Надвор’е не спрыяе хлебаробам
Жніво ў Магілёўскай вобласці пачнецца не раней за 25 ліпеня, але і гэтая дата залежыць ад надвор’я: старт уборачнай кампаніі магчымы пры ўмове спынення дажджоў. А пакуль, у перапынках паміж ападкамі, з палёў убіраюць азімы рапс, перадае навіны рэгіёна тэлерадыёкампанія “Магілёў”.
Да масавай уборкі збожжавых культур аграрыі вобласці пакуль не прыступілі: за час ападкаў зерне набрала вільгаці, таму сяляне чакаюць вяртання ясных і сухіх летніх дзён. Выключэнне тут склалі толькі 100 га ў Глускім раёне, якія трэба было ўбраць тэрмінова. Збожжавыя ў Магілёўскай вобласці растуць на 320 тысячах гектараў. Што да рапсу, то цяпер поўнай хадою ўбіраюць азімыя пасевы ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах рэгіёна. Увогуле трэба ўбраць рапс з палёў на 47 тысячах гектараў, цяпер убралі меней за 20 працэнтаў, яравы рапс, прынамсі, у Крычаўскім раёне яшчэ цвіце. Рапс, як вядома, перапрацоўваюць на тэхнічнае масла, а таксама дадаюць у корм для жывёлы. Вялікія работы на палях яшчэ наперадзе.
Не назіралася на гэтым тыдні актыўнасці на палях і ў Глускім раёне: дажджы пераўвільгатнілі глебу, шмат дзе было вельмі гразка і тэхніка прайсці не магла. Па гэтай прычыне і тэмпы работ, і колькасць зробленага за некалькі дзён не надта змяніліся. Так, па стане на раніцу 19 ліпеня ў раёне зжата 139 гектараў трыцікале, з якіх намалочана 314 тон збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 22,6 цэнтнера на круг, пры гэтым самымі ўрадлівымі палеткамі пакуль што можна назваць палеткі мясцовага райаграпрамтэхзабеспячэння, дзе з кожнага гектара зараз намалочваюць па 25 цэнтнераў трыцікале.
Паказчыкам 25 364 тоны характарызуецца ў раёне нарыхтоўка сенажу, гэта 42 працэнты ад таго, што неабходна назапасіць, дзве гаспадаркі перайшлі 50-працэнтны рубеж, гэта аграфірма “Слаўгарадскі” (58 %) і РАПТЗ (52 %). Дарэчы, “слаўгарадчане” — лідары і па колькасці нарыхтаванага сенажу, на іх рахунку 9 108 тон. Калі гаварыць увогуле пра кармавыя адзінкі на ўмоўную галаву, то іх па раёне зараз маецца 7,51 цэнтнера. Найбольш адчувальны рацыён для свайго статка нарыхтавалі ў райаграпрамтэхзабеспячэнні — 12,14 ц к. адз. на кожную ўмоўную галаву, гэта зараз вышэйшы паказчык па раёне, але менш, чым было ў гэтай гаспадарцы на такую ж дату летась — 15,59. Па-ранейшаму самы сціплы пазчык па кармах пакуль што ў эксперыментальнай базе, дзе на ўмоўную галаву нарыхтавана ўсяго 4,40 цэнтнера кармавых адзінак.
Т. ЛУГАВАЯ