Падарункі ветэранам
Па даўняй традыцыі перад Днём Перамогі райкам прафсаюза работнікаў АПК ушаноўвае ветэранаў працы і Вялікай Айчыннай вайны. У мінулы чацвер старшыня райкама Ірына Берднік з віншаваннямі і падарункамі завітала да “падшэфных” ветэранаў.
Цяжкі лёс выпаў на долю ветэрана працы Ніны Харытоненка. Сама родам з Навасёлак. У дзесяцігадовым узросце ў гады вайны Ніна Сямёнаўна дапамагала партызанам – насіла данясенні. Аднак хтосьці з вяскоўцаў здаў дзяўчынку немцам і яе схапілі і адправілі разам з землякамі ў канцлагер у Германію.
Шмат часу прайшло, пакуль савецкія войскі не вызвалілі пакутнікаў з палону. Шмат за гэты час давялося перажыць і пабачыць жудаснага дзяўчынцы. Бачыла Ніна, як немцы спальваюць у печах жывых людзей, бачыла, як здзекваюцца над палоннымі ў час допытаў…
У пасляваенны час Ніна Сямёнаўна працавала даяркай і цялятніцай у саўгасе “Навасёлкі”, потым засвоіла спецыяльнасць муляра-тынкоўшчыка. На заслужаны адпачынак пайшла з райжылкамгаса. Дарэчы, яго работнікі не забываюць сваю працаўніцу і наведваюць на святы з віншаваннямі і падарункамі.
Вельмі прыемна Ніне Сямёнаўне сустракаць такіх гасцей і ведаць, што яе памятаюць і не пакідаюць без увагі. Таму і віншаванні з нагоды свята Перамогі ад райкама прафсаюза работнікаў АПК яна сустрэла з удзячнасцю.
Шмат шчырых слоў выказаў шаноўным гасцям і ветэран Вялікай Айчыннай вайны з Вялікага Поля Міхаіл Кароткі. Міхаіл Малашкавіч у гэты дзень атрымаў адразу два падарункі: з рук старшыні прафкама КСУП “Чалюшчавічы” Людмілы Козінец – ад гаспадаркі, у якой ён працаваў працяглы час, і з рук Ірыны Берднік – ад райкама галіновага прафсаюза.
Падлеткам Міхаіл Малашкавіч трапіў у палон да немцаў. Аднойчы яму разам з сямю петрыкаўчанамі ўдалося ў час работ уцячы ад варты. І амаль адразу яны прымкнулі да партызанаў. Так апынуўся Міхаіл Кароткі ў партызанскім атрадзе імя Жданава брыгады Чапаева былой Беластоцкай вобласці, які потым злучыўся з 438-м стралковым палком 129-й стралковай дывізіі. Так, у ліпені 1944 года 17-гадовым юнаком ён стаў байцом Чырвонай Арміі.
У мястэчку Васількава Беластоцкай вобласці Міхаіл Кароткі прыняў першы бой. Потым былі фарсіраванне Нарава, Віслы, Кёнігсбергская аперацыя. Пра апошні бой Міхаілу Кароткаму да гэтага часу нагадвае медаль “За адвагу” і старыя раны ў нагах ад ранення кулямётнай чаргой.
Міхаіл Малашкавіч не застаецца без увагі: на святы яго наведваюць прадстаўнікі роднай гаспадаркі, дапамагаюць цімураўцы з мясцовай школы.
Дзмітрый БЯЛЬКО, фота аўтара.