Вясновыя сельскагаспадарчыя работы на Карэліччыне набіраюць абароты. Яшчэ тыдзень таму зямля была ў поўнай нерухомасці. Сёння ж культыватары, дыскатары і сеялкі жвава рухаюцца па палях раёна, рыхтуючы глебу і закладваючы ўраджай 2018 года.
Сёлета ў сувязі з позняй вясной, якая не спяшалася ўступаць у свае правы, перад аграрыямі ўсіх сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна стаіць найважнейшая задача – сяўба павінна прайсці ў сціслыя тэрміны. Менавіта таму, разумеючы важнасць кожнай хвіліны вясновага дня, аграрыі максімальна выкарыстоўваюць кожны сонечны дзень, і работы на палях Карэліччыны не спыняюцца ні на хвіліну: па стану на 13 красавіка пад яравую сяўбу падрыхтавана 3616 га, альбо 17% ад агульных плошчаў, яравыя культуры пасеяны на плошчы 943 га, альбо 4 % ад агульных зямель, і гэтая лічба будзе павялічвацца з кожным днём.
Амаль ва ўсіх гаспадарках раёна завершана падкормка азімага рапсу і шматгадовых траў. Аграрыі Карэліччыны працягваюць уносіць мінеральныя ўгнаенні і арганіку пад яравыя. З пачатку вясны пад яравы сеў унесена 697 тон калійных угнаенняў і 203,4 тон арганічных.
– У сярэдзіне гэтага тыдня механізатары гаспадаркі прыступілі да сяўбы яравых культур. Першы дзень можна назваць пробным: пасеялі 15 га яравых культур, але плануем давесці гэтую лічбу да 70 га ў дзень, – дзеліцца ўпраўляючы ўчастка №1 СВК “Маяк-Заполле” Іван Пятровіч Гавака. – Безумоўна, калі параўноўваць з мінулым годам, сёлета пасяўная кампанія спазнілася. Але механізатары, якія з нецярпеннем чакалі вясновага цяпла, настроіліся на плённую працу з ранку да позняга вечара.
Як адзначае Іван Гавака, аб’ём пасяўных работ немалы. Запланавана пасеяць 336 га ячменю, 60 га яравой пшаніцы, 60 га гароху, 90 га зернебабовых культур, 50 га кукурузы на зерне і 450 га на сілас. Салодкасці ўраджаю 2018 года нададуць 450 га цукровых буракоў.
СВК “Маяк-Заполле” – адна з буйнейшых гаспадарак Карэліччыны. Таму і абстаноўка з мінеральнымі ўгнаеннямі ў сельгаспрадпрыемстве добрая: агульная забяспечанасць складае 79%. Паказчык па фосфарных угнаеннях, якія дастаткова танныя, – трэці па раёне, альбо 75% ад агульнай неабходнасці. Аграрыі “Маяка-Заполле” ўжо скончылі падкормку азімых збожжавых, азімага рапсу і шматгадовых траў. Працягваецца ўнясенне арганічных угнаенняў.
Механізатар СВК “Маяк-Заполле” Аляксандр Мікалаевіч Жук, які амаль тры дзясяткі гадоў выходзіць на вясеннюю раллю, філасофскі ставіцца да даручанай справы:
– Ведаеце, якую асалоду адчуваеш, калі едзеш у кабіне трактара і разумееш, што ты не проста працуеш, а закладаеш новае жыццё, якое зусім хутка дасць усходы.
Аксана ЯНУШ.
Фота аўтара.