Глушчане намалацілі звыш пяці тысяч тон зерня
Амаль дзве тысячы гектараў зерневых зжалі ў Глускім раёне: на раніцу панядзелка было ўбрана 1926 га, гэта 21,6 % ад усёй плошчы, намалочана 5198 тон зерня, і ўраджайнасць склала 27 цэнтнераў з гектара. Для параўнання, у мінулым годзе жніво пачалося тыдні на два раней, да 27 ліпеня тады было ўбрана 43 %, на паўтары тысячы гектараў болей, чым зараз, а намалочана толькі крыху болей — 5952 тоны пры сярэдняй ураджайнасці 17,3 ц/га.
З гектара азімага жыта ў аграфірме “Слаўгарадскі” бяруць 28,6 цэнтнера, у РАПТЗ — 26,1 цэнтнера, у эксбазе “Глуск” — 25,8 цэнтнера, а з улікам усіх гаспадарак па раёне выходзіць крыху болей за 25 цэнтнераў на круг. На ўчарашнюю раніцу жыта ўбралі на 1051 гектары, гэта 23 з паловай працэнты ад усёй яго плошчы. У лік дзяржзаказу адпраўлена 394 тоны жыта.
Ураджайнасць азімага трыцікале ў сярэднім па раёне — 28,9 ц/га, вышэй за сярэднераённую ў “Турыно-агра” — 32,5 ц/га, праўда, тут зжалі толькі 8 гектараў з неабходных 95, і ў эксбазе “Глуск” — 32,3 ц/га. Трыцікале зжата ў раёне на 785 гектарах.
Працягваюцца іншыя палявыя работы: у гаспадарках убіраюць салому з палёў, апрацоўваюць гліфасатамі ячмень, плюшчаць зерне, вядуць корманарыхтоўку. Сена назапашана 2451 тона, гэта 57 % ад патрэбы, сенажу амаль 37 тысяч тон (62 %). У плёнцы сенажу закладзена 2142 тоны, больш за паўтары тысячы тон ужо звезена з палёў. Кармавых адзінак у раёне нарыхтавана 11 635 тон, на адну ўмоўную галаву — 8,80 ц к. адз.
Інфармацыя падрыхтавана па даных упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні на 27 ліпеня