Хлебаробы СВК “Дружба-Аўцюкі” працуюць на вынік

Источник материала:  
15.07.2019 —

Хлебаробы СВК “Дружба-Аўцюкі” працуюць на вынік

Поўдзень ліпеньскага дня. Ва ўрочышчы Хабацец, што паміж Ладыжынам і Малымі Аўцюкамі, сцяной стаіць спелае збожжа — азімае трыцікале. Самы час малаціць. Здаля чуецца і набліжаецца гул матораў. Сюды ідуць чатыры камбайны СВК “Дружба-Аўцюкі”.

Адзін за адным прама з дарогі камбайнеры апускаюць жаткі, і над полем разносіцца зладжаны лязгат нажоў і барабанаў, а разам з ім разліваецца прыемны пах свежай саломы.

—Вось каб надвор’е пастаяла, то мы б, безумоўна, ужо больш убралі, – гаворыць намеснік старшыні СВК Мікалай Брокар. – Паспелі рапс на плошчы 194 гектары зжаць, і азімы ячмень убралі, прыкладна 250 гектараў азімага жыта. А вось азімае трыцікале толькі 5 % ад агульнай плошчы і набярэцца.

Позірк ён пераводзіць на галоўнага агранома Юрыя Пунтуса, які згодна ківае галавой.

—Вільготнасць высокая? – пытаюся.

—18-20 працэнтаў, – адказвае Юрый Пунтус.

—О, гэта яшчэ нічога! – уключаецца ў размову Мікалай Брокар. – Было ў нас да 25-27%. Сушылка выручае.

Хлебаробы СВК “Дружба-Аўцюкі” працуюць на вынік

Камбайнёры гаспадаркі Віктар Дулуб (злева) і Мікалай Есьман

Камбайны працуюць не толькі на ўборцы збожжа, пяць машын убіраюць у Вялікіх Аўцюках гарох.

—І колькі ўжо агульнага намалоту?

—Больш за 750 тон, – гаворыць намеснік старшыні СВК.

—А ўраджайнасць?

—Ну, пакуль грэх скардзіцца, – адказвае Юрый Пунтус. – У сярэднім 23-25 цэнтнераў, а на асобных участках і 25 з гектара перавышае. Так што будзем спадзявацца на лепшае.

—З хлебам-то мы будзем, – дадае Мікалай Брокар, – але хочацца яшчэ каб і з прыбыткам!

Пакуль мы на ўскрайку хлебнай нівы размаўлялі з намеснікам старшыні і галоўным аграномам гаспадаркі, камбайны выстрыглі добры лапік поля, і першы самазвал са спелым збожжам адправіўся на зерняток.

Знянацку невялікая хмара сыпанула буйнымі кроплямі дажджу. Юрый Пунтус падаў каманду камбайнам прыпыніць работу. Зноў павышаная вільготнасць.

У першых двух камбайнах, якія стаялі на ніве, мы пазналі добрых знаёмых – Мікалая Есьмана і Віктара Дулуба. Вопытныя, працавітыя і адказныя хлебаробы. Не першы год яны за штурваламі камбайнаў, былі тысячнікамі. Мікалай сёлета на ўборцы з сынам Аляксандрам, у Віктара памочнікам Рыгор Есьман. Цікаўлюся працоўнымі поспехамі.

—А, якія там поспехі з гэткім надвор’ем, – адмахваецца Мікалай Есьман. – Тон 180 усяго толькі і намалаціў. – А ў мяне каля 150, – дадае Віктар Дулуб.

Хлебаробы СВК “Дружба-Аўцюкі” працуюць на вынік

—Тысячнікамі будзеце? – пытаюся.

У адказ камбайнеры пасміхаюцца. І я разумею, што настрой у іх ёсць, што гэта ім па сілах. Бо ў СВК “Дружба-Аўцюкі” заўсёды працуюць на вынік.

 

Аляксандр Века.

Фота Мікалая Барысенкі.

← Першыя тоны збожжа — дзяржаве

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика