Прафсаюзы ўзнагародзілі перадавікоў корманарыхтоўкі
Старшынёй раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Таццянай Мікалаеўнай Альшэўскай падпісана пастанова аб задачах прафарганізацый па ўдзеле ў падрыхтоўцы і правядзенні нарыхтоўкі кармоў у 2018 годзе. Пастанова прадугледжвае ўзнагароджванне перадавых работнікаў, занятых на корманарыхтоўцы. Пераможцамі прызнаюцца механізатары, якія працуюць на корманарыхтоўчых агрэгатах і якія нарыхтоўваюць сянаж у стрэйч-плёнку. Так, па стане на 9 ліпеня механізатар ААТ “Даватарскі” Вячаслаў Смірноў першым у раёне на агрэгаце КВК-800 змог змяльчыць амаль дзевяць тысяч тон зялёнай масы. На той дзень мужчына запісаў на свой рахунак 8.806 тон “зялёнкі”. З самага пачатку масавай касавіцы лідзіруючыя пазіцыі сярод сельгаспрадпрыемстваў раёна займаюць механізатары ААТ “Жвіранка” Віктар Цімафееў і ААТ “Агратэхсэрвіс” Сяргей Балай. Першы на трактары МТЗ-3022 у счэпе з агрэгатам “Ралант-375” нарыхтаваў у стрэйч-плёнку 2.541 тону сенажу. Другі на аналагічным трактары ў счэпе з агрэгатам ППУ-1250 нарыхтаваў 1.700 тон высакаякасных кармоў для буйной рагатай жывёлы.
Павіншаваць перадавікоў з высокімі дасягненнямі ў працы прыехалі старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Таццяна Мікалаеўна Альшэўская і намеснік начальніка па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Ірына Генадзьеўна Міхалёнак. Механізатары атрымалі дыпломы пераможцаў, а таксама грашовыя прэміі.
Сяргей РАЙЧОНАК.