прафiлактычная медыцына, то такiя захворваннi, як iнфаркт мiякарда i iнсульт у хуткiм часе набылi б катастрафiчныя маштабы.

Сёння гэтыя захворваннi значна памаладзелi i адольваюць людзей у самым росквiце сiлаў, у працаздольным узросце. "Калi гадоў дваццаць таму, — расказвае Леанiд Паланецкi, — з'яўленне ў рэанiмацыi з iнфарктам мiякарда цi iнсультам жанчыны 40—45 гадоў было рэдкiм, то цяпер сюды часта трапляюць дамы 30—35-гадовага ўзросту".

Паталогii сардэчна-сасудзiстай сiстэмы прыводзяць да ранняй iнвалiднасцi, развiцця хранiчнай сардэчнай недастатковасцi. А самае сумнае — гэтыя хваробы займаюць першае месца сярод прычын смяротнасцi насельнiцтва.

Сусветная арганiзацыя аховы здароўя вызначыла асноўныя фактары рызыкi сардэчна-сасудзiстых захворванняў (некiруемыя i кiруемыя). Некiруемыя фактары не паддаюцца кантролю (узрост, пол, спадчыннасць), а вось уплыў кiруемых фактараў можа быць знiжаны цi ўвогуле ўхiлены. На апошняе i накiравана т.зв. першасная прафiлактыка кардыялагiчных паталогiй. Менавiта яна дазваляе папярэдзiць захворванне або змякчыць яго сiмптомы цi адцягнуць шпiталiзацыю.

Самы моцны фактар рызыкi — курэнне, якое паскарае развiццё атэрасклерозу. Курцы ў 13 разоў часцей хварэюць стэнакардыяй, чым тыя, хто не курыць. Рызыка развiцця iшэмiчнай хваробы сэрца залежыць ад колькасцi выкураных цыгарэт (ад 1 да 10 цыгарэт — умераныя курцы, ад 10—20 цыгарэт — выражаныя курцы, 20 i больш — заўзятыя курцы). Для заўзятых курцоў рызыка ўзрастае ў два разы ў параўнаннi з умеранымi.

Важны фактар рызыкi — павышаны ўзровень халестэрыну, якi непасрэдна ўплывае на фармiраванне атэрасклератычных бляшак. Пры гiперхалестэрыне трэба прытрымлiвацца пэўных прынцыпаў арганiзацыi харчавання: абмежаваць у рацыёне жывёльныя тлушчы да 30—35 %, ужываць больш садавiны i агароднiны, выкарыстоўваць хлеб грубых гатункаў.

Артэрыяльная гiпертэнзiя — таксама фактар рызыкi. Калi межы верхняга цiску выходзяць за 140 мм ртутнага слупа — гэта ўжо прычына звярнуцца да доктара, каб ён прызначыў гiпатэнзiўную тэрапiю. За цiскам трэба сачыць пастаянна.

— Калiсьцi паказчыкам узроўню санiтарнай культуры чалавека была наяўнасць градуснiка ў сям'i, — кажа Леанiд Паланецкi, — цяпер жа ў доме абавязкова павiнен быць i танометр.

Цукровы дыябет займае першае месца сярод гарманальных парушэнняў, якiя садзейнiчаюць развiццю атэрасклерозу i iшэмiчнай хваробы сэрца. У лячэннi, пад кантролем урача, трэба дабiцца кампенсацыi цукровага дыябету.

Рызыкуюць займець кардыялагiчныя праблемы людзi, якiя маюць залiшнюю вагу цела. Пры ёй трэба прытрымлiвацца дыеты. Рэкамендуецца абмежаваць ужыванне простых вугляводаў (цукру, мёду, варэння, цукерак г.д.) ажно да поўнага iх выключэння. Менш есцi хлеба, розных каш i бульбы (да 3 кавалкаў чорнага цi 2 кавалкаў белага хлеба, 1 порцыi кашы цi 1 порцыi бульбы ў дзень). Сутачнае ўжыванне нятлустых гатункаў мяса, рыбы, тварагу павiнна складаць не менш за 250—300  г. Выключыць прадукты, якiя выклiкаюць апетыт (спецыi, марынады, саленнi).

Сардэчныя праблемы пагражаюць i тым, хто вядзе маларухомы лад жыцця. Знаходжанне на працы ў сядзячым становiшчы не менш чым 5 гадзiн, а таксама фiзiчная актыўнасць у час адпачынку не больш за 10 гадзiн на тыдзень ацэньваюцца як нiзкая фiзiчная актыўнасць. Для людзей з такiм ладам жыцця трэба падабраць спецыяльныя праграмы, якiя б дазвалялi больш рухацца i выпрацоўвалi вынослiвасць. Абавязкова трэба наконт гэтага параiцца з урачом. Сярод рэкамендаваных практыкаванняў могуць быць хуткая хада, бег, веласiпед, плаванне, спартыўныя гульнi, для ўсiх неабходная ранiшняя гiмнастыка. Фiзiчныя нагрузкi трэнiруюць сэрца, лёгкiя, мышцы, нармалiзуюць тлушчавы i вугляводны абмен, павышаюць абарончыя сiлы арганiзма.

А што рабiць, калi сардэчны прыступ здарыўся нечакана? Якiя прэпараты хуткай дапамогi трэба мець у хатняй аптэчцы, каб зняць першыя сiмптомы да прыезду спецыялiстаў?

— Лепшага сродку для хуткай неадкладнай дапамогi, чым нiтраглiцэрына, няма, — кажа Леанiд Захаравiч Паланецкi. — За 140 гадоў свайго iснавання гэты прэпарат выратаваў мiльёны жыццяў. Яго трэба прымаць, калi з'явiлiся першыя прыкметы недастатковасцi каранарнага кровазвароту, пры самым малым дыскамфорце за грудзiнай. Прычым варта карыстацца не нiтраглiцэрыназмяшчальнымi прэпаратамi, якiя дзейнiчаюць праз 30—40 хвiлiн. Патрэбна нiтраглiцэрына, якая падзейнiчае праз 30 секунд — хвiлiну: таблеткi, якiя хутка рассмоктваюцца, цi нiтраглiцэрына-спрэй.

Гэты прэпарат не толькi павiнен быць у хатняй аптэчцы. Яго неабходна мець пры сабе ўсiм мужчынам пасля 40 гадоў: у аўтамабiльнай аптэчцы, працоўным халаце, адзеннi, у якiм чалавек працуе на дачы. Дарэчы, восенню ў наша аддзяленне рэанiмацыi трапляе больш людзей сталага веку, якiх дастаўляюць прама з прысядзiбных участкаў. I гэта можна зразумець. Чалавек папрацаваў на градках, не разлiчыўшы сваiх сiлаў, перанапружыў сэрца i сасуды, i нiтраглiцэрыны пад рукой не было. Вынiк — рэанiмацыя. А калi б меўся прэпарат, сiтуацыя ў многiм развiвалася б менш драматычна.

Вольга ШАЎКО.

 

 

←В Бресте задержаны активисты демсил Михаил Ильин и Денис Турченяк

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика