Нарыхтоўка кармоў – адна з найважнейшых кампаній вяснова-летняга перыяду, ад якой залежыць не толькі паспяховая зімоўка буйной рагатай жывёлы, але колькасць і якасць мяса-малочнай вытворчасці раёна. Добра разумеючы гэта, аграрыі Карэліччыны актыўна ўключыліся ў корманарыхтоўку-2018.
– Амаль усе сельгаспрадпрыемствы раёна прыступілі да першага ўкосу шматгадовых траў, падчас якога ў раёне запланавана скасіць 16108 га, – адзначыў начальнік аддзела арганізацыі вытворчасці і механізацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Карэліцкага райвыканкама Генадзій Аляксеевіч Белы. – Найбольшы поспех па стану на 22 мая маюць СВК “Жухавічы” і ДП “Лукі-Агра”, дзе скошана 605 га і 280 га адпаведна. Агульнараённы паказчык складае 1307 га, ад якога ўбрана 741 га шматгадовых траў, альбо 57%.
Адначасова з касьбой траў ідзе закладка сенажу ў сянажныя ямы, да якой прыступілі пакуль што некалькі гаспадарак Карэліччыны: СВК “Маяк-Заполле” (закладзена 112 тон сенажу), СВК “Свіцязянка-2003” (100 тон), ДП “Лукі-Агра” (1054 тоны) і бясспрэчны лідар – СВК “Жухавічы”, дзе закладзена 1764 тоны сенажу. Безумоўна, на тое, якімі тэмпамі сёлета будзе ісці закладка зялёнай масы, вялікі ўплыў акажуць умовы надвор’я. Для паспяховай працы аграрыі спадзяюцца на сонечныя дні без ападкаў.
Не спыняецца на палях раёна хімпраполка сельскагаспадарчых культур. Па стану на 22 мая хімічна апрацавана 6288 га яравых зерневых і зернебабовых, што складае 74% ад агульнай лічбы 8481 га. У параўнанні з мінулым годам сёлета аграрыі ідуць з апярэджаннем у 16%.
Працягваецца другая хімпраполка цукровых буракоў. 6 з 10 гаспадарак раёна справіліся з пастаўленай задачай на 100%. Астатнія сельгаспрадпрыемствы таксама не стаяць на месцы, а плённа працуюць у гэтым напрамку.
Аксана ЯНУШ.
Фота аўтара.