Аднымі з першых у раёне пасяўную распачалі ў ААТ «Жвіранка»
У аграрыяў Шаркаўшчынскага раёна пачалася адна з самых адказных кампаній — вясенняя пасяўная. Усе раёны вобласці прыступілі да сяўбы яравых культур. 27 сакавіка, як толькі дазволіла надвор’е, выехала першая сеялка на палеткі ў ААТ “Жвіранка”. У апошнія дні сакавіка тут пачалі сеяць шматгадовыя травы. 1 красавіка на 70-гектарнай плошчы загарнулі ў глебу насенне аўса.
Пры ўсіх складанасцях, з якімі сутыкаюцца амаль усе гаспадаркі не толькі нашага раёна, але і Віцебшчыны, у “Жвіранцы” стараюцца выконваць усе запланаваныя работы ў тэрмін. За зіму тут закупілі патрэбныя запасныя часткі, расходныя матэрыялы да тэхнікі, каб як след падрыхтаваць кожны трактар, прычапны інвентар да яго і вывесці тэхніку ў поле вясной. У пачатку тыдня, даведаўшыся, што ў Більдзюгах пасяўная кампанія ўзяла свой старт, мы, не марнуючы час, рушылі да мясцовых хлебаробаў.
Ва ўрочышчы Мяцелі, за цэнтральнай сядзібай гаспадаркі, сяўбу зернебабовых культур вёў механізатар Віктар Цімафееў на энерганасычаным МТЗ-3022 у счэпе з шасціметровай сеялкай “Амазон”. Пакуль механізатар спыніўся пад чарговую загрузку зернем, мы пагутарылі з ім.
— З 27 сакавіка я заняты на сяўбе, — кажа Віктар. — Сеялка хоць і эксплуатуецца ўжо дванаццаты сезон, але асаблівых нараканняў не выклікае, бо яе рамонт стараюся праводзіць своечасова. За дзень засяваю прыкладна 30-40 гектараў. Землі тут, як самі бачыце, пясчаныя, лёгкія, таму і тэхніка па іх рухаецца без перашкод і лішняй нагрузкі.
І сапраўды, калі загрузіўшы бункер зернем, Віктар рушыў на поле, яго трактар ахінуўся пылам з-пад сашнікоў і гумовых колаў агрэгата — глеба тут сохне імкліва.
Тым часам мы пераехалі ва ўрочышча Краснае. Каля вёскі Ваўчкі ўзорваннем глебы займаўся механізатар Алег Андруковіч на К-744 з васьмікорпусным абаротным плугам. Спыніўшы свой “Кіравец”, каб працерці ад пылу лабавое шкло кабіны трактара, механізатар нават не заўважыў, як да яго падышоў карэспандэнт з фотакамерай.
— Што вы, не трэба мяне фатаграфаваць, — крыху збянтэжыўся трактарыст. — Ёсць іншыя хлопцы, якія заслугоўваюць увагі за сваю працу.
Але ўсё ж нам удалося ўгаварыць Алега зрабіць фотаздымак, тым больш, што чалавек ён паважаны ў гаспадарцы, перадавік сельгасвытворчасці, які не аднойчы станавіўся пераможцам раённых спаборніцтваў. Тэхніка ў мужчыны дагледжаная, заўсёды ў спраўным стане. Вось і сёлета К-744 Алега Андруковіча без праблем прайшоў тэхнічны агляд, хоць “сталёваму каню” ўжо 13 год.
На суседнім полі падрыхтоўку глебы пад сяўбу праводзіў Алег Пяткевіч на МТЗ-3022 у счэпе з чызелем. А следам за ім рухаўся Міхаіл Мітчанкаў на К-744 з кёрлінгам.
— Мой працоўны дзень пачынаецца ў 6 гадзін раніцы, — кажа Міхаіл, — спачатку развожу кармы для жывёлы на ферме на МТЗ-82, а затым перасаджваюся на “Кіравец” і еду на поле. Механізатараў у апошні час у гаспадарцы вельмі не хапае, таму за некаторымі трактарыстамі замацаваны па некалькі адзінак тэхнікі. Вось і цяпер пасля абеду зноў паеду на ферму падвозіць кармы. На адпачынак часу зусім няма.
— Нічога не зробіш, такая ў нас, механізатараў, нялёгкая праца, — далучыўся да размовы Алег Пяткевіч. — Крыху адпачылі за зіму, калі даводзілі да ладу сваю тэхніку, а цяпер шчыруем на палетках увесь светлавы дзень. Трэба спяшацца, каб своечасова правесці пасяўную кампанію.
— Хлопцы вельмі старанныя, добрасумленныя. Такімі механізатарамі мы ганарымся, — падкрэсліў галоўны аграном Анатолій Заляціла. — Наогул, механізатараў нам не хапае. Тым не менш, стараемся ўсе віды палявых работ выконваць у тэрмін. Самі бачыце, на некаторых палях, асабліва пясчаніках, глеба сохне хутка, таму і тэмпы работ з кожным днём нарошчваем.
Сёлета яравы клін па гаспадарцы павінен скласці 1.963 гектары. Плануем пасеяць 1.069 га яравых зерневых культур, 500 — кукурузы, 212 — рапсу. Цяпер актыўна вядзём падрыхтоўку глебы пад сяўбу. Пакуль задзейнічана адна сеялка “Амазон”, хутка падключым дадаткова пасяўны агрэгат АПП-6А і сеялку СЗТ-5,4.
Значна складаней справы з набыццём мінеральных удабрэнняў, іх катастрафічна не хапае. А каб атрымаць добры ўраджай, як вядома, трэба зямлю не толькі старанна апрацаваць, але яшчэ і ўнесці ў яе патрэбную колькасць удабрэнняў. Маем у наяўнасці толькі 30 тон КАСу і 200 тон калію. А ў планах трэба падкарміць 1.500 га азімых культур, 2.000 га шматгадовых траў, пашу. І ўсё ж жывём з надзеяй на лепшае, а для гэтага шчыра працуем, каб мець станоўчыя вынікі і будучы ўраджай.
Пасля гутаркі з галоўным аграномам на поле прыехала аўтамашына — механізатарам прывезлі гарачыя абеды. Работнік сталовай Аксана Дарашкевіч раздала кожнаму порцыі смачна прыгатаваных страў, каб трактарысты, добра падсілкаваўшыся, зноў рушылі па палетках на сваіх “сталёвых конях”. Старт пасяўной дадзены. У добры шлях, сейбіты “Жвіранкі”!
Сяргей РАЙЧОНАК.