Усе сельгаспрадпрыемствы Карэліччыны паставілі канчатковую кропку ў корманарыхтоўцы з першага ўкосу траў. Самы час падвесці вынікі шматдзённай працы аграрыяў, якія, мяркуючы па статыстычных дадзеных, не могуць не радаваць.
– Першы этап корманарыхтоўчай кампаніі бягучага года завершаны з добрымі паказчыкамі, – адзначыў начальнік аддзела арганізацыі вытворчасці і механізацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Карэліцкага райвыканкама Генадзій Аляксеевіч Белы. – Дасягненню задавальняючых вынікаў у значнай ступені спрыяла надвор’е. У пачатку мая было дастаткова вільгаці, дзякуючы чаму травы першага ўкосу пайшлі ў рост. Калі аграрыі пачалі касьбу, сушку сена і закладку сенажу, усталявалася сухое сонечнае надвор’е, якое дазволіла нам максімальна выкарыстаць кожны гектар пашаў і сенажацяў. Да таго ж, да корманарыхтоўкі -2018 прыступілі раней, чым у мінулым годзе.
Гаворачы мовай лічбаў, раённыя вынікі нарыхтоўкі кармоў з першага ўкосу выглядаюць наступным чынам: скошана 16108 га траў, нарыхтавана 8427 тон сена, закладзена 85717 тон сенажу, атрымана 28046 тон кармавых адзінак, у тым ліку 9,9 цэнтнераў кормаадзінак на ўмоўную галаву жывёліны.
У абласной зводцы сельскагаспадарчых работ раён па некалькіх пазіцыях займае ганаровае першае месца. Так, нашы аграрыі раёна найлепшым чынам справіліся з нарыхтоўкай сена і выканалі агульны план на 87% пры сярэднеабласной лічбе 51%. Тое ж самае можна сказаць і пра закладку сенажу: 55% ад запланаванай агульнай колькасці, якіх дасягнуў Карэліцкі раён, з’яўляюцца лепшым вынікам у Гродзенскай вобласці. Працэнт нарыхтаваных травяністых кармоў у стрэйч-плёнцы таксама добры – 17%, што вышэй сярэднеабласнога ўзроўню.
Агульнымі намаганнямі гаспадарак раёна атрымана 28046 тон кармавых адзінак, што складае 136% да ўзроўню мінулага года. Па гэтаму паказчыку Карэліччына саступае толькі Смаргонскаму раёну, дзе працэнтны вынік складае 142%.
Чарговы рэкорд аграрыяў Карэліччыны – 9,9 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёліны. Менавіта гэты паказчык з’яўляецца не толькі самым высокім у вобласці, але і даў найвышэйшы прырост да выніку мінулага года (+ 2,4), што дазволіла і сярэднеабласной лічбе пайсці ўверх.
– Корманарыхтоўка з першага ўкосу паступова перайшла ў наступны этап – нарыхтоўку кармоў з другога ўкосу, да якога прыступіла палова гаспадарак Карэліччыны, – адзначыў Генадзій Белы. – У бліжэйшы час, пакуль не пачалася ўборачная кампанія, усе намаганні працаўнікоў будуць накіраваны менавіта на нарыхтоўку якасных кармоў на будучы зімовы перыяд.
Аксана ЯНУШ.
Фота аўтара.