Шчырыя і самаадданыя ў працы, работнікі КСУП “Лукі-Агра” адрозніваюцца стабільнымі поспехамі на сельскагаспадарчай ніве Карэліччыны. Як дасягнуць такіх добрых паказчыкаў, добра ведае дырэктар прадпрыемства Мікалай Аляксандравіч ГАВІНА.
– У 1919 годзе ў Луках стварылі сельскагаспадарчую працоўную камуну імя Уладзіміра Ульянава-Леніна. І яна атрымала вельмі сімвалічную назву – “Праца”. Вось вам і адказ, чаму мы маем станоўчыя вынікі. Усё проста – мы рупліва і плённа працуем. А яшчэ шануем тых людзей, якія аддалі гаспадарцы лепшыя гады, цэнім нашых вопытных работнікаў і даем магчымасць раскрыцца маладым кадрам. Мы маем насычаную гісторыю, прайшлі не адну рэарганізацыю, але ніколі не здраджвалі гэтаму прынцыпу. Бо людзі – аснова кожнай рэнтабельнай і высокапрыбытковай гаспадаркі. Гавару так і ад імя былых кіраўнікоў, і ад свайго, усё ж такі ёсць немалы вопыт – узначальваю наша сельгаспрадпрыемства з 2001 года.
Зараз калектыў гаспадаркі – 278 чалавек. Працуюць ладна: і ў раслінаводстве, і ў жывёлагадоўлі ў нас парадак. Так, насуперак сюрпрызам надвор’я, мы традыцыйна збіраем добры ўраджай, МТФ “Далматаўшчына” за дасягненне высокіх паказчыкаў знаходзіцца на добрым ліку ў вобласці, нашы мехмайстэрні – пераможцы раённых і рэгіянальных аглядаў-конкурсаў.
Словы падзякі адрасую і калектыву з 36 чалавек пад кіраўніцтвам Аляксандра Сака свінагадоўчага комплексу КСУП “Лукі-Агра”, які не першы год становіцца лепшым на Гродзеншчыне. Гэта прадпрыемства поўнага цыкла – ад гадавання парасят да здачы свіней на мясакамбінаты. Таксама тут працуе ўласны кармацэх, уводзяцца новыя секцыі. Па апошніх дадзеных лічба пагалоўя дасягнула адзнакі 9965. За 10 месяцаў 2019 года вырашчана 1674,8 тоны свініны, рэалізавана – 1617,2 тоны. Рэнтабельнасць комплексу склала 27,5%.
Раз мы пачалі гаворку пра лічбы, то ўзгадаем, што малака ў гаспадарцы за абазначаны перыяд надоена 7338,5 тоны. Звернемся і да раслінаводства. Сёлета зерня і зернебабовых намалочана 11562 тоны, тэмп росту ў адносінах да 2018 года склаў 140,4%. У прыватнасці парадавалі ўраджаі такіх культур, як пшаніца – 4421 тона, ячмень – 3430 тон, зернебабовыя – 509 тон. Кармоў нарыхтавана 17671 тона.
Але ізноў акцэнтую ўвагу на тым, што за кожнай лічбай стаяць нашы людзі. Сёлета на раённым узроўні адзначаны трактарысты-машыністы Віталій Вараб’ёў, Аляксандр Зусько, Андрэй Крапіўніцкі, галоўны ветэрынарны ўрач Анастасія Шарапежнікава. Мне ж хочацца дадаць, што кожны наш работнік – каштоўны і заслугоўвае самых добрых слоў, а разам мы – калектыў аднадумцаў, за плячыма якіх вялікая гісторыя, а наперадзе – светлая будучыня.
Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара і з архіва КСУП “Лукі-Агра”