Каб павялічваліся надоі малака (рэпартаж з МТФ «Сасноўцы» ААТ «Даватарскі»)
На календары апошнія дні мая. Гэта пачатак перыяду, калі пры пашавым утрыманні кароў пачынаюць павялічвацца надоі малака — аднаго з асноўных сельскагаспадарчых прадуктаў, які прыносіць грашовы прыбытак гаспадаркам. Пасля дажджоў зямлю сагравае сонца, што спрыяе хуткаму росту травы на пашы.
На полі, за былым шаркаўшчынскім цагельным заводам, утрымліваецца гурт кароў малочнатаварнай фермы “Сасноўцы” ААТ “Даватарскі” ў колькасці 160 галоў. У адзін з дзён мы трапілі туды, каб пацікавіцца, як праходзіць вячэрняе даенне.
Аператары машыннага даення імкліва завіхаліся каля сваіх рагуль, па чарзе адносячы напоўненыя сырадоем вёдры да бітонаў. За працэсам даення сачыла загадчыца фермы Аксана Цыунчык, якая і расказала нам пра падначалены ёй калектыў жывёлаводаў і яго працоўныя паказчыкі.
— Дойны статак з нашай фермы падзелены на два гурты, — кажа спецыяліст. — У дадзеным гурце налічваецца 160 кароў. Даенне праводзяць чатыры асноўныя аператары Алёна Слуцкая, Кацярына Лаздыньш, Валянціна Буйчонак і Яўгенія Дарожка. Дарэчы, сёння ў Яўгеніі выхадны дзень, таму яе падмяняе Раіса Коласава. Радуе нас тая акалічнасць, што кожныя суткі мы прыбаўляем у надоях малака прыкладна па 100—150 кілаграмаў з кожнага гурту. Канечне, гэтаму спрыяе не толькі добры травастой на пашы, але і сумленныя адносіны ўсіх жывёлаводаў, якія задзейнічаны ў працэсе выпасу кароў, іх кармленні і даенні.
Як мы даведаліся, загадчыца фермы працуе на гэтай пасадзе з 1 верасня мінулага года, а раней была поварам у Сасноўскай дзіцячы сад—пачатковай школе да моманту закрыцця навучальнай установы.
— Так, па жыццёвых абставінах прыйшлося змяніць кваліфікацыю, — крыху жартаўліва кажа Аксана, — але я ніколькі не шкадую. Мне дапамагаюць вопытныя спецыялісты гаспадаркі, тлумачаць, даюць дзейныя парады, каб мець станоўчыя вынікі ў рабоце.
Тым часам да гурту пад’ехаў начальнік вытворчага ўчастка Сяргей Чарняўскі. І хоць на работу падначаленага калектыву няма нараканняў, тым не менш, ён не толькі па службовых абавязках, але і па ўласнай ініцыятыве цікавіцца на месцы працэсам даення кароў.
Неўзабаве з цэнтральнай дарогі на пашу збочыў і грузавы аўтамабіль ЗІЛ-130. Вадзіцель Валерый Булан прывёз на ім аператара па штучным асемяненні кароў Таццяну Галуза.
— Да кожнага дойнага гурту асемянатар прыязджае тройчы на дзень, — кажа начальнік участка. — Да таго ж перыядычна тут бываюць галоўныя заатэхнік і ветэрынарны ўрач, якія клапоцяцца пра стан здароўя кароў і рацыён кармлення дойнага статка.
Пакуль ішло даенне, пастух Дзмітрый Слуцкі займаўся адвядзеннем чарговага загона для начнога выпасу кароў. Галоўнае, каб жывёла была накормлена і падчас ранішняга даення кілаграмы малака павялічваліся.
Сяргей РАЙЧОНАК.