Слава рукам працавiтым!
Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК, па-добраму запомніцца многім працаўнікам галіны заслужанымі ўзнагародамі, кветкамі і падарункамі. Адпаведны настрой яшчэ напачатку сустрэчы ў РЦК стварыла не толькі дэгустацыя смачна-карыснай прадукцыі мясцовых перапрацоўшчыкаў, але і прэзентацыя з тэматычнай падборкай фотаздымкаў. Прысутным у зале было прыемна ўбачыць сваё фота на ферме, у полі ці вытворчым цэху.
Старшыня райвыканкама Павел Налівайка ў прывітальным слове падкрэсліў, што на сучасным этапе вялікая ўвага надаецца развіццю ўсяго аграпрамысловага комплексу. Вёска сёння — гэта не толькі вытворца сельгаспрадукцыі, але і захавальнік гістарычных традыцый. Кіраўнік раёна расказаў аб тэхнічных магчымасцях асіповіцкіх сельгаспрадпрыемстваў, эфектыўнай рабоце мясцовых перапрацоўшчыкаў. За ўсімі поспехамі — самаадданая праца людзей, за што ўсім і была выказана вялікая падзяка. Прагучала і спадзяванне, што жыццё на Асіповіччыне будзе станавіцца толькі лепшым.
Далучыўся да віншаванняў і старшыня райсавета дэпутатаў Сяргей Сувееў. Ён выказаў перакананне, што людзям, якія працуюць на зямлі, не страшны ніякі крызіс: кожны дзень яны робяць усё магчымае, каб выканаць найважнейшую задачу — забяспечыць харчовую бяспеку краіны.
Шэраг працаўнікоў атрымалі Ганаровыя граматы райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў, Падзячныя лісты старшыні райвыканкама.
Працягнулі ўзнагароджванне прафсаюзныя лідары. Старшыня райкама прафсаюза АПК Святлана Сідарэнка пажадала, каб нашым аграрыям заўсёды садзейнічала надвор’е, а кожны з землякоў меў багаты самымі разнастайнымі прадуктамі стол. Старшыня райаб’яднання прафсаюзаў Алена Паргачова ў сваім звароце зрабіла акцэнт на важнасці ў любой справе калектыўнага духу.
Лепшым прадстаўнікам сельскай моладзі ў рамках акцыі “Мы славім чалавека мірнай працы” памятныя падарункі ўручыла намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі фонд міру” Ганна Землянухіна. На сцэну запрашаліся ветурач філіяла “Белшына-агра” Вікторыя Багдановіч, галоўны аграном ААТ “Авангард-Ніва” Алеся Бондарава, аператары машыннага даення Аксана Цясельская, Аксана Крыўцова і Вікторыя Берасневіч з акцыянерных таварыстваў “ЖорнаўкаАГРА”, “Каменічы” і “Ясень-АГРА” адпаведна, а таксама брыгадзір ААТ “Асіповічыаграпрамтэхзабеспячэнне” Мікалай Гвоздзь і намеснік галоўнага бухгалтара з “Лапічаў” Марына Марталішвілі. На моладзь у нас асаблівыя спадзяванні!
Свята не было б поўным без удзелу ў ім самадзейных артыстаў раёна, чые цікавыя нумары таксама сталі выдатнымі падарункамі.
А 17 лістапада дэлегацыя Асіповіччыны, якую ўзначаліў старшыня райвыканкама Павел Налівайка, прыняла ўдзел у абласным мерапрыемстве, прымеркаваным да прафесійнага свята аграрыяў і перапрацоўшчыкаў. Разам з другімі лепшымі працаўнікамі АПК Магілёўшчыны Ганаровай граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання ўзнагароджана і аператар па штучным асемяненні буйной рагатай жывёлы з ААТ “Каменічы” Жанна Ляшчун.
Валянціна КОРБАЛЬ. Фота Ніны ЦАРЫК.