У гаспадарках раёна працягваецца нарыхтоўка кармоў з траў другога ўкосу. Напрыклад, у нядзелю, 8 ліпеня, механізатары ААТ “Новае жыццё” Віктар Буйко і Дзмітрый Юрашчык скасілі іх 70 гектараў. Адначасова на тых угоддзях, дзе маса дастаткова правялілася, яе здрабнялі на сянаж Іван Антановіч і Сяргей Бандзік. Яны вызвалілі плошчу ў 72 гектары. А каля МТФ “Жанкавічы” закрылі сянажную траншэю, на запаўненне якой затрачана два з палавінай дня.
У гэты дзень нарыхтоўвалі сянаж таксама механізатары ЗАТ “Агракамбінат Нясвіжскі”, яны вызвалілі плошчу ў 85 га. А ў СВК “Агракамбінат Сноў” назапашвалі сена. Яго звезлі з 52 гектараў.
У цэлым па раёне па стане на 9 ліпеня траў другога ўкосу скошана 5007 га, убрана 4828 га. На 1 умоўную галаву жывёлы нарыхтавана па 5,79 цэнтнера кармавых адзінак.