Ад выпрабавання вайной — да мірнай стваральнай працы. У ААТ «Буеўшчына» успамінамі падзяліліся працаўнікі сельскай гаспадаркія. мясцовыя жыхары — удзельнікі баявых дзеянняў у Афганістане

Источник материала:  
25.01.2019 —

Ад выпрабавання вайной — да мірнай стваральнай працы. У ААТ «Буеўшчына» успамінамі падзяліліся працаўнікі сельскай гаспадаркія. мясцовыя жыхары — удзельнікі баявых дзеянняў у АфганістанеУдзельнікі баявых дзеянняў у Афганістане – людзі з асаблівым складам характару. Вытрымка і мужнасць, бадай што, асноўныя якасці, якія фарміруюцца падчас службы і застаюцца з “афганцамі” на ўсё жыццё. Як ніхто іншы, гэта добра ведаюць жыхары аграгарадка Іёды: Віктар Часлававіч Дземідовіч, Аляксандр Пятровіч Слабовіч, Вячаслаў Ігнацьевіч Пабяржын, Алег Казіміравіч Падоба, Анатолій Пятровіч Сямёнаў і Антон Вацлававіч Паўловіч. Яшчэ зусім маладымі хлопцамі, ва ўзросце 18-19 год яны асабіста  на сабе адчулі тэмпературу “гарачай кропкі” Афганістан,годна выканалі свой воінскі абавязак,  а вярнуўшыся на радзіму стварылі  сем’і і  значную частку жыцця адпрацавалі ( а большасць з іх  працуюць і зараз) у сельскагаспадарчай вытворчасці, на тэрыторыі роднай гаспадаркі. Усе названыя мужчыны   — механізатары, лепшыя ў ААТ “Буеўшчына”.

У кожнага з маіх суразмоўцаў  ужо даўно свае сем’і, павырасталі дзеці, амаль усе, за выключэннем самых маладых,  дачакаліся і ўнукаў.  У Алега Падобы ўжо 4 ўнучкі.   З асаблівай цеплынёй пра сваіх 6 ўнукаў расказвае Антон  Паўловіч – механізатар з 40-гадовым стажам работы ў сельскай гаспадарцы. Зараз мужчына ўжо на заслужаным адпачынку. Жыццё не прайшло дарэмна і ёсць што успомніць усім працаўнікам “ААТ“Буеўшчына”, якія выконвалі свой воінскі абавязак на тэрыторыі Рэспублікі Афганістан.

Але ўсё ж час ад часу,асабліва напярэдадні Дня памяці, сустрэўшыся разам, абавязкова  ўзгадаюць мужчыны той няпросты перыяд свайго жыцця, які, безумоўна, аказаў уплыў на лёс кожнага.

-Вайна – гэта заўсёды трагедыя для вялікай колькасці людзей. І ў той жа час менавіта ў арміі, а тым больш на вайне ва ўзаемаадносінах паміж салдатамі  раскрываюцца лепшыя мужчынскія якасці. Знаходзячыся там, па-іншаму  пачынаеш разумець такія якасці, як  дружба, шчырасць, высакароднасць, бескарыслівасць і ахвярнасць,-адзначыў адзін з воінаў-інтэрнацыяналістаў Алег Казіміравіч Падоба.

Сам Алег за службу ў Афганістане ўзнагароджаны медалём “За баявыя заслугі”.Службу праходзіў  з 1985 па 1987 год на тэрыторыі правінцыі Гардэз, горада на усходзе Афганістана. У Афгане  атрымаў пазачарговае афіцэрскае званне, з’яўляўся намеснікам камандзіра ўзвода, удзельнічаў у баявых аперацыях.У вёсцы Іёды Алег Казіміравіч пачаў працаваць механізатарам яшчэ ў 1983 годзе. 2 гады  выконваў  воінскі абавязак. А пасля службы ў Афгане вярнуўся на былое месца працы.  Механізатарам Алег Казіміравіч працуе і па сённяшні дзень, шмат гадоў уваходзіць у лік лепшых механізатараў раёна.

Былы афганец Віктар Часлававіч Дземідовіч таксама шмат гадоў адпрацаваў у сельскагаспадарчай вытворчасці. Апошнія 6 гадоў ажыццяўляе догляд за хворай маці. На службу ў Афганістан мужчына  быў прызваны у студзені 1981 года, а вярнуўся дадому ўжо ў 1983-м. У арміі з’яўляўся  старшым вадзіцелем БТР, суправаджаў калоны, удзельнічаў у баявых аперацыях.

Ёсць што ўспомніць пра былую службу і Аляксандру Пятровічу Слабовічу – былому воіну- афганцу,танкісту, а ў цяперашні час – механізатару ААТ “Буеўшчына”. У Афган  Аляксандр трапіў  у 1982 годзе, быў камандзірам аддзялення, займаўся суправаджэннем калон. Дадому вярнуўся  крыху больш чым праз год, пасля цяжкага ранення.

Медалём “За адвагу” за перыяд службы ў дэмакратычнай Рэспубліцы Афганістан  ўзнагароджаны Антон Вацлававіч Паўловіч,у Кабул ён трапіў ужо ў 1980 годзе, адкуль у хуткім часе быў пераведзены ў ваенную часць правінцыі Газні, менавіта там на працягу амаль 2 гадоў і праходзіла яго служба. Быў вадзіцелем бронетранспарцёра.

З 1990 года працуе механізатарам у Іёдах Вячаслаў Ігнацьевіч Пабяржын, таксама ўдзельнік баявых дзеянняў у Афганістане. З мая 1987 года пачалася яго служба, якая доўжылася амаль 2 гады. Вячаслаў быў камандзірам разліку зброі Д-30.

А ўжо пра вывад савецкіх войскаў з тэрыторыі Афганістана можа многае расказаць Анатолій Пятровіч Сямёнаў – самы малады з іёдскіх афганцаў. Яго служба праходзіла ў пагранічных войсках у Туркменіі – на мяжы з тэрыторыяй Афгана і завяршылася ў дзень вываду – 15 лютага 1989 года. Сярод узнагарод воіна-інтэрнацыяналіста  — медаль“За адзнаку ў ахове дзяржаўнай мяжы СССР” і іншыя.

-Нават пасля вываду многія не ведалі, што пагранічныя войскі прысутнічалі Ў Афгане, на тым баку мяжы,-падзяліўся ўспамінамі Анатолій Сямёнаў, якому таксама неаднаразова  даводзілася ўдзельнічаць у баявых аперацыях. Бо нельга было дапусціць, каб праз мяжу, на тэрыторыю  Савецкага Саюза трапілі  караваны са зброяй ці наркатычнымі рэчывамі.У мірны ж час, вярнуўшыся на радзіму, Анатолій застаўся верным і абранай яшчэ ў маладосці прафесіі. Разам з сям’ёй ён пражывае ў Іёдах і ўжо звыш 30 гадоў  працуе механізатарам у мясцовым сельгаспрадпрыемстве.

Як адзначыў старшыня Іёдскага сельскага Савета дэпутатаў Віктар Віктаравіч Катовіч – жыхары аграгарадка Іёды, якія ў свой  час годна выканалі свой воінскі абавязак у Афганістане, заўсёды былі надзейнай апорай і ў сваіх сем’ях, і ў калектыве мясцовага сяльгаспрадпрыемства, дзе сумленна і шчыра працуюць не адзін дзясятак гадоў. На такіх людзях трымаецца сучасная вёска.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.

Comments are closed.

Яндекс.Метрика