Не па-асенняму цёплае і сухое надвор’е падчас сёлетняй уборачнай кампаніі, якое хутчэй нагадвае жнівеньскую пару, спрыяе масавым сельскагаспадарчым работам на палях Карэліччыны. Шмат увагі сёння сканцэнтравана вакол царыцы палёў – кукурузы, якая з’яўляецца галоўнай стратэгічнай культурай, своеасаблівым кашальком сельгаспрадпрыемстваў, куды зазіраюць у зімовы перыяд.
Па аператыўнай інфармацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, на раніцу 22 кастрычніка практычна ўсе гаспадаркі раёна завяршылі ўборку
кукурузы на сілас. З неабходных 5079 га ўбрана 4934 га, альбо 97% ад плана. Сярэднераённая ўраджайнасць на ўчарашнюю раніцу склала 348 ц/га, валавы збор – 171569 тон.
У СВК “Свіцязянка-2003” здрабненне царыцы палёў на сілас завяршылі на мінулым тыдні. Атрыманы вынік задаволіў аграрыяў гаспадаркі.
– З 800 гектараў зямель адведзеных у гэтым годзе пад пасевы кукурузы на сілас і зерне, прыпадае 700 і 100 гектараў адпаведна, – адзначыў галоўны аграном СВК “Свіцязянка-2003” Аляксандр Мяцеліца. – У сіласныя траншэі заклалі 28753 тоны зялёнай масы, што ў поўнай ступені забяспечвае патрэбу буйной рагатай жывёлы ў якасных кармах на надыходзячы зімова-стойлавы перыяд. Сёлетняя ўраджайнасць вышэй леташняй і складае 411 ц/га.
На ўборцы кукурузы на сілас адказна адпрацавалі на “Ягуарах” механізатары гаспадаркі Мікалай Карпейчык і Мікалай Каралько. Уборку кукурузы на зерне давялося ўбачыць асабістымі вачыма каля вёскі Шчонава. На працягу некалькіх хвілін, калі залаты струмень кукурузных зярнят сыплецца ў кузаў машыны на адвозцы, ажно дух захоплівае. Вось ён, рэальны вынік шматмесячнай працы аграрыяў гаспадаркі.
Адказны ўчастак работы на “Палессі 1218” выконвае экіпаж у складзе камбайнера Рамана Пашкевіча і памочніка Аляксандра Мялешкі.
– Імкнёмся выкарыстаць кожны пагодлівы дзень, каб завяршыць абмалот кукурузы на зерне, – дзеліцца Аляксандр Мяцеліца. – На ўчарашнюю раніцу засталося ўбраць 10 га. У бліжэйшы час дасягнём 100-працэнтнага выніку. Вільготнасць зерня на ўзроўні 35%. З поля яно накіроўваецца на зернесушыльны комплекс, дзе дапрацоўваецца да 14%. Сёлетняя ўраджайнасць залатых зярнят складае 133 ц/га, што вышэй леташняга паказчыка.
На кукурузных палях КСУП “Лукі-Агра” гул матораў паступова сціхае. У першай палове бягучага тыдня вопытны механізатар гаспадаркі, перадавік на ўборцы зерневых Андрэй Штэйн за штурвалам надзейнага “Лексіёна” абмалаціў апошнія гектары царыцы палёў.
– Сёлета, нягледзячы на выкананне ўсіх неабходных агратэхналагічных тэрмінаў, надвор’е не дазволіла нам атрымаць леташніх паказчыкаў, – адзначыў вядучы аграном-аграхімік КСУП “Лукі-Агра” Павел Тананка. – Кукурузе не хапіла вільгаці. З адведзеных пад гэту культуру 450 га было запланавана здрабніць на сілас 370 га і абмалаціць на зерне 80 га. Аднак першыя асеннія замаразкі ўнеслі карэктывы ў ход уборачнай кампаніі. Кукуруза падмерзла, у выніку чаго страціла пажыўную каштоўнасць. Здрабняць яе і закладваць у сіласныя траншэі не было ніякага сэнсу. Таму вырашылі абмалаціць на зерне 172 га.
З кожнага гектара лукскія аграрыі атрымалі 120 цэнтнераў зярнят. Кукурузнае багацце гаспадаркі ўяўляе сабой 1864 тоны кукурузнага зерня, якое пасля дапрацоўкі будзе адпраўлена ў зернясховішча. У сельгаспрадпрыемстве ёсць свой камбікормавы цэх, таму кукурузная мука будзе ўводзіцца ў рацыён буйной рагатай жывёлы, свіней. Па выніках уборкі царыцы палёў на сілас КСУП “Лукі-Агра” можна па праве назваць кукурузным лідарам Карэліччыны. Аграрыі гаспадаркі атрымалі найвышэўшую ў раёне ўраджайнасць – 499 ц/га, заклаўшы ў сіласныя траншэі 13866 тон зялёнай масы.
ДАВЕДКА
У Карэліцкім раёне ўбрана 97% кукурузы пры ўраджайнасці 348 ц/га. Валавы збор царыцы палёў складае 171569 тон.
Аксана ЯНУШ
Фота аўтара