Віншаванні з юбілеем прымаў Іосіф Геніс з КУВСП імя Маркава

Источник материала:  
27.03.2019 —
Віншаванні з юбілеем прымаў Іосіф Геніс з КУВСП імя Маркава

Юрый Лазарэц (справа) віншуе з юбілеем Іосіфа Геніса

— Паважаная рэдакцыя, сёння ў нашага калегі, спецыяліста па забеспячэнні КУВСП імя Маркава Іосіфа Дамінікавіча Геніса, юбілей. Гэтаму чалавеку споўнілася 60 год, — сказаў у час тэлефанавання намеснік кіраўніка сельгаспрадпрыемства па ідэалогіі Анатолій Андрэеевіч Дзітрыс. — Не адмоўце, калі ласка, прыедзьце ў Радзюкі, каб напісаць пра яго.

Што ж, на такую прапанову мы не змаглі не адгукнуцца, тым больш, што Анатолій Андрэевіч сам прыехаў за нашым карэспандэнтам. Мы мелі магчымасць пазнаёміцца з юбілярам упершыню. Чалавек ён не вельмі гаваркі і адмаўляўся ад інтэрв’ю, маўляў, не такая ён асоба, каб пісаць аб радавым спецыялісце на старонках газеты.

— Не, гэта ён сёння сціплы, а на самой справе з’яўляецца душой кампаніі, выдатным работнікам і проста добрым чалавекам, — запэўніў нас кіраўнік сельгаспрадпрыемства Юрый Захаравіч Лазарэц.

Нарадзіўся Іосіф Дамінікавіч у вёсцы Іванскія, якая знаходзіцца недалёка ад Радзюкоў. Пасля тэрміновай службы ў войску паступіў у Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію. Атрымаўшы кваліфікацыю заатэхніка, некаторы час жыў і працаваў у Докшыцкім раёне. Але так лёсам было наканавана, што ў сярэдзіне 1980-х гадоў Іосіф Дамінікавіч вярнуўся на малую радзіму. Паспрыяў гэтаму былы першы сакратар райкама кампартыі Мечыслаў Часлававіч Сезянеўскі.

— Працаваць даводзілася на розных пасадах, — успамінае Іосіф Дамінікавіч. — Быў і заатэхнікам, і інжынерам па тэхніцы бяспекі, і механічнымі майстэрнямі некаторы час загадваў. Не мяняў толькі саўгас.

Шмат год Іосіф Дамінікавіч займае пасаду спецыяліста па забеспячэнні КУВСП імя Маркава. Як вядома, праца заключаецца ў тым, каб забяспечыць усім неабходным сваю арганізацыю, але пры гэтым на выгадных умовах. Тут важна закупіць патрэбныя матэрыялы добрай якасці, але пры гэтым за меншыя грошы. Мець свой асабісты падыход да кожнага чалавека.

— Кіраўнік любога прадпрыемства, і я ў тым ліку, зацікаўлены, каб у яго камандзе працавалі адказныя работнікі, асабліва, калі яны маюць зносіны з вялікай колькасцю людзей, — кажа Юрый Захаравіч Лазарэц. — Іосіф Дамінікавіч адносіцца да ліку такіх. Ён у поўнай меры спраўляецца з ускладзенымі абавязкамі. Працу сваю ведае дасканала, за што і карыстаецца павагай і аўтарытэтам у калектыве.

19 сакавіка кіраўніцтва, прафкам, спецыялісты і прадстаўнікі бухгалтэрыі КУВСП імя Маркава ўрачыста павіншавалі Іосіфа Дамінікавіча з 60-годдзем, уручылі юбіляру падарункі, пажадалі трывалага здароўя, аптымізму, далейшых поспехаў у працы і сямейнага дабрабыту.

Сяргей РАЙЧОНАК.

Comments are closed.

Яндекс.Метрика