Лоеўшчына багатая на працавітых людзей

Источник материала:  
25.06.2018 —

Лоеўшчына багатая на людзей, якія ўмеюць прафесійна выконваць даручэнні, ахвяраваць асабістым часам у імя агульнай справы, самастойна вырашаць усе праблемы, працаваць на сумленне (яно дагэтуль застаецца галоўным суддзёй іх учынкаў). Яны саромеюцца ўвагі з боку журналістаў, з захапленнем распавядаюць пра працу і шчыра перажываюць за вынікі. Менавіта з такіх працаўнікоў складаецца касцяк вяскоўцаў, якія клапоцяцца пра хлеб, малако і мяса, пра харчовую бяспеку краіны ў цэлым.
Лоеўшчына багатая на працавітых людзейВасіль РУБІН больш за 20 гадоў працуе ў сельгаспрадпрыемстве. Выконвае любое даручэнне без лішніх размоў. “У асноўным я адказваю за пасяўную і корманарыхтоўку”, — падкрэслівае Васіль Васільевіч. Ён не раска-звае, што для захавання атрымальных тэрмінаў часта на досвітку выязджае з мехдвара, уласнаручна настройвае сеялку, каб нормы высеву зерня і глыбіня яго задзелкі ў глебу адпавядалі тэхналогіі. Ад гэтага чалавека не пачуеш скаргі на цяжкасці.
Даручаную тэхніку даглядае нібы ўласную. Інакш не можа. За сваё жыццё столькі розных вузлоў і агрэгатаў перабраў уласнымі рукамі, што і не злічыць. Мабыць, таму і не сядзіць склаўшы рукі. Не так даўно зламаўся яго жалезны памочнік, а неабходнай запчасткі ў гаспадарцы няма, грошай на яе набыццё — таксама. Іншы ўжо б ультыматум кіраўніцтву ставіў: маўляў, умоў няма для работы. А Васіль Васільевіч чакаць нікога не стаў — спытаў у знаёмых уласнікаў аўтамабіляў, перабраў “жалезкі” дома, на мехдвары і ў хуткім часе знайшоў з чаго змайстраваць патрэбную дэталь.
Калі мы наведаліся на мехдвор на днях, ён зноў нешта то адкручваў, то падціскаў на давераным МТЗ-1221. Ён імкнуўся хутчэй скончыць работу, каб зноў паехаць на луг. “Сёлета травы на пойме — мора, паспець бы ў час скасіць яе, — дзеліцца механізатар. — Граблі нам у гаспадарку патрэбны, каб своечасова згрэбці сена”. Відавочна, што чалавек сэрцам перажывае за справу і супакоіцца толькі тады, калі цюкі з духмяных кармоў зоймуць сваё месца пад навесам сенасховішча.
Чалавек просты, адкрыты, шчыры, добры, сумленны, адказны, надзейны. З ім прыемна размаўляць. На такіх, як ён, прынята раўняцца. Хочацца ад душы падзякаваць яму за неабыякавасць і пажадаць здзяйснення любой задумкі.
Лоеўшчына багатая на працавітых людзейАлена ПАЗНЯК працуе ў сельгаспрадпрыемстве чацвёрты год, а даглядаць цялят на Майскай малочна-таварнай ферме згадзілася толькі ў бягучым годзе. Нядаўна перадала іншаму жывёлаводу 42 галавы маладняка буйной рагатай жывёлы. Пад яе апекай засталося 94 цяляткі ўзростам ад 1 дня да 3 месяцаў, 50 з іх патрэбна выпайваць з соскі. Напэўна, мала хто з нашых чытачоў уяўляе сабе такі вялікі аб’ём работы. Шмат сіл і цярпення трэба, каб вывучыць кожную чацвераногую малечу піць малако, есці камбінаваныя кармы, аздобленыя вітамінамі, патрэбнымі для развіцця і росту. А колькі хваляванняў даводзіцца перажыць, калі хто-небудзь з іх пачынае хварэць. Ветурача ў гаспадарцы няма. Дапамогу аказваюць супрацоўнікі раённай ветслужбы. “Іншы раз даводзіцца самой вырашаць пытанні хуткай дапамогі сваім падапечным,” — дзеліцца Алена. — Шкада іх, маленькіх, бездапаможных”.
Сама жанчына з мясцовых, таму да цяжкага побыту звычная.
— Працаваць даводзіцца шмат, а ці вялікі заробак? — не ўтрымліваюся ад хвалюючага многіх жыхароў Лоеўшчыны пытання.
— За мінулы месяц атрымала больш за 2000 рублёў, — адказвае Алена Пятроўна.
— Пра такія грошы многія жыхары гарпасёлка толькі мараць.
— У нас кожную капейку адпрацаваць трэба. Каб атрымаць такую суму, мне патрэбна было даглядаць фактычна чатыры групы цялят. У сярэднім за суткі бычкі прыбаўлялі ў вазе па 800 грамаў, цёлачкі — па 600. Я амаль увесь час жыву на ферме: з раніцы да самай цемры тут. Збегаю дамоў паесці, ды дзіця пабачыць і зноў на работу спяшаюся. Добра, што маці дапамагае ва ўсім.
Дзякую Алене за час, патрачаны на размову, і спяшаюся да даільна-малочнага блоку.
— Дзе загадчык? — пытаюся ў мужчын, якія падпраўляюць кармавы стол у кароўніку.
— У суседнім сараі паглядзіце, — адказваюць яны.

Лоеўшчына багатая на працавітых людзейЗаглядваю ў памяшканне. Малады чалавек, падхваціўшы на рукі мяшок з камбікормам, хутка ідзе паўз кароў і сочыць, каб сумесь сыпалася максімальна блізка да жывёлы.
Знаёмімся. Перада мной — выконваючы абавязкі загадчыка ДМБ Арцём ПЛЮШЧАЙ. Аказалася, што ў дзень нашага наведвання ў гаспадарку Арцёму Валер’евічу споўнілася 25 гадоў. Сам з вясковых, родам з Бераснёўкі суседняга раёну. Нягледзячы на малады ўзрост, пабываў і папрацаваў у розных мясцінах, у тым ліку на тэры-торыі Расіі, на кандытарскай фабрыцы “Спартак”. Зараз жыццё закінула ў в. Майск. Ён, як і большасць неабыякавых, адказных працаўнікоў, прыходзіць на ферму ў 5 гадзін раніцы, а дамоў ідзе ў 11 вечара. Розныя пытанні даводзіцца вырашаць яму штодзень, але па-асабліваму гучыць яго голас і з’яўляецца агеньчык у вачах, калі назірае за маленькім жарабяткам. Відавочна, што любіць чалавек жывёлу.
Клопатаў на ферме сапраўды хапае. Трэба своечасова накарміць статак, напаіць, падаіць, праверыць якасць малака, прасачыць за адгрузкай яго на перапрацоўчы завод. Акрамя гэтага, нельга выпускаць з-пад увагі пытанні вакцынацыі, лячэння, навядзення парадку на рабочых месцах, прылягаючай тэрыторыі, своечасовай ачысткі памяшканняў, паілак і г.д. Усіх абавязкаў не пералічыш. Ды і не трэба. Кожны на ферме ведае, што без штодзённай карпатлівай працы добрага выніку не будзе.
Маладога загадчыка ў калектыве падтрымліваюць, бо бачаць яго зацікаўленасць, руплівасць, гаспадарчы падыход да справы. Можна было б патурбаваць эканамістаў і запісаць лічбы дасягнутых паказчыкаў. Але і без іх зразумела, што ў гэтым сельгаспадраздзяленні працуюць тыя, з каго іншым патрэбна браць прыклад.
Тэкст і фота
Людмілы Краўцовай, “ЛК”.

←Аграхолдынг пачынае жніво на Сенненшчыне

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика