Касавіца на Лоеўшчыне

Источник материала:  
15.06.2018 —

Касавіца на ЛоеўшчынеКасавіца. Чамусьці пры гучанні гэтага слова ва ўспамінах усплывае асаблівы водар духмянага сена з дзяцінства. Напэўна, зараз яго можна адчуць толькі тады, калі падсыхае на сонцы скошаная трава. Але механізатарам, якія адказваюць за корманарыхтоўку, некалі звяртаць увагу на гэта — перад імі стаіць важная задача: хутка і якасна касіць травы і зёлкавыя культуры, вырашчаныя на корм жывёле, звозіць іх у сіласныя ёмістасці, дзе зялёную масу ўтрамбоўваюць, дабаўляюць кансервант і закрываюць на доўгатэрміновае захаванне. У тым, што работа на палях кіпіць, мы пераканаліся, калі наведалі КСУП “Саўгас “Зара”.
Пасля заканчэння Хойніцкага ПТВ №183 Аляксандр Лявухін уладкаваўся на працу ў родную гаспадарку. Чатыры апошнія гады кіруе трактарам, выконваючы любую даручаную справу. За гэты час ён аб’ездзіў наваколле ўдоль і поперак. Пра што гаварыць, калі зараз за дзень яму даводзіцца па пяць і больш разоў курсіраваць з поля да сіласнай ёмістасці. Аляксандр Аляксандравіч з асаблівай увагай адносіцца да даверанай тэхнікі, бо разумее, што кожны дзень прастою ў гарачую пару адмоўна сказваецца на ўсіх напрамках сельгасвытворчасці.
— Недзе па 70 тон зялёнай масы за дзень нарыхтоўваем, — адзначае камбайнер КЗР Мікалай Ціханенка. Вопытнаму механізатару вагі не патрэбны — ён і так ведае, колькі машына можа забраць “зялёнкі” за рэйс. З 1990 года Мікалай Васільевіч працуе ў гаспадарцы. Прыехаўшы з сям’ёй пасля аварыі на ЧАЭС, застаўся на Лоеўшчыне і не шукае лепшай долі, лягчэйшага хлеба. Ведае, што рукі працавітага гаспадара самі свярбяць да работы, таму без справы ніколі не сядзіць.
А ўвогуле, некалі было механізатарам размаўляць — справа не чакае. Трэба паспець выканаць пастаўленыя задачы, пакуль пагода дазваляе.
НА ЗДЫМКУ: нарыхтоўка кармоў у КСУП “Саўгас “Зара”.
Людміла Краўцова, “ЛК”.
Фота Святланы Маторнай, “ЛК”.

 

←Редакционная диспетчерская

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика