У Глускім раёне віншавалі вадзіцеляў-тысячнікаў
Леанід Палазняк, Уладзімір Клыга і Уладзімір Няборскі сталі гэтымі днямі ў Глускім раёне героямі жніва. Усе трое — вадзіцелі-тысячнікі, і з гэтай нагоды ў гаспадаркі, дзе яны працуюць, завіталі з віншаваннямі прадстаўнікі раённай улады і прафсаюзных арганізацый.
Першым на гэтым тыдні падарункі і словы падзякі за адказную працу прымаў вадзіцель Глускага райаграпрамтэхзабеспячэння Леанід Палазняк. На пачатку тыдня на яго рахунку было 1086 тон перавезенага зерня і масланасення рапсу. Сёлетняя тысяча тон — не першая ў працоўным жыцці Леаніда Палазняка, бо ў гэтай сельгасарганізацыі ён — толькі падумайце — 42 гады! Больш за 20 год адпрацаваў на КАМАЗе (прычым на адным і тым жа, і гэтым па праве ганарыцца), потым на МАЗе вазіў зерне на хлебакамбінат, і вось ужо некалькі год яму давяраюць адвозку ад камбайнаў, у свой час ён ужо станавіўся тысячнікам. Падзячны ліст ад Глускага раённага выканаўчага камітэта Леаніду Палазняку 12 жніўня на мехдвары ўручыў намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Анцюшэня, ад раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК — старшыня райкама Віктар Лугін.
Такі ж Падзячны ліст ад райвыканкама і Падзяку райкама прафсаюза атрымаў яшчэ адзін вадзіцель Глускага РАПТЗ — Уладзімір Клыга. Яго імя таксама на слыху, у сваёй гаспадарцы Уладзімір Мікалаевіч заўсёды ў ліку першых. Між іншым, у мінулым годзе на рэспубліканскім свяце ў Александрыі яму за сумленную працу ўручылі дыплом Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта, па выніках 2018 года ён быў ушанаваны Ганаровай граматай раённага выканаўчага камітэта. Калі “капнуць” глыбей, то можна ўспомніць і раённыя Дажынкі 2014 года, дзе вадзіцель РАПТЗ Уладзімір Клыга атрымаў Падзячнае пісьмо старшыні райвыканкама. Годна працаваць і далей, з гонарам несці званне перадавіка, а яшчэ каб дарога яго, і вадзіцельская, і жыццёвая, заўсёды была бяспечнай — такія пажаданні гучалі ў адрас Уладзіміра Клыгі, які на дадзены момант перавёз ужо 1068 тон .
У адрозненне ад вышэйназваных калег-перадавікоў, вадзіцель Уладзімір Няборскі ў сельскай гаспадарцы зусім нядаўна — у “Турыно-агра” прыйшоў гады з тры таму назад. Прыйшоў — і часу на раскачку сабе не даў, адразу ўзяўся за агульную справу, як за сваю, таму і прапісаўся ў лідарах. Падчас уборачнай-2017 быў памочнікам камбайнера, тады экіпаж братоў Няборскіх намалаціў больш за тысячу тон. Тысячнікам Уладзімір Няборскі, толькі ўжо ў якасці вадзіцеля, стаў і ў мінулым годзе — перавёз паўтары тысячы тон зерня плюс 150 тон масланасення рапсу. На сённяшні дзень у яго на рахунку 1043 тоны. З падзякай ад Глускага райвыканкама віншаваць перадавіка ў Турыно прыехаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Генадзь Ліпскі, Падзяку ад райкама прафсаюза АПК уручыў Віктар Лугін.
Да пажаданняў здароўя, дабрабыту і поспехаў у працы далучыліся таксама старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Аляксандр Леўчанка і намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Аляксандр Кульба. Вадзіцелі-тысячнікі атрымалі падарункі і грашовыя прэміі, свой падарунак — звонкія песні — віноўнікам урачыстасці прывезлі таксама артысты раённага Дома культуры.
А. ПЯТРОВА
Фота аўтара