У жыцці ўстановы “Рэдакцыя раённай газеты “Лепельскі край” адбылася прыемная падзея. Пярвічная прафсаюзная арганізацыя рэдакцыі сёлета заняла трэцяе месца ў аглядзе-конкурсе на лепшы калектыўны дагавор Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму ў 2019 годзе. Гэту вестку мы ўспрынялі з асаблівай радасцю. Калектыўны дагавор уключае ў сябе шмат пунктаў, дзе сярод іншых дакладна ўказаны памеры прэміяльных выплат да юбілейных дат, умовы, пры якіх аказваецца матэрыяльная падтрымка работнікаў, і г.д. Вельмі прыемна, што калектыўны дагавор раённай газеты “Лепельскі край” увайшоў у тройку лепшых Віцебскай вобласці.
Не менш прыемным сюрпрызам для калектыву рэдакцыі раённай газеты стаў і прыезд старшыні Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Алены Сабіравай.
– Я наведала ўстанову “Рэдакцыя раённай газеты “Лепельскі край” упершыню, але адзначу, што тут пануе цудоўная атмасфера ўзаемаразумення, падтрымкі і моцнага сяброўства. Я бачу дружны, зладжаны калектыў аднадумцаў, людзей, якія добра ведаюць і любяць сваю справу, – адзначыла Алена Сабірава.-– Вельмі хацелася б, каб гэтыя шчырыя, цёплыя адносіны захаваліся на доўгія гады, а раённая газета “Лепельскі край” была жаданым госцем у кожным доме і кожнай сям’і.
Разам з найлепшымі віншаваннямі Алена Сабірава ўручыла галоўнаму рэдактару ўстановы “Рэдакцыя раённай газеты “Лепельскі край” Святлане Вазняк Дыплом III ступені і памятны падарунак.
Са шчырымі словамі падзякі Святлана Аляксандраўна прыпаднесла памятны падарунак і Алене Сабіравай.
– Такі вялікі поспех – заслуга ўсяго калектыву ўстановы, вынік штодзённай зладжанай, адказнай і добрасумленнай работы. Спадзяюся, што колькасць нашых узнагарод будзе толькі павялічвацца, – адзначыла Святлана Вазняк.