Майстар сваёй справы
На палях раёна працягваюцца восеньскія палявыя работы. Адной з галоўных задач, якія стаяць сёння перад працаўнікамі сельскай гаспадаркі, з’яўляецца якасная сяўба азімых збожжавых культур у аптымальныя агратэхнічныя тэрміны.
Яе выкананне немагчыма без своечасовай і эфектыўнай перадпасяўной апрацоўкі глебы: для таго, каб насенне дало добрыя ўсходы, неабходна стварыць усе перадумовы, якасна апрацаваўшы зямлю-карміцельку. Сярод тых, хто займаецца зараз падрыхтоўкай глебы, ёсць і механізатар КСУП «Судкова» К.У. Цішкавец.
Пасведчанне механізатара Канстанцін Уладзіміравіч атрымаў у 1989 годзе разам з атэстатам сталасці пасля заканчэння сярэдняй школы ў Вялікіх Аўцюках Калінкавіцкага раёна. Яго дзіцячыя гады прайшлі ў суседняй вёсцы Ужынец, так што Канстанцін Уладзіміравіч з добрай усмешкай зазначае, што напалову лічыць сябе аўцюкоўцам. А гэты народ добра вядомы ў нашай Беларусі і за яе межамі не толькі сваім яркім і самабытным пачуццём гумару, але і руплівасцю, стараннасцю і працавітасцю. Потым сям’я бацькоў пераехала ў наш раён. Жылі ў вёсцы Дуброва, а Канстанцін працаваў у КСУП «Імя І.П. Мележа».
У 1998 годзе, пасля жаніцьбы маладога механізатара сям’я пераехала ў Судкова, з таго часу К.У. Цішкавец і працуе ў гэтай аднайменнай гаспадарцы. Цікавы факт: калі механізатар уладкоўваўся ў КСУП «Судкова», ён атрымаў новенькі трактар К-700. І працуе на гэтым «Кіраўцы» да сённяшняга дня. За гэтыя два дзесяцігоддзі і механізатар, і трактар зарэкамендавалі сябе толькі з лепшага боку.
– Выдатная тэхніка, – гаворыць К.У. Цішкавец, – надзейная, трывалая. Магчыма, сённяшнія трактары з электроннай начынкай больш сучасныя і многафункцыянальныя. Але на маім механічным «Кіраўцы» можна на месцы ўхіліць любую няспраўнасць, ды і адпрацаваў ён 20 год без буйных паломак. А ў зімовае міжсезонне можна правесці эфектыўную прафілактыку, ухіліць няспраўнасці ў час падрыхтоўкі тэхнікі да веснавых палявых работ.
Па словах К.У. Цішкаўца, не падводзіць яго «Кіравец» і сёння. А гэта вельмі важна менавіта зараз, бо ў гэтыя восеньскія дні на трактар выпадае падвоеная, дзвюхзменная нагрузка: днём ён заняты на дыскаванні глебы, а ноччу за руль «Кіраўца» садзіцца другі механізатар і праводзіць трамбоўку зялёнай масы на нарыхтоўцы кукурузнага сіласу.
Думаецца, што ў такім бесперабойным і надзейным функцыяніраванні тэхнікі бясспрэчная заслуга самога Канстанціна Уладзіміравіча: наўрад ці так выдатна работала яна без беражлівых і майстэрскіх да яе адносін.
А тое, што працуе К.У. Цішкавец не толькі старанна, але і па-майстэрску, пацвярджае і той, факт, што сёлета яго імя занесена на раённую Дошку гонару, і ён афіцыйна названы ў ліку «Лепшых работнікаў сельскай гаспадаркі».
Кожны дзень ад ранку і да самага вечару працуе ён у полі. За доўгі час свайго механізатарскага стажу К.У. Цішкавец займаўся рознымі работамі, але больш за ўсё – падрыхтоўкай і распрацоўкай глебы. Пытаюся: не сумна аднаму ў полі? Канстанцін Уладзіміравіч толькі ўсміхаецца ў адказ і цярпліва тлумачыць, што ў полі ён зусім не адзін. Бо адразу за ім, па апрацаванаму яго дыскамі полю ідзе трактар з дыскатарам для больш дакладнай падрыхтоўкі зямлі. А адразу за ім на ніву, у адпаведнасці з тэхналогіямі сяўбы, выходзіць трактар з сеялкай. Проста, дакладна і эфектыўна працуе гэты палявы канвеер, даючы, тым самым, надзею на паспяховую перазімоўку культур і высокі ўраджай у будучым годзе.
Віктар НАЗАРАНКА.
Фота Алены СМУСЯНОК.