Работнікаў сталовых, як і камбайнераў, вадзіцеляў на адвозцы збожжа, працаўнікоў на зернесушыльных комплексах, па праве можна лічыць непасрэдныміі актыўнымі ўдзельнікамі ўборачнай кампаніі. Як вядома, толькі ў сытага працаўніка і работа ладзіцца, і настрой добры. Ну а хто ж, як не добры повар, смачна накорміць хлебароба?
Клапаціцца аб харчаванні мясцовых аграрыяў кіраўніцтва шэрагу гаспадарак раёна пачало задоўга да пачатку палявых работ. Так, у СВК “Жухавічы” быў зроблены капітальны рамонт сталовай, набыта сучаснае абсталяванне. Новая ўтульная сталовая КСУП “Племзавод “Карэлічы” сёння размяшчаецца ў будынку Дома механізатара на мехмайстэрнях у агр. Палужжа. Сталовая КСУП “Лукі-Агра” таксама сустрэла пачатак палявых работ у абноўленым выглядзе: у 2018-2019 гадах тут быў праведзены капітальны рамонт, усталявана вентыляцыя, набыты дзве газавыя пліты, мэбля.
– Ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах раёна харчаванне ўдзельнікаў жніва наладжана належным чынам, – адзначыла старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Ірына Пянькоўская. – Кожны дзень работнікі сталовых 10 гаспадарак Карэліччыны рыхтуюць каля 805 абедаў і 475 вячэр. У сярэднім па раёне кошт абеду для ўдзельнікаў жніва складае 65 капеек, вячэры – 35. 22 машыны дастаўляюць ежу механізатарам прама ў поле, не адрываючы іх ад работы. Першай гаспадаркай,
дзе давялося асабіста адчуць прыемны пах свежапрыгатаванага абеду, стаў СВК “Свіцязянка-2003”. Сёлета кіраўніцтва гаспадаркі набыло 129 індывідуальных тэрмасаў для першых і другіх страў, зручнасць якіх ужо ацанілі і работнікі сталовай, і механізатары. Таксама былі закуплены пласмасавыя кантэйнеры для салатаў.
– Безумоўна, як і да ўсяго новага, да тэрмасаў нашым хлопцам трэба было прывыкнуць. Але прывыклі
хутка, і сёння ўсе задаволены, – дзеліцца загадчыца сталовай СВК “Свіцязянка-2003” Алена Сак. – Штодзень чатыры машыны па розных маршрутах развозяць каля 100 абедаў і 65 вячэр. На час уборачнай кампаніі ў якасці раздатчыц у сталовай працуюць члены студэнцкага атрада Анастасія Мялешка і Сняжана Мяцеліца, якія развозяць абеды механізатарам. Ведаеце, якая самая вялікая ўзнагарода для повара? Чуць шчыры дзякуй за смачны абед.
Пра дзённае меню працаўнікоў КСУП “Цырын-Агра” змагла падрабязна даведацца падчас наведвання сталовай гаспадаркі.
– Сёння на абед суп з макаронамі, грэчка з катлетай, салат і кампот. На вячэру смажаніна, салат з капусты і кампот з булачкай, – расказвае повар Святлана Максімчык. – Кошт абеду складае 65 капеек, вячэры – 35. Сёння, напрыклад, прыгатавалі 87 абедаў. Заўсёды стараемся, каб ежа была сытная і смачная. Акрамя работнікаў гаспадаркі, на зернесушыльным комплексе ў агр. Цырын за абедам давялося застаць моладзь са студатрада, які прыступіў да працы 15 ліпеня.
– У студатрад прыйшоў упершыню, – дзеліцца Яўгеній Захарчанка. – Працаваць мне падабаецца. І кормяць добра. А на свежым паветры абед удвая смачнейшы здаецца!
Аксана ЯНУШ
Фота аўтара