З 28 мая пачалася корманарыхтоўка ў КУВСП імя Маркава
— Стой, ямщик! Жара несносная,
Дальше ехать не могу!
Вишь, пора-то сенокосная —
Вся деревня на лугу.
Гэтымі радкамі класіка рускай літаратуры Мікалая Някрасава можна смела характарызавать надвор’е, якое ўсталявалася ў нас у пачатку чэрвеня. Слупок тэрмометра дасягае адзнакі +30 градусаў. З-за засухі травастой на сенажаці вельмі слабы — у глебе не хапае вільгаці. Тым не менш, прыйшоў час корманарыхтоўкі.
Аднымі з першых пачалі працэс нарыхтоўкі кармоў для зімовага ўтрымання жывёлы ў КУВСП імя Маркава. Тэхніку на сенажаць гаспадарка вывела 28 мая.
— На сённяшні дзень мы займаемся нарыхтоўкай сенажу ў траншэі і ў полімерную плёнку, — тлумачыць намеснік кіраўніка гаспадаркі па ідэалогіі Анатолій Дзітрыс. — Па стане на 4 чэрвеня заклалі 590 тон сенажу і 82 тоны нарыхтавалі ў полімерную плёнку. Скошваннем траў на пераабсталяваным камбайне “Ліда-1300” займаецца Дзмітрый Осіпаў. На здрабненні правяленай масы задзейнічаны механізатар Аляксандр Кірэй, ён працуе на комплексе “Ягуар-850”.
Мы трапілі на сенажаць каля ўрочышча Хвастова. На 70-гектарнай плошчы механізатары па чарзе пад’язджалі да “Ягуара” і загружалі прычэпы сваіх трактараў здрабнёнай правяленай масай. Што і казаць, травастой тут вельмі рэдкі, валкі канюшыны зусім вузкія.
— Сёлета, як самі бачыце, з-за засухі трава вырасла дрэнна, — сказаў нам, спыніўшы тэхніку, Аляксандр Кірэй. — Каб загрузіць прычэп ПІМ-40 або ПС-45 патрэбна не менш за 20 хвілін.
Аляксандр сцвярджае, што для такога магутнага корманарыхтоўчага агрэгата, на якім ён працуе, патрэбна зялёная маса ў чатыры разы гусцейшая. Але, на жаль, сёлета вырасла толькі такая.
На адвозе “зялёнкі” задзейнічаны чатыры адзінкі тэхнікі. Здрабнёную масу на трактарах перавозяць Канстанцін Руткоўскі, Анатолій Валяўка, Арцём Міхалевіч. На дапамогу ў сельгаспрадпрыемства з ААТ “Даватарскі” прыехаў Валянцін Мядзюха. Мужчына ўжо чацвёрты год знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але падчас вясенняй пасяўной і корманарыхтоўкі садзіцца за руль свайго МТЗ-1221 і выконвае транспартныя работы.
— А чаму ж не дапамагчы гаспадарцы? — кажа механізатар. — Калі мяне просяць, то не магу адказаць, бо ведаю, што ў апошні час у сельгаспрадпрыемствах не хапае трактарыстаў. Менавіта таму і даю сваю згоду.
На МТФ “Рассвет” ішла закладка другой сянажнай траншэі. Першую, у якую змясцілі 461 тону “зялёнкі”, заклалі за тры дні.
— Трамбоўкай зялёнай масы ў нас на К-701 днём займаецца Віктар Катовіч, у начны час яго змяняе Сяргей Сакалоўскі, — тлумачыць Ірына Міхалевіч, якая праводзіць улік рэйсаў трактараў. — Прывезеную масу разраўноўвае на “Амкадоры” Аляксей Юшкевіч.
Вось так, планамерна, з веданнем справы, з захаваннем патрэбнай тэхналогіі пачалі корманарыхтоўку ў КУВСП імя Маркава. Між іншым, тут спадзяюцца, што пройдуць дажджы і другі ўкос будзе больш важкім.
Сяргей РАЙЧОНАК.




















