Штогод сельская гаспадарка Карэліччыны паказвае выдатныя вынікі, атрымліваючы шматлікія ўзнагароды як на абласным, так і на рэспубліканскім узроўні. Праўда, адны сельгаспрадпрыемствы стабільна трымаюцца на п’едэстале, а іншыя павольна, крок за крокам, ідуць да станоўчага выніку. Адной з такіх гаспадарак можна ўпэўнена назваць КСУП “Малюшычы”, якая сёлета выйшла на больш высокі ўзровень у паказчыках малочнай жывёлагадоўлі.
У камунальным сельскагаспадарчым унітарным прадпрыемстве працуюць чатыры малочнатаварныя фермы, якія месцяцца ў вёсках Машэвічы, Волца, Малюшычы і Сэрвач. Апошняя была ўведзена ў эксплуатацыю пасля рэканструкцыі ў 2015 годзе і на дадзены момант з’яўляецца самай прадуктыўнай: сёлета тут упершыню атрымалі малако гатунку “экстра”.
– На ферме знаходзяцца дзвесце сорак шэсць галоў, восем работнікаў і адна звычайная даільная ўстаноўка, – расказвае намеснік старшыні КСУП “Малюшычы” Міхаіл Валчэцкі. – Аднак гэта не стала перашкодай для таго, каб атрымаць у гэтым годзе 1275 тон малака, што складае 118% да ўзроўню мінулага года. Агульная рэалізацыя прадукцыі, якая пастаўляецца ў Навагрудак, склала 1136 тон, з якіх 392 тоны – малако гатунку “экстра”.
МТФ “Сэрвач” пакуль не можа пахваліцца наяўнасцю рабатызаванай тэхнікі, таму праца тут, можна сказаць, ручная. Адна з даярак, Людміла Ціунчык, працуе на ферме з 1997 года і прызнаецца, што аб іншай справе ўвогуле не думала. Пачаўшы свой жыццёвы шлях з трыкатажнага атэлье, жанчына хутка ўладкавалася на ферму, дзе агульную мову з рагулямі знайшла адразу, без усялякай падрыхтоўкі.
– Побач з жывёлай я знаходзілася з самага дзяцінства, – ставячы на падлогу вядро з малаком, расказвае Людміла Уладзіміраўна. – Бачыла, як матуля доіць карову, і ў хуткім часе пачала гэта рабіць сама. Таму калі мяне прынялі на працу, ніякіх цяжкасцей не ўзнікла.
Сёлета валавыя прывагі буйной рагатай жывёлы ў КСУП “Малюшычы” склалі 405,4 тоны, што складае 111% да ўзроўню мінулага года. Сярэднясутачныя прывагі склалі 692 грамы, што на 49 адзінак больш за леташні паказчык. Што тычыцца галіны раслінаводства, на сённяшні дзень гаспадаркай нарыхтавана 31,4 цэнтнеры кармавых адзінак травяністых кармоў на адну ўмоўную галаву, намалочана 11 тысяч тон зерня. Таксама ў параўнанні з мінулым годам павялічыўся і паказчык ураджайнасці зерневых культур: з 45,6 ц/га ён вырас да 48,4 ц/га.
За плённую працу на карысць раёна Падзячным пісьмом старшыні Карэліцкага райвыканкама ўзнагароджаны жывёлавод МТФ “Даўгінава” Леанід Патук, які працуе на ферме больш за дваццаць гадоў.
– Калі мае сябры ў дзяцінстве марылі аб прафесіі касманаўта ці лётчыка, я ведаў адразу: буду жывёлаводам, – з упэўненасцю расказвае Леанід Уладзіміравіч. – Усё жыццё побач з братамі нашымі меншымі… Як тут змяніць род дзейнасці? Ды і навошта, калі насамрэч любіш тое, чым займаешся?..
Вікторыя КАСЦЮК
Фота аўтара