Працягваецца рэспубліканская прафсаюзная акцыя «Наш жывёлавод». Узнагароды атрымліваюць перадавікі
У адкрытым акцыянерным таварыстве “Шаркаўшчынскі агратэхсэрвіс” маюцца тры малочнатаварныя фермы — “Ручай”, “Вялікае Сяло”, “Наваселле”, а таксама сучасны малочнатаварны комплекс “Пашкі”, дзе ўсталявана даільная зала. На кожным з гэтых жывёлагадоўчых аб’ектаў розныя вытворчыя паказчыкі. Гэта абумоўлена шматлікімі фактарамі: ад маючага абсталявання, умоў працы і кармоў — да наяўнасці кваліфікаваных спецыялістаў і жывёлаводаў.
Канечне, малочнатаварны комплекс “Пашкі” не ідзе ні ў якае параўнанне з малочнатварнай фермай “Вялікае Сяло”. Ён уведзены ў эксплуатацыю не так даўно. Умовы працы аператараў машыннага даення, жывёлаводаў, механізатараў тут набліжаны да камфортных. У Вялікім Сяле ферма пабудавана шмат дзесяцігоддзяў назад, размешчана воддаль ад аднайменнага аграгарадка і навакольных вёсак. І дабрацца да яе жывёлаводам з-за бездаражы даволі праблематычна. Тым не менш, працаўнікі сельгаспрадпрыемства, нягледзячы на пэўныя аб’ектыўныя цяжкасці і складанасці, працуюць так, каб іх работа прыносіла плён і гаспадарцы, і ім самім.
Напрыклад, са станоўчага боку характарызуюць працу жывёлавода Аляксандра Івуланса. Мужчына сумленна выконвае свае абавязкі, дапамагае іншым, не мае заўваг ад кіраўніцтва гаспадаркі, спецыялістаў. Менавіта дзякуючы гэтаму, Аляксандру была ўручана грашовая прэмія ў межах рэспубліканскай акцыі “Наш жывёлавод”.
На малочнатаварнай ферме “Ручай” гэтага ж сельгаспрадпрыемства выконваючай абавязкі працуе Тэрэза Грыгаровіч. Тут утрымліваюцца 179 галоў дойнага статку, 80 цялушак, 30 цялят на дарошчванні. Буйную рагатую жывёлу абслугоўваюць 13 чалавек. Сярод іх жывёлавод Уладзімір Грыгаровіч, які амаль два дзесяцігоддзі заняты ў розных працоўных працэсах на малочнатаварнай ферме. У яго абавязкі ўваходзіць падвоз кармоў, выдаленне гною, рамонт вадапаення. Летам жа Уладзімір займаецца выпасам кароў на пашы.
За сваю працу мужчына прызнаны лепшым жывёлаводам на дадзенай МТФ па выніках работы за мінулы год і быў узнагароджаны грашовай прэміяй у межах рэспубліканскай акцыі “Наш жывёлавод”.
Як паведаміла старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Таццяна Мікалаеўна Альшэўская, прафсаюзная акцыя працягнецца да 31 сакавіка, а значыць, што наперадзе адбудуцца новыя ўзнагароджванні жывёлаводаў і ў іншых сельгаспрадпрыемствах нашага раёна.