Узнагароду ад райкама прафсаюза работнікаў АПК атрымала аператар машыннага даення МТФ «Сасноўцы» ААТ «Даватарскі» Кацярына Лаздыньш
Аператар машыннага даення МТФ “Сасноўцы” адкрытага акцыянернага таварыства “Даватарскі” Кацярына Лаздыньш нарадзілася ў Сасноўцах, вырасла ў гэтых мясцінах, стварыла сям’ю. Ужо амаль дваццаць год працуе на мясцовай малочнатаварнай ферме.
— Працу сваю я люблю, хоць яна і цяжкая, — падзялілася сваімі думкамі Кацярына. — З маленства дапамагала бацькам даглядаць за жывёлай дома. А як вырасла і сама вырашыла стаць даяркай, не здрадзіла сваёй роднай вёсцы, не стала шукаць лёгкага хлеба і гарадскога шчасця ўдалечыні ад бацькоўскага парога.
Ферма ў нас вялікая. Тут працуюць восем аператараў машыннага даення і дзве падменныя даяркі. У гурце кожнай каля 50 кароў, а ў маім 47 галоў. Цяпер мы атрымліваем невялікія надоі, таму што большасць кароў знаходзіцца ў запуску. З пачаткам расцёлаў у сярэдзіне лютага колькасць малака значна павысіцца, а, значыць, узрасце грашовы прыбытак гаспадаркі і наш заробак.
Па выніках працы за мінулы год Кацярына Лаздыньш прызнана лепшай даяркай малочнатаварнай фермы “Сасноўцы”. З гэтым дасягненнем жанчыну павіншавала старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Таццяна Альшэўская, якая ўручыла грашовую прэмію ў межах акцыі “Наш жывёлавод”.
Сяргей РАЙЧОНАК.