Працягам прафсаюзнай акцыі «Наш жывёлавод» стала ўзнагароджванне працаўнікоў МТФ «Зорка» ААТ «Ельня-Агра»
На малочнатаварнай ферме “Зорка” адкрытага акцыянернага таварыства “Ельня-Агра” штодзённа атрымліваюць малако гатунку “экстра”. Гэта залежыць не толькі ад абсталявання, дойнага статку, наяўнасці кармоў, але і ад чалавечага фактара. Сумленныя жывёлаводы, аператары машыннага даення з усёй паўнатой адказнасці падыходзяць да сваёй работы. Як вядома, рэалізацыя малака дзяржаве менавіта дадзеным гатункам прыносіць немалую прыбыль, якая ўплывае на фінансавы стан гаспадаркі і заробак жывёлаводаў.
У межах рэспубліканскай акцыі “Наш жывёлавод” старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Таццяна Мікалаеўна Альшэўская наведала МТФ “Зорка”, каб адзначыць лепшых жывёлаводаў і аператараў машыннага даення. За дасягнутыя высокія працоўныя паказчыкі грашовыя прэміі атрымалі даяркі Святлана Буда і Марына Бука, а таксама жывёлавод Васілій Ганебны.
— У нашай гаспадарцы, што тычыцца ў дадзеным выпадку жывёлагадоўлі, усе работнікі працуюць сумленна, — падкрэсліла намеснік кіраўніка сельгаспрадпрыемства Ніна Генадзьеўна Буда. — Кагосці вылучыць асобна нават немагчыма, бо ўсе па меры магчымасцяў уносяць свой уклад у стабільны фінансава-эканамічны стан адкрытага акцыянернага таварыства. Спадзяюся, што так будзе і далей.
Сяргей РАЙЧОНАК.