Новае жыллё? Рэальна!

Источник материала:  

Людзей усё часцей пачало цiкавiць менавiта будаўнiцтва новага жылля. Гэтая тэндэнцыя праявiлася гэтым летам, калi бескватэрныя жыхары гарадоў амаль перасталi звяртаць увагу на другасны рынак жылля. Сёння нават камерцыйнае жыллё будуецца танней, выкарыстоўваюцца сучасныя тэхналогii, дамы ўзводзяцца хутка.

 

"Далёўкай" зацiкавiўся сярэднi клас

У майго добрага знаёмага два сыны, а жонка працуе ў прыватным банку. Даход у сям'i не вельмi маленькi, але жывуць яны ў стандартнай двухпакаёвай кватэры на апошнiм дзявятым паверсе дома ў спальным раёне сталiцы. Яны даўно ўжо збiралiся набыць сабе больш прасторнае i якаснае жыллё, але проста купiць вялiкую кватэру нават для гэтай сям'i было праблематычна. Прычына ў тым, што яшчэ летась нават невялiкая трохпакаёвая кватэра на другасным рынку жылля Мiнска каштавала больш як 100 тысяч долараў. Камерцыйнае будаўнiцтва таксама было не вельмi зручным, бо квадратны метр каштаваў да 2 тысяч долараў, а трохпакаёвая кватэра ў дамах павышаных спажывецкiх якасцяў мела агульную плошчу каля 85—100 квадратных метраў. Сёння сiтуацыя карэнным чынам змянiлася...

Iстотна патаннелi кватэры на другасным рынку сталiцы i абласных цэнтраў краiны, але не гэта галоўнае. Цяпер у новых чаргавiкоў, а таксама тых, хто афiцыйна не мае патрэбы ў паляпшэннi жыллёвых умоў, з'явiлася магчымасць будаваць сабе жыллё па лiнii долевага будаўнiцтва па значна меншым кошце. Кошт жыллёвага квадрата па "далёўцы" складае цяпер усяго 1000—1200 долараў i нават нiжэй. Усё часцей камерцыйныя будаўнiчыя структуры пачынаюць узводзiць жылыя дамы ў невялiкiх населеных пунктах побач з Мiнскам. 

Напрыклад, у Бараўлянах прыватныя фiнансавыя структуры наладзiлi будаўнiцтва цэлых жылых комплексаў сучаснага жылля. Асобныя кватэры на крайнiх паверхах тых дамоў прапануюцца сёння клiентам па кошце, значна нiжэйшым за 1000 долараў за квадратны метр.

Паменшыўся кошт долевага будаўнiцтва i ў абласных цэнтрах. Квадратны метр "далёўкi" ў такiх буйных гарадах складае ўсяго 700—800 долараў (было 1200—1400).

Рынак патрабуе кватэры
невялiкiх плошчаў

У свой час кiраўнiцтвам нашай краiны была ўзнята праблема пустых кватэр у камерцыйных дамах. Гэтая праблема часткова застаецца нявырашанай i сёння, калi ў жылых новых дамах на працягу вялiкага часу застаецца шмат незаселеных кватэр з вялiкiмi плошчамi. Сёння амаль нiхто не хоча купляць двухпакаёвую кватэру агульнай плошчай каля 70—76 квадратных метраў або трохпакаёўку плошчай да 100 жылых "квадратаў". Такiя кватэры па кiшэнi толькi сапраўды багатым людзям...

— Камерцыйныя структуры першымi заўважылi новыя тэндэнцыi актыўнага попыту на будаўнiцтва жылля менавiта невялiкiх плошчаў, — паведамiў карэспандэнту "Звязды" начальнiк упраўлення жыллёвага будаўнiцтва Мiнiстэрства архiтэктуры i будаўнiцтва Беларусi Аляксандр Горваль. — Наступствы сусветнага фiнансавага крызiсу прымушаюць гараджан будаваць сабе выключна рацыянальнае i больш таннае жыллё. Сёння ў дамах долевага будаўнiцтва такой катэгорыi грамадзян прапануюцца цэлыя наборы секцый жыллёвых памяшканняў, дзе плошча аднапакаёвых кватэр абмежавана 40—42 квадратнымi метрамi, а двухпакаёвак — складае да 52—54 кв. метраў.

Чаргавiкоў "выратоўваюць" iльготныя крэдыты

Жыллёвае пытанне закранула непасрэдна i аўтара гэтага матэрыяла. Рэч у тым, што летась у сакавiку я стаў шматдзетным татам, калi пасля дзвюх дзяўчынак у мяне нарадзiўся сын. Шчыра кажучы, я наiўна тады спадзяваўся, што пасля трох месяцаў пасля пастаноўкi на асобны жыллёвы ўлiк па лiнii шматдзетных сем'яў нам прапануюць будаваць жыллё, але... У Мiнску шматдзетных сем'яў стала ўжо даволi шмат i нават iх асобная чарга рухалася марудна. Мая ўласная жыллёвая праблема скранулася з мёртвай кропкi сёлета ў чэрвенi, калi кiраўнiком нашай дзяржавы быў падпiсаны ўказ № 301, якiм унесены змяненнi i дапаўненнi ва Указ № 185 "Аб прадастаўленнi грамадзянам iльготных крэдытаў на будаўнiцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылых памяшканняў".

У адпаведнасцi з нормамi новага ўказа шматдзетныя сем'i павiнны цяпер уключацца ў арганiзацыю забудоўшчыкаў на працягу года з дня падачы iмi адпаведнай заявы. А ўжо праз тыдзень раённая адмiнiстрацыя прапанавала мне будавацца. Больш за тое, новы ўказ вызначаў, што цяпер стаўка па льготных крэдытах на жыллёвае будаўнiцтва знiжаецца з 3 да 1 працэнта гадавых. Камусьцi можа здацца, што мiнус 2 працэнты гадавых iстотна не паўплывае на фiнансавае становiшча крэдытораў. А вось i не. Крэдытныя выплаты пасля гэтага аўтаматычна зменшылiся адразу амаль на 20 працэнтаў. Гэта даволi добрая навiна, але... Калi б маёй шматдзетнай сям'i прапанавалi будавацца мiнулай восенню, то квадратны метр тады мне б абышоўся па кошце 1,1—1,2 млн рублёў. А вось сёння мая будучая кватэра будуецца ўжо па iншым цэннiку, дзе кошт квадратнага метра складае, паводле папярэднiх падлiках, у межах 1,7—1,8 млн рублёў.

Для пэўнай колькасцi "чаргавiкоў" i шматдзетных сем'яў iснуе яшчэ некалькi iстотных момантаў. Iльготны крэдыт даецца толькi на пэўныя квадратныя метры нармiраванай плошчы жылля. А калi ў чаргавiка, у тым лiку шматдзетнай сям'i, ужо ёсць невялiкая ўласная кватэра, то плошча яе ўлiчваецца i адмiнусоўваецца ад нармiраванай плошчы, якая падпадае пад iльготны крэдыт. У гэтым выпадку асобам з патрэбай у паляпшэннi жыллёвых умоў магчыма ўзяць дадатковы крэдыт ужо пад 17 працэнтаў гадавых. Шматдзетным сем'ям у гэтым выпадку "Беларусбанк" прапануе лепшыя ўмовы крэдытавання. На лiшнiя метры шматдзетным банк прапануе крэдыт, дзе працэнтная стаўка складае стаўку рэфiнансавання плюс 1 працэнт. Нам, шматдзетным бацькам, цяпер застаецца толькi марыць, каб гэтая стаўка рэфiнансавання (сёння яна складае 14 працэнтаў) не павялiчвалася. А яшчэ, каб заробкi нашы дазвалялi i будавацца i жыць бязбедна... Мiж iншым, дзяржава нам у гэтым моцна дапамагае.

Сяргей КУРКАЧ.

 

 

←В Бресте задержаны активисты демсил Михаил Ильин и Денис Турченяк

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика