У ААТ «Даватарскі» ідзе актыўная падрыхтоўка тэхнікі да веснавых палявых работ

Источник материала:  
12.02.2020 —
У ААТ «Даватарскі» ідзе актыўная падрыхтоўка тэхнікі да веснавых палявых работ

Электрагазазваршчык Васілій Курыловіч з механізатарам Яўгеніем Максімавым

Здаецца, што зусім нядаўна палеткі гаспадарак раёна пакінулі трактары, завяршыўшы цыкл сельскагаспадарчых работ. А ўжо на календары 12 лютага — час, калі ў разгары рамонтныя работы па падрыхтоўцы тэхнікі да вясенняй пасяўной кампаніі. На гэтым тыдні мы наведалі механічныя майстэрні аг. Пялікі ААТ “Даватарскі” і пацікавіліся ходам падрыхтоўкі тэхнікі.

— Як і многія гаспадаркі, наша сельгаспрадпрыемства іспытвае шматлікія цяжкасці з рамонтам тэхнікі, — паведаміў нам галоўны інжынер адкрытага акцыянернага таварыства Пётр Васілеўскі. — Асноўная прычына — недахоп грашовых сродкаў на набыццё новых запасных частак, расходных матэрыялаў. Але, нягледзячы на дадзеную акалічнасць, механізатары, слесары, вярнуўшыся з працоўнага водпуску, прыняліся за рамонтныя работы.

І сапраўды, як мы самі ўбачылі, у механічных майстэрнях знаходзіцца шмат тэхнікі: энерганасычаныя трактары, грузавыя аўтамабілі, пагрузчык, прычэпы. Каля кожнай адзінкі тэхнікі завіхаліся ў працоўным працэсе механізатары, рамантуючы яе. На вуліцы знаходзяцца даведзеныя да ладу счэпкі барон, іншыя глебаапрацоўчыя агрэгаты.

Электрагазазваршчык Васілій Курыловіч з механізатарам Яўгеніем Максімавым і іншымі трактарыстамі перараблівалі прычэп для перавозкі кармоў ПС-45. Яны ўзмацнілі раму, замацавалі барты. Яшчэ крыху — і на ім можна будзе перавозіць кармы для жывёлы. Ва ўмелых руках электрагазазваршчыка адрамантаваны прычэп амаль нагадваў той, які выходзіць з заводскага канвеера.

— Працы зараз хапае, — кажа Васілій, — электроды заўсёды ёсць у наяўнасці, а вось з кіслародам бываюць і перабоі. Хутка закончым рамонт прычэпа, потым зоймемся глебаапрацоўчай тэхнікай. Час ляціць хутка, незаўважна пройдзе і люты, таму трэба спяшацца, каб у тэрмін завяршыць рамонтныя работы.

Рамонтам пагрузчыка “Амкадор” займаўся механізатар Павел Ісаеў. Малады мужчына раней працаваў у будаўнічай брыгадзе сельгаспрадпрыемства, а год назад вырашыў змяніць прафесію і сеў за руль тэхнікі.

— Мне больш па душы праца на пагрузчыку, — падзяліўся сваімі думкамі Павел. — Як і кожнаму мужчыне, тэхніка мне па душы. Нагледзячы на тое, што “Амкадору” ужо дванаццаць год, асноўныя вузлы і агрэгаты знаходзяцца ў спраўным стане. Цяпер трэба замяніць гуму на колах, шлангі, фільтры, а потым можна і першы выезд пасля рамонту зрабіць. Такіх пагрузчыкаў у нашай гаспадарцы чатыры адзінкі, кожнаму і летам, і зімой ёсць работа. Гэта загрузка кармоў, арганікі.

Як запэўніў нас галоўны інжынер гаспадаркі, рамонтныя работы таксама праходзяць ва ўсіх аддзяленнях сельгаспрадпрыемства. Часу да пачатку вясны засталося няшмат, таму “даватарцы” стараюцца выкарыстоўваць кожны працоўны дзень рацыянальна.

Сяргей РАЙЧОНАК.

У ААТ «Даватарскі» ідзе актыўная падрыхтоўка тэхнікі да веснавых палявых работ

Загадчык мехмайстэрняў аг. Пялікі ААТ «Даватарскі» Віталій Крывашонак і трактарыст Павел Ісаеў

Comments are closed.

Яндекс.Метрика