У чым заключаецца формула паспяховай работы жывёлавода ААТ «Княж» Раісы Буткевіч? Пра гэта даведаўся наш карэспандэнт
Ужо не першы год на добрым рахунку ў кіраўніцтва і адміністрацыі адкрытага акцыянернага таварыства “Княж” знаходзіцца аператар па дарошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы Раіса Мікалаеўна Буткевіч. У жанчыны не толькі самыя высокія вытворчыя паказчыкі ў сельгаспрадпрыемстве, але і адны з лепшых у раёне.
— У маім гурце на сённяшні дзень 67 цялят на дарошчванні, — кажа Раіса Мікалаеўна. — Да мяне яны трапляюць ва ўзросце двух тыдняў і знаходзяцца прыкладна тры месяцы. На першы погляд работа складаная, але я ужо да яе прывыкла, бо працую аператарам на дарошчванні трэці год, ведаю, як спраўляцца з цяжкасцямі. Корму на нашай малочнатаварнай ферме хапае ўдосталь. У рацыёне маюцца сена, салома, камбікорм, іншыя харчовыя дабаўкі. Усё ж астатняе — правільны догляд, чысціня ў памяшканні і своечасовае лячэнне жывёлы напрамую залежаць ад чалавека. Вось менавіта гэта і з’яўляецца формулай паспяховай работы. Калі адносіцца да сваіх абавязкаў добрасумленна, тады і вынік будзе станоўчы. І хоць не сістэматычна, але ў мяне ёсць магчымасць зрэдку браць выхадныя дні. Па праўдзе кажучы, асабіста я карыстаюся гэтым толькі ў самых крайніх выпадках. Усё таму, што люблю сваю працу і не хачу, каб мае гадаванцы надоўга заставаліся з іншымі аператарамі.
Па выніках працы за снежань мінулага года сярэднясутачная прывага цялят у гурце Раісы Мікалаеўны склала 510 грамаў. Як запэўніла сама жанчына, у далейшым яна будзе імкнуцца да больш высокіх вытворчых паказчыкаў.
Сяргей РАЙЧОНАК.