На працягу апошняга тыдня на палях Карэліччыны было горача не толькі ад шчодрага сонечнага цяпла, але і ад плённай працы аграрыяў. Аб гэтым сведчаць раённыя паказчыкі, якія не стаяць на месцы, а паспяхова павялічваюцца з кожным днём.
Па дадзеных райсельгасхарчу, на 1 чэрвеня ў раёне скошана 7060 га траў з неабходных 16108 га, што складае 44% ад агульнай колькасці. Пры гэтым убрана 5572 га скошаных траў, альбо 79%. Актыўна працягваецца закладка сенажу ў сянажныя ямы. На першы дзень лета гэтая задача выканана на 20%. Усяго па раёне закладзена 31822 тоны сенажу з запланаваных 157250 тон. Да нарыхтоўкі сена прыступілі яшчэ не ўсе гаспадаркі Карэліччыны. Але аграрыі раёна не пакідаюць без увагі і гэты напрамак корманарыхтоўчай кампаніі: на ўчарашні дзень нарыхтавана 885 тон сена, што складае 9% ад неабходнай лічбы ў 9645 тон.
З пачатку корманарыхтоўчай кампаніі бягучага года сярод 10 сельгаспрадпрыемстваў раёна вылучыліся бясспрэчныя лідары, якія не саступаюць перадавыя пазіцыі і сёння: СВК “Жухавічы”, СВК “Свіцязянка-2003”, ДП “Лукі-Агра” і СВК “Маяк-Заполле”. Не сядзяць склаўшы рукі працаўнікі астатніх гаспадарак, а кожны сонечны дзень выкарыстоўваюць для паспяховай корманарыхтоўкі з траў першага ўкосу.
Каб даведацца, так яно ці не, адпраўляемся на люцэрнавае поле паблізу МТФ “Людвікава”, дзе адбываецца закладка сенажу ў невялікую траншэю аб’ёмам 400 тон. Транспартны рух на сенажаці агульнай плошчай 26 га як на магістралі. Тут працуюць “Ягуар”, дзве касілкі, граблі, разбівалка, 5 адзінак тэхнікі на адвозцы сенажу.
– Пры тэмпературы паветра вышэй 25 градусаў цяпла, як на працягу апошняга тыдня, уся тэхніка працуе адначасова, – адзначае галоўны аграном КСУП “Племзавод “Карэлічы” Яўгеній Анатольевіч Бусько. – Пасля таго, як пройдуць касілкі, праз гадзіну ўжо можна падбіраць і змяльчаць люцэрну, якая ўжо на карані з’яўляецца напалову гатовай для закладкі ў сянажныя ямы.
Усяго ў гаспадарцы падчас першага ўкосу плануецца скасіць 647 га пашняў, травы з якіх пойдуць на нарыхтоўку 9900 тон сенажу. З пастаўленай задачай аграрыі “Племзавода “Карэлічы” справіліся на 44% і 13% адпаведна.
У бліжэйшы час у сельгаспрадпрыемстве будзе выкарыстана сучасная тэхналогія “сянаж у палімернай упакоўцы”.
– Калі травяністы корм закатваюць у стрэйч-плёнку, ствараючы ідэальныя бескіслародныя ўмовы, ён лепш захоўвае цукар, пратэіны і іншыя неабходныя мікраэлементы, – дзеліцца Яўгеній Бусько. – Іншая справа, што кошт такой тэхналогіі дастаткова высокі.
У гаспадарцы добра разумеюць, што для атрымання высокіх надояў жывёле неабходна збалансаванае харчаванне. Менавіта таму да корманарыхтоўкі ставяцца з поўнай адказнасцю. Да таго ж можна гаварыць пра “жывыя” грошы: у гэтым годзе “Племзавод “Карэлічы” прадаваў лішкі кармоў у гаспадаркі суседняга Навагрудскага раёна.
– Калі не падвядуць надвор’е і тэхніка, плануем скончыць корманарыхтоўку з першага ўкосу да сярэдзіны чэрвеня, – адзначае галоўны аграном гаспадаркі. – Але гэта не азначае, што настане зацішша. Мы паступова пяройдзем у корманарыхтоўку з другога ўкосу.
Аксана ЯНУШ.
Фота аўтара.