Тэхнічны агляд машынна-трактарнага парку прайшоў 24 і 25 сакавіка ў ААТ «Жвіранка» і КУВСП «Гарадзец»
24 сакавіка па графіку, які зацверджаны адпаведным рашэннем райвыканкама, тэхнічны агляд трактарнага парку прайшоў у адкрытым акцыянерным таварыстве “Жвіранка”. Усяго ў гаспадарцы ў наяўнасці маецца 45 адзінак трактароў, большасць з якіх інжынерная служба і механізатары паставілі на лінейку гатоўнасці.
Асноўная колькасць тэхнікі сельгаспрадпрыемства сканцэнтравана на цэнтарьнай сядзібе — у аграгарадку Більдзюгі. Галоўны дзяржаўны інжынер-інспектар Дзяржтэхнагляду Васілій Лутохін і старшы дзяржаўтаінспектар аддзялення ДАІ РАУС Яўгеній Лутохін дэталёва падыйшлі да пытання праверкі спраўнасці тэхнікі. Яно і зразумела, бо дробязей у такой справе быць не можа. Транспарт уяўляе сабой аб’ект павышанай небяспекі. Ад таго, наколькі ён будзе мець спраўны стан, цалкам залежаць здароўе і жыццё як самога мезанізатара, так і іншых людзей, якія будуць знаходзіцца побач з тэхнікай.
У “Жвіранцы” да гэтага пытання падыйшлі з усёй паўнатой адказнасці. Па-першае, тэхніка мае прывабны від — чыстая пафарбаваная; па-другое, старанныя механізатары своечасова памянялі старыя запчасткі на трактарах на новыя; па-трэцяе, усе патрэбныя дакументы маюцца ў наяўнасці.
Напрыклад, адзін з вопытных механізатараў Алег Андруковіч да тэхагляду своечасова падрыхтаваў дзве адзінкі тэхнікі, замацаваныя за ім. Механізатар заўсёды ў спраўным стане трымае свой магутны “Кіравец”, хоць трактару ўжо 14 год, а таксама “Беларус-622”. Вось і сёлета тэхагляд “сталёвыя коні” Андруковіча прайшлі бездакорна.
Засмучэнне выклікаў толькі адзін факт: на большасці трактароў адсутнічалі электрамаякі аранжавага колеру. Гэта патрабаванне было ўведзена зусім нядаўна.
Прадстаўнік аддзялення ДАІ РАУС Яўгеній Лутохін растлумачыў гэта тым, што ў мінулым годзе на Магілёўшчыне адбылося вельмі жудаснае па сваіх маштабах дарожна-транспартнае здарэнне з удзелам энерганасычанага трактара і легкавога аўтамабіля. Трактар перамяшчаўся ў шчэпе з плугамі, габарыты якіх не былі нічым абазначаныя. Да таго ж святло задніх фар трактара асляпляла ўдзельнікаў дарожнага руху, якія перамяшчаліся за ім. У выніку адбылося сутыкненне, у якім загінулі пяць чалавек.
Яўгеній Калінавіч растлумачыў прадстаўнікам інжынернай службы і механізатарам, калі, пры якіх умовах надвор’я і ў які час сутак электрамаякі павінны быць абавязкова ўключаны.
Літаральна на наступны дзень недастаючая колькасць гэтага электраабсталявання была закуплена і ўсталявана на трактары. 25 сакавіка тэхнічны агляд прайшоў у КУВСП “Гарадзец”. На цяперашні момант у гаспадарцы маецца 31 трактар. І, калі большасць з іх механізатары як след падрыхтавалі да тэхагляду, то інжынерная служба сельгаспрадпрыемства не з усёй паўнатой адказнасці падыйшла да гэтай важнай справы. Па словах Васілія Лутохіна спецыялісты прадаставілі недапрацаваную дакументацыю, у выніку чаго толькі некалькі адзінак тэхнікі ў той дзень змаглі прайсці тэхнічны агляд у поўнай меры.
— Прыемна мець справу з людзьмі, якія бездакорна рыхтуюцца да тэхагляду, — кажа Васілій Севяр’янавіч. — Напрыклад, прыватныя ўласнікі тэхнікі. У іх амаль ніколі няма праблем з працэдурай праходжання тэхнічнага агляду.
І сапраўды, у “Гарадцы” у той дзень уладальнікі асабістай тэхнікі прыгналі да мехмайстэрань больш дзесяці адзінак “сталёвых коней” розных марак. Нягледзячы на тое, што тэхніка эксплуатуецца па 30 і больш гадоў, яна цалкам адпавядае ўсім існуючым патрабаванням і мае допуск на ўдзел ў дарожным руху.
Сяргей РАЙЧОНАК.