На палях ААТ “Нясвіжскія Астроўкі” бурліць жыццё, вясной фронт работ у аграрыяў немалы. Так, у мінулую суботу механізатар Анатоль Чыркун правёў ужо другую падкормку азімага рапсу азотнымі ўгнаеннямі. Культура на ўсіх 150 га нядрэнна перазімавала і ў цэлым знаходзіцца ў добрым стане. Зараз механізатар працягвае догляд шматгадовых траў. На ўчарашнюю раніцу мінеральныя ўгнаенні былі ўнесены на 212 гектарах, што складае 44 працэнтаў ад плана.
Як расказаў галоўны аграном гаспадаркі Аляксей Грох, з паня-дзелка ў гаспадарцы пачалі сяўбу шматгадовых траў. Іх Аляксандру Сукалу трэба пасеяць на плошчы 61 га. У аптымальныя агранамічныя тэрміны тут пасеялі і яравыя збожжавыя культуры — з 21 па 30 сакавіка. Буракі пачнуць сеяць, як толькі глеба прагрэецца да +5 — +7 градусаў. На палі ў поўным аб’ёме ўнесены мінеральныя ўгнаенні — фосфар і калій, азот жа будзе ўносіцца непасрэдна перад сяўбой. Таксама пад цукровыя буракі і кукурузу сёлета неабходна было ўнесці 17 тысяч тон цвёрдых арганічных угнаенняў. З гэтым у гаспадарцы ўжо справіліся на 90 %. Работы вядуць Юрый Манулік, Аляксандр Ражко і Уладзімір Жэрка.
Яравы клін у гэтым годзе ў “Нясвіжскіх Астроўках” складзе 1416 гектараў. На 441 га пасеяны ячмень, на 15 га — авёс. 30 гектараў зоймуць зернебабовыя культуры, 150 — кукуруза на зерне, 400 — кукуруза на сілас. На 280 гектарах размесцяцца цукровыя буракі, на 100 — аднагадовыя травы. На ўсёй пасяўной плошчы механізатары закрылі вільгаць, зараз вядзецца ворыва, палі рыхтуюцца пад сяўбу цукровых буракоў.
Аксана Грох.