Маладзёжны дэсант
Дапамога студэнтаў на ўборцы ўраджаю спатрэбіцца гаспадаркам 19 раёнаў Віцебскай вобласці.
Агульная колькасць заявак, якiя паступілi ў аблсельгасхарч ад гаспадарак, складае 5,8 тыс. чалавек. Найбольшая патрэба ў памочнiках у Віцебскім, Полацкім і Аршанскім раёнах.
— У iх гаспадарках вырошчваецца ў асноўным агародніна, на ўборцы якой не абысціся без дадатковых працоўных рэсурсаў, — адзначылі ў аблсельгасхарчы.
Акрамя гэтага, вяскоўцам спатрэбіцца дапамога студэнтаў на ўборцы бульбы і лёну.
Гаспадаркі Расонскага і Полацкага раёнаў разлічваюць убраць ураджай з дапамогай мясцовых старшакласнікаў.
Фарміраванне студэнцкіх атрадаў пачнецца ў канцы месяца. Арганізацыяй гэтай працы аблсельгасхарч займаецца разам з абласным камітэтам БРСМ. Убіраць ураджай на працягу верасня будуць студэнты практычна ўсіх ВНУ, навучэнцы ССНУ і ПТВ. Плануецца, што маладзёжны дэсант адправіцца ў сельскагаспадарчыя арганізацыі ўжо з 2 верасня.