Хто стане лепшым на сяўбе
Рашэнне аб арганізацыі штогадовага раённага спаборніцтва за своечасовае і якаснае правядзенне веснавой сяўбы прынята Глускім раённым выканаўчым камітэтам.
У спаборніцтве прымаюць удзел як сельскагаспадарчыя арганізацыі раёна, так і асобныя механізатары, занятыя на апрацоўцы і падрыхтоўцы глебы, унясенні мінеральных і арганічных удабрэнняў, на сяўбе зерневых і іншых культур. Пераможцамі будуць прызнаны тыя сельгасарганізацыі, якія выканаюць план яравой сяўбы ў разрэзе асноўных культур, правядуць яе з выкананнем агратэхнічных правілаў, кандыцыйным насеннем і ў аптымальныя тэрміны: для яравых зерневых і зернебабовых культур — за 12 дзён, а ўсю яравую сяўбу — да 20 мая.
У раённым спаборніцтве сярод механізатараў вызначаны намінацыі: “Унясенне мінеральных удабрэнняў”, “Унясенне арганічных удабрэнняў”, “Падрыхтоўка глебы (культывацыя, дыскаванне)”, “Сяўба яравых зерневых і зернебабовых культур”, “Сяўба кукурузы”, “Узворванне”.
Пераможцы спаборніцтва сярод сельскагаспадарчых арганізацый атрымаюць дыпломы адпаведных ступеняў, а таксама прэміі 40, 30 і 20 базавых велічынь адпаведна за 1-е, 2-е і 3-е месцы.
Дыпломы і прэміі ў адпаведнасці з занятым месцам прадугледжаны таксама і для пераможцаў-механізатараў: 8, 5 і 3 базавыя велічыні. Праўда, тыя работнікі, што парушалі працоўную дысцыпліну, тэхніку бяспекі, па чыёй віне мелі месца зрывы работы, на ўзнагароду разлічваць не могуць. Не трапяць у лік прызёраў таксама і гаспадаркі, у якіх на сяўбе будуць дапушчаны выпадкі цяжкага траўматызму.
Т. ЛУГАВАЯ