На Карэліччыне поўнасцю завершана пасяўная кампанія бягучага года. У глебу ў аптымальныя тэрміны закладзена насенне пад будучы ўраджай яравых зерневых, цукровых буракоў, кукурузы і іншых сельскагаспадарчых культур. Старанная праца механізатараў усіх сельгаспрадпрыемстваў раёна дазволіла Карэліччыне адной з першых у Гродзенскай вобласці дасягнуць 100-працэнтнага выніку і атрымаць ганаровае званне перадавіка пасяўной кампаніі 2019 года.
На фінальныя акорды сяўбы кукурузы мне пашанцавала трапіць на поле каля вёскі Пясочная, дзе механізатар СВК “Жухавічы” Уладзіслаў Дука на кукурузнай сеялцы закладваў будучы ўраджай царыцы палёў. Дарэчы, па пасяўной плошчы пад кукурузу “Жухавічы” з’яўляюцца раённым лідарам. Сёлета тут пасеяна 1070 га, з якіх 100 га кукурузы змалоцяць на зерне і 970 га здрабняць на сілас.
– У значнай ступені ход пасяўной кампаніі любой сельскагаспадарчай культуры дыктуюць умовы надвор’я, – адзначае галоўны аграном СВК “Жухавічы” Андрэй Бараноўскі, для якога гэтая пасяўная ў сельгаспрадпрыемстве першая. – Гэта датычыцца і сяўбы кукурузы. Не так даўно назіраліся начныя замаразкі, што, безумоўна, магло б пашкодзіць маладым парасткам. Таму свядома стрымлівалі ход пасяўной. Аднак крытычных паніжэнняў тэмпературы паветра не было, таму ўсходы кукурузы на тых палях, якія былі засеяны ў першую чаргу, выглядаюць добра.
Не сакрэт, што вясной вопытныя аграрыі думаюць не толькі аб тым, як пройдзе пасяўная, але і як якасна і без стратаў правесці ўборачную кампанію. Менавіта таму ў СВК “Жухавічы”, як і ў іншых гаспадарках раёна, сеюць высокаўраджайныя гібрыды кукурузы з рознымі тэрмінамі паспявання, што дазваляе паступова пераходзіць ад аднаго поля да іншага. Напрыклад, ранняспелы гібрыд “Талісман”, сярэдняспелыя “Фалькон” і “Феномен”, познаспелы гібрыд “Раналдзінія” і іншыя.
Па словах галоўнага агранома СВК “Жухавічы”, сёлетняя пасяўная кампанія прайшла спакойна і размерана. Пасеяна 240 га яравой пшаніцы, 235 га ячменю, 500 га цукровых буракоў і 1070 га кукурузы. Безумоўна, вялікая заслуга ў гэтым механізатараў, якія штодзень без выхадных працавалі з ранку да вечара. Плошчы пад азімымі культурамі таксама значныя: 802 га азімага трэцікале, 550 га азімай пшаніцы, 100 га жыта, 335 га рапсу.
– Якасна правесці пасяўную – адказная справа, – дзеліцца Андрэй Бараноўскі. – Не менш важны і догляд за ўсходамі: своечасова неабходна правесці падкормкі раслін, хімічныя апрацоўкі ад хвароб і шкоднікаў.
Безумоўна, над будучым ураджаем працуе не адзін чалавек. Старшыня СВК “Жухавічы” Дзмітрый Янкоўскі сабраў вакол сябе каманду граматных спецыялістаў, куды ўваходзяць галоўны аграном і аграхімік, аграном па насенняводстве і тры загадчыкі вытворчых участкаў, а таксама вопытныя механізатары і іншыя спецыялісты, якія працуюць на адзін вынік – высокі ўраджай.
СВК “Жухавічы” – адна з тых гаспадарак Карэліччыны, якая ідзе ў нагу з сучаснай аўтаматызацыяй, смела выкарыстоўваючы апошнія яе дасягненні і распрацоўкі. Доказам служыць набыты прыкладна месяц таму самаходны апрысквальнік MAZZOTTI італьянскай вытворчасці, які стаў першым у раёне і ўжо на працягу некалькіх тыдняў актыўна працуе на жухавіцкіх палях.
Шчыра кажучы, не з’яўляюся вялікім прыхільнікам і знаўцам сельскагаспадарчай тэхнікі, але новы жухавіцкі апрысквальнік уразіў і мяне. Удасканалены знешні выгляд, поўнае аўтаматычнае кіраванне, камфортныя ўмовы для працы механізатара, які адчувае сябе ў кабіне MAZZOTTI не інакш як у інамарцы апошняй мадэлі.
– Шырыня захопу апрысквальніка складае 24 метры, што, безумоўна, павялічвае вытворчыя характарыстыкі тэхнікі, – расказвае галоўны аграном СВК “Жухавічы”. – Яшчэ адна значная перавага апрысквальніка – гэта магчымасць праводзіць хімічную апрацоўку раслін, напрыклад, рапсу альбо кукурузы, вышыня якіх больш за паўтара метра. А гэта значыць, што штангі не будуць дакранацца да кветаносаў раслін, адпаведна, не змогуць ім пашкодзіць. І гэта далёка не ўсе перавагі новага апрысквальніка, які будзе спрыяць дасягненню выключна высокіх ураджайных вынікаў.
Аксана ЯНУШ
Фота аўтара