На мінулым тыдні на Карэліччыне працягвалі гучаць імёны пераможцаў раённага спаборніцтва сярод работнікаў, занятых на нарыхтоўцы кармоў з траў першага ўкосу. У сярэдзіне тыдня старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Ірына Пянькоўская наведала СВК “Жухавічы”, КСУП “Лукі-Агра” і “Цырын-Агра”, каб павіншаваць старанных механізатараў, працу якіх можна смела ставіць у прыклад іншым. Прыемным дадаткам да цёплых слоў сталі прафсаюзныя ўзнагароды – Падзячнае пісьмо райкама прафсаюза работнікаў АПК і грашовыя сертыфікаты.
У СВК “Жухавічы” створана адно з мацнейшых корманарыхтоўчых звенняў у раёне, што цалкам заканамерна. Для таго, каб забяспечыць самае вялікае ў раёне пагалоўе буйной рагатай жывёлы, агульная колькасць якога складае 9588 галоў, неабходны цэлы шлейф корманарыхтоўчай тэхнікі і каманда прафесіяналаў. Як паказваюць вынікі раённага спаборніцтва, жухавіцкія механізатары з поўнай адказнасцю падыходзяць да даручанай працы. Найлепшых паказчыкаў у розных відах сельгасработ дасягнула тройка аграрыяў гаспадаркі – Сяргей Зарубайка, Сяргей Богуш і Аляксандр Знайдзён. Дарэчы, па тэмпах касавіцы на другім укосе траў СВК “Жухавічы” таксама ўтрымлівае ў раёне званне лідара.
Прозвішча трактарыста-машыніста СВК “Жухавічы” Аляксандра Знайдзёна штогод значыцца ў сельскагаспадарчых зводках перадавікоў раёна. Сёлетняя корманарыхтоўка не стала выключэннем. Падчас першага ўкосу траў вопытны механізатар на “Ягуары-860” змяльчыў 8180 тон сянажнай масы.
– На гэтай тэхніцы працую шосты сезон, – дзеліцца Аляксандр Знайдзён. – Як толькі перасеў на “Ягуар-860”, адразу адчуў камфорт і высокавытворчыя здольнасці кормаўборачнага камбайна. Усё лета буду задзейнічаны на корманарыхтоўцы. Восенню, як толькі настане час кукурузы, прыступлю да нарыхтоўкі сіласу. Зімой жа буду працаваць на пагрузчыку “Амкадор” на ферме, падвозіць кармы.
Неаднаразовы ўдзельнік рэспубліканскіх Дажынак, пераможца абласных і раённых працоўных спаборніцтваў, перадавік вытворчасці і адказны працаўнік. Толькі станоўчыя характарыстыкі гучаць у адрас вадзіцеля Сяргея Богуша, які па выніках першага ўкосу траў на 25 чэрвеня на аўтамабілі МАЗ 555142 перавёз 1537 тон сянажнай масы.
– Для мяне сапраўдным прыкладам працавітасці стаў мой бацька Аляксандр Іосіфавіч, які таксама працаваў у гаспадарцы вадзіцелем, – расказвае Сяргей Богуш. – З дзяцінства засталіся ўспаміны, як катаўся з ім у кабіне ГАЗа. Бацька з ранку да вечара быў заняты ў полі, паказваў добрыя вынікі, меў шмат узнагарод. Мне было вельмі прыемна, калі яго працу ўшаноўвалі і паважалі.
Трактарыста-машыніста СВК “Жухавічы” Сяргея Зарубайку сустрэлі на мехмайстэрнях гаспадаркі разам з юным памочнікам – сынам Максімам, які стаў непасрэдным удзельнікам цырымоніі ўзнагароджвання. Па словах хлопчыка, ён вельмі ганарыцца татам. Па выніках першага ўкосу траў механізатар на трактары МТЗ-3022 у звязцы з прычапным агрэгатам КМР-9 скасіў 912 га.
– Як толькі атрымаў вадзіцельскае пасведчанне, адразу прыйшоў у гаспадарку на працу. А гэта 27 гадоў назад было, – дзеліцца механізатар. – Прыемна, што старэйшы сын Дзмітрый таксама працуе ў “Жухавічах”. Зараз на КамАЗе адвозіць сянажную масу. І дзевяцігадовы Максім праяўляе інтарэс да тэхнікі. Хто ведае, магчыма, і ён звяжа сваё жыццё з працай у гаспадарцы.
У хуткім часе пачнецца жніво, ход якога ў значнай ступені будзе залежыць ад якасці падрыхтоўкі зерняўборачных камбайнаў. На мехмайстэрнях КСУП “Лукі-Агра” завіхаецца яшчэ адзін лідар нарыхтоўкі кармоў з траў першага ўкосу – трактарыст-машыніст Юрый Лазарчук. Зараз ён не адыходзіць ад свайго “Палесся”, рыхтуючы яго да выхаду ў поле.
– Зразумела, хочацца, каб жніво прайшло без страт, надвор’е паспрыяла, тэхніка не псавалася, – дзеліцца лукскі механізатар, які падчас корманарыхтоўчай кампаніі з траў першага ўкосу на трактары МТЗ-3022 у звязцы з прычапным агрэгатам ПСС-15 перавёз 2962 тоны сянажнай масы. – Без працы ў полі я ўжо не магу ўявіць сваё жыццё. Дзе б ні працаваў: на ворыве, на ўборцы збажыны альбо адвозцы сянажнай масы, стараюся рабіць гэта сумленна. А як па-іншаму працаваць, калі атрымліваеш добры заробак, адчуваеш клопат і падтрымку кіраўніцтва гаспадаркі ў любым пытанні?
Старанна, адказна працуе ў КСУП “Лукі-Агра”, дабіваючыся высокіх вытворчых паказчыкаў, трактарыст-машыніст Сяргей Максімовіч, які стаў пераможцам раённага спаборніцтва на зграбанні траў першага ўкосу. На МТЗ-82 у звязцы з прычапным агрэгатам Krone Swardo 620 TS механізатар выканаў работы на 630 гектарах.
– Я проста працую на роднай зямлі, не дзеля ўзнагарод, – сціпла адзначае Сяргей Максімовіч. – Але такая ўвага прафсаюзаў раёна, зразумела, вельмі прыемна.
Наступным пунктам віншавальнай эстафеты стала КСУП “Цырын-Агра”, два механізатары якога ў перадавіках на нарыхтоўцы кармоў з траў першага ўкосу. Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Ірына Пянькоўская адрасавала словы падзякі за працу і шчырыя віншаванні цырынскаму вадзіцелю Леаніду Слінько, які на аўтамабілі ГАЗ-53 перавёз 874 тоны сянажнай масы.
– Гэта мой надзейны таварыш, з якім у адной звязцы працую з 1989 года, – знаёміць са сваім “Газікам” Леанід Слінько. – Ён хоць і старэнькі, але не падводзіць. А калі што і зламаецца, сам стараюся адрамантаваць. Электронікі ў ім, як у сучасных машынах, няма. Таму гаечны ключ у рукі – і круціш, рамантуеш. Мой агульны вадзіцельскі стаж у гаспадарцы – больш за 40 гадоў. За гэты час не толькі тысячы кіламетраў па калгасе наматаў, але і ўвесь Савецкі Саюз аб’ездзіў: вазіў на экспарт прадукцыю кансервавага цэха, прывозіў сыравіну для далейшай перапрацоўкі. Адным словам, шмат дзе быў, шмат што бачыў.
За плячыма трактарыста-машыніста КСУП “Цырын-Агра” Мікалая Лук’яновіча таксама дзесяцігоддзі працы ў калгасе. Падчас нарыхтоўкі кармоў з траў першага ўкосу механізатар быў задзейнічаны на варашэнні траў і паказаў лепшы на Карэліччыне вынік: на трактары МТЗ-80 у звязцы з прычапным агрэгатам KW-5,2 выканаў працу на 865 гектарах.
– Усё жыццё адпрацаваў у калгасе. Пасля выхаду на заслужаны адпачынак для сябе вырашыў, буду працаваць, пакуль ёсць здароўе, – дзеліцца Мікалай Лук’яновіч. – З вышыні пражытых гадоў магу з упэўненасцю сказаць, што працаваць трэба сумленна і ад душы. І пра працоўную дысцыпліну забываць нельга. Вось тады вынік абавязкова парадуе.
Даведка
На раніцу 14 ліпеня механізатарамі Карэліччыны скошана 7210 га траў другога ўкосу, альбо 67% ад плана, убрана 92% ад скошанага, нарыхтавана 5311 тон сена, што складае 51% ад запланаванага, і 134765 тон сенажу, альбо 83% ад плана.
Карэліччына застаецца лідарам Гродзеншчыны па колькасці нарыхтаваных кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. Аграрыямі раёна нарыхтавана 14 кармавых адзінак пры абласным паказчыку 11,35. Бясспрэчны перадавік раёна і вобласці – КСУП “Цырын-Агра”, дзе назапашана 24,6 кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы
Аксана ЯНУШ
Фота аўтара і БелТА